Шрифт:
І, напісаўшы некалькі слоў на васкаванай таблічцы, аддаў яе Пятронію, які даручыў яе воміг аднесці да дому Вініція.
Ды перайшлі да нутранога портыку і, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалі гутарку.
Залатавалосая Эўніка й Ірас падсунулі ім пад ногі бронзавыя столячкі ды, прыставіўшы да лаўкі столік, пачалі ім наліваць у чашы віно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.
— Ці ведае хто з тваіх людзей таго вялізарнага ліга? — пытае Пятроні.
— Ведалі яго Атацын і Гул. Але Атацын забіты ўчора пры лектыцы, а Гула забіў я.
— Шкада мне яго, — бедаваў Пятроні. — Ён насіў на руках не толькі цябе, але й мяне.
— Я маніўся яго нат вызваліць, — тлумачыцца Вініць, — але досыць таго.
Гаворам аб Лігіі. Рым — гэта мора… — Перлы ловяць менавіта ў моры… Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немінуча. Ты цяпер вінаваціш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахібным толькі тады, калі быў кепска выкіраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што маніцца з усёй сям’ёй пераносіцца на Сіцылію. Такім чынам, дзяўчына і так была б ад цябе далёка.
— Паехаў бы за імі, — адказвае Вініць, — а прынамсі была б бяспечная, а цяпер, як тое дзіцянё памрэ, Папея й сама ўверыць ды ўталкуе цэзару, што гэта сталася з віны Лігіі.
— Так. Гэта турбуе таксама й мяне. Але гэна байстручанё, можа, яшчэ ачуняе. А калі б і памерла, знойдзем і тады нейкі выхад.
Тут Пятроні задумаўся на хвіліну дый кажа: — Папея нібыта жыдоўскае рэлігіі і верыць у злыя духі. Цэзар забабонны… Дык, калі распусцім вестку, што Лігію схапілі нячыстыя, павераць, тым больш, што калі не адабраў яе ані цэзар, ані Плаўт, знікла сапраўды таемным чынам. Ліг сам адзін не адолеў бы гэнага зрабіць, мусіў бы мець падмогу, а скуль бы нявольнік у адзін дзень мог бы сабраць столькі людзей?
— Нявольнікі дапамагаюць сабе ўзаемна ў цэлым Рыме.
— Які кроўю калісь за гэта заплаціць. Так, успамагаюцца, але не адзін супраць другога, а тут ведама было, што на тваіх спадзе адказнасць і кара.
Калі падсунеш сваім гадку аб злых духах, пацвердзяць адразу, што на ўласныя вочы бачылі, бо гэта іх адразу перад табою апраўдае… Паспрабуй спытай каторага, ці не бачыў, як неслі ў паветры Лігію, дык на эгіду Зэўса бажыцімецца зараз, што так і было.
Вініць, які таксама быў забабонны, зірнуў на Пятронія з наглай трывожлівасцю.
— Калі Урсус не мог мець памагатараў ды сам адзін не мог яе схапіць, дык хто яе схапіў?
Пятроні пачаў смяяцца.
— Бачыш, — кажа, — увераць, калі і ты ўжо верыш. Такі ўжо наш свет, які кпіць з багоў. Павераць і не будуць яе шукаць недзе далёка ад гораду ў якойнебудзь сваёй або тваёй вілле.
— Аднак жа, хто мог ёй дапамагчы?
— Ейныя сувернікі, — адказаў Пятроні.
— Якія? Якому ж боству яна аддае шанаванне? Я ж бы аб гэтым ведаў лепш за цябе.
— Кожная амаль жанчына ў Рыме паважае іншае боства. Няма сумніву, што Пампонія ўзгадавала яе ў веры таму боству, у якое верыць сама, а што там за боства, не ведаю. Адно ёсць пэўным, што ніхто яе не бачыў, каб у якой-небудзь з нашых святыняў яна давала ахвяры нашым багом. Абвінавачвалі яе нат, што яна хрысціянка, але гэта рэч непраўдападобная. Дамовы суд ачысціў яе ад гэтага закіду. Пра хрысціян гавораць, што не толькі аддаюць шанаванне аслячай галаве, але яны непрыяцелі роду чалавечага і дапушчаюцца найагіднейшых злачынстваў. Дык Пампонія не можа быць хрысціянкай, бо цнота яе добра ведамая, а непрыяцелька людскога роду не абходзілася б так з нявольнікамі, як яна абходзіцца.
— Нідзе так з імі не абходзяцца, як у Аўлаў, — дадаў Вініць.
— Дык бачыш. Пампонія згадвала мне аб нейкім Богу, што ёсць адзіны, усёмагутны й міласэрны. Дзе падзела ўсіх іншых, гэта ейная справа; даволі таго, што гэты ейны Логас не быў бы хіба надта ўсёмагутным, інакш кажучы, мусіў быць надта сціплым Богам, каб меў толькі дзве паклонніцы, Пампонію і Лігію, з прыдаткам іхняга Урсуса. Павінна быць іх больш, тых паклоннікаў, і тыя далі помач Лігіі.
— Гэная вера навучае прабачаць, — сказаў Вініць. — Спаткаў я ў Актэ Пампонію, якая сказала мне: «Хай табе Бог даруе крыўду, якую ты зрабіў Лігіі й нам».
— Відаць, іхні Бог — гэта нейкі куратар вельмі спагадлівы. Адыж хай табе даруе ды на знак прабачэння хай верне табе дзяўчыну.
— Ахвяраваў бы яму заўтра гекатомбу. Не хачу есці, ні купелі, ні сну.
Вазьму цёмную адзежыну ды пайду бадзяцца па горадзе. Можа, гэтак знайду яе хутчэй. Я хворы.
Пятроні паглядзеў на яго спагадліва. Праўда, вочы ў Вініція былі падсінелыя, біла з іх гарачка, твар зарослы, неабголены, знябыты, валасы скалмочаныя, выглядаў, як хворы. Ірас і залатавалосая Эўніка глядзелі на яго таксама спачувальна, але ён як бы й не бачыў іх, дый абодва з Пятроніем не звярталі ўвагі на прысутнасць нявольніц, як і на сутарлівых сабак.
— Гарачка цябе разбірае, — адазваўся Пятроні.
— Але.
— Дык паслухай мяне… Не ведаю, што параіў бы табе лекар, але ведаю, як на тваім мейсцы паступіў бы я. От, пакуль знойдзецца тая, пашукаў бы ў іншае таго, чаго табе разам з тамтою не хапае. Я бачыў у тваёй вілле стройных маладзіц. Не пярэч мне. Ведаю каханне, разумею нехаць да іншых, калі пажадаецца адной. Але ў прыгожай нявольніцы можна знайсці хоць хвілінную патолю… — Не хочу! — адрэзаў Вініць.
Але Пятроні, які сапраўды любіў яго ды хацеў асаладзіць ягонае гора, пачаў думаць-гадаць, як бы гэта зрабіць.