Шрифт:
— Ты ж прызнаваў яе заўсёды, нічога тут новага!
— Ёсць у ёй змест, якога не было раней.
Сказаўшы гэта, заклікаў Эўніку, якая ўвайшла ў белых строях, залатавалосая, не нявольніца ўжо даўняя, але моў багіня кахання і шчасця. Ён разняў перад ёю рукі і кліча: — Хадзі!
Прыбегла да яго і, сеўшы на каленях, апляла рукамі яму шыю, злажыла галованьку на грудзях. Вініць бачыў, як паволі ружавелі ейныя шчокі, як кунежыліся вочы. Разам у такой позе тварылі чароўную любоўную групу шчаслівых. Пятроні сягнуў рукою да плыткае вазы, стаяўшае на стале вобак, і, загарнуўшы цэлую жменю фіялак, пачаў абсыпаць імі голаў, грудзі й столу Эўнікі, пасля абсунуў туніку з ейных плечукоў і кажа: — Шчаслівы той, хто так, як я, знайшоў каханне, заварожанае ў такія формы… Часамі здаецца мне, што з нас двое багоў… Ну глянь ты сам: ці Праксытэлес, ці Мірон, ці Скопас або Лізыпас стварылі калі цудаўнейшыя лініі? Ці на Паросе або Пантэліконе існуе падобны мармур, цёплы, ружовы, закаханы? Ёсць людзі, што выцалоўваюць берагі вазаў, але я лепш буду шукаць раскошы там, дзе яе сапраўды можна знайсці.
Вымавіўшы гэта, пачаў вадзіць вуснамі па ейных плечукох і шыі, аж дрыготы яе спанавалі, то зачыняла, то адчыняла вочы, поўныя нявыказанае раскошы.
Пятроні па хвіліне падняў стройную галаву і, звярнуўшыся да Вініція, сказаў: — А цяпер падумай, чым ёсць у параўнанні з гэтым твае хрысціяне? І, калі не ўяўляеш розніцы, ідзі сабе да іх… Думаю, гэтае відовішча цябе вылечыць.
Пах кветак, напаўняючы залю, казытаў ноздры Вініція; ён збялеў; каб мог вадзіць так вуснамі па целе Лігіі, была б гэта хіба нейкая святакрадская раскоша, так магутная, што пасля хай бы сабе праваліўся ўвесь свет. Але, прызвычаены ўжо да самааналізу, змеркаваўся, што ў ім дзеецца: і ў гэнай хвіліне думае пра Лігію, толькі пра яе.
— Эўніка, — звяртаецца далікатна Пятроні, — загадай нам, боская мая, прыгатаваць вянкі на галовы ды снеданне.
Як яна пайшла, адзываецца да Вініція: — Маніўся яе вызваліць, а яна ведаеш, што адказала? «Лепей быць тваёй нявольніцай, чым жонкаю цэзара». І не згадзілася. Тады я даў ёй волю міма ведама. Прэтор зрабіў гэта мне так, што непатрэбная была ейная прысутнасць. Яна не ведае аб гэтым, як і не ведае аб тым, што ўсе мае каштоўнасці, за вынікам гэм, ёй належацімуць па маёй смерці.
Тое сказаўшы, устаў, прашпацыраваўся па залі і цягнуў далей: — Каханне пераіншвае адных больш, другіх менш, але пераіншыла й мяне. Калісь раскашаваўся я пахам вервены, а цяпер, калі Эўніка жадае фіялкі, і я палюбіў іх, і вось цэлую вясну дыхаем толькі фіялкамі.
Тут затрымаўся перад Вініціем і выгаворвае яму: — А ты заўсёды гонішся за нардам?
— Адкасніся! — бароніцца юнак.
— Я хацеў, каб ты прыгледзеўся Эўнікі, і кажу табе аб ёй таму, што мо і ты шукаеш далёка таго, што ёсць блізка. Можа, і да цябе рвецца дзе ў тваіх нявольніцкіх кубікулах сэрца вернае і шчырае. Прылажы гэткі бальзам да сваіх ран. Кажаш, Лігія кахае цябе? Быць можа! Але што ж гэта за каханне, якое цябе выракаецца?
Ці гэта не абазначае, што ня ёсць моцнае? Не, мілы, Лігія — гэта не Эўніка.
На гэта Вініць: — Усё гэта адна толькі пакута. Бачыў цябе, цалуючага Эўніку, і думалася тады мне: от каб мне так Лігія адкрыла сваю фігуру, дык праваліся ты пасля гэтага ўсё на свеце скрозь зямлю! Але сам толькі ўспамін пра гэта ўзняў жах ува мне так, як бы нераўнуючы памыкнуўся на вясталку або намагаўся зняславіць боства… Так, Лігія — гэта не Эўніка, толькі я йначай разумею гэтую розніцу, чым ты. Табе каханне змяніла ноздры, і прагнеш фіялкаў, не вервену, а мне змяніла душу, дык, міма майго гора, кахаю Лігію такою, як ёсць, не хачу такое, як іншыя.
Пятроні паціснуў здзіўлена плячыма.
— Як так, дык чаго ж крыўдуеш? Не разумею цябе.
На гэта Вініць з гарачкаю: — Так! Так!.. Мы ўжо не можам разумецца!
Ды зноў замоўклі на хвіліну, пасля Пятроні адзываецца: — А бадай тваіх хрысціян глынуў Гадэс! Атруцілі цябе немарасцю і зруйнавалі почувы жыцця. Бадай іх Гадэс! Дрэнна табе здаецца, што іхняя навука ёсць дабрадзейнай, бо дабрадзейным ёсць тое, што дае людзям шчасце, гэта знача: красу, каханне і моц, а яны завуць гэта марнасцяй. Нельга назваць іх і справядлівымі, бо калі за зло плаціцімем дабром, дык чым жа будзем плаціць за дабро?
А пры тым, калі за тое і за гэта адна будзе заплата, дык нашто быць добрым?
— Не, адплата ня ёсць аднолькавая, толькі яна зачынаецца ў жыцці будучым, не дачасным, так вучаць.
— Я пра тое не талкую: аб тым, ці штось там можна будзе бачыць… без вачэй, дык яшчэ паглядзімо. Прымеж таго, гэта ж недарэкі! Урсус задушыў Кратона, бо мае сталёвыя мускулы, але ж наагул яны хныкалы й вароны, будучыня да такіх не належаціме.
— Жыццё іхняе зачынаецца падчас смерці.
— Гэта як бы хто сказаў: дзень пачынаецца разам з ноччу. Ці маеш намер спаймаць Лігію?
— Не, не магу ёй злом за дабро плаціць, прысягнуў, што гэтага не рабіціму.
— Ці манішся прыняць Хрыстову навуку?
— Хачу, але натура хіба не сцерпіць яе.
— А ці здолеў бы забыцца пра Лігію?
— Не.
— Дык спрабуй турыстыкі.
Нявольнікі далажылі, што гатова снеданне, але Пятроні, якому здалося, што натрапіў на добрую думку, гаварыў далей, ідучы ў трыклініюм: — Аб’ездзіў ты кавалак свету, але толькі як ваяк, які заўсёды спяшае на загаданы пункт, не затрымоўваючыся ў дарозе. Едзем з намі ў Ахайю. Цэзар пакуль не развітаўся йшчэ з намерам туды паехаць. Будзе затрымоўвацца ўсюды па дарозе, пяяціме, вянкі збіраціме, святыні рабаваціме і ўрэшце вернецца, як трыўмфатар, у Італію. Будзе гэта нешта падобнае да карагоду Бахуса і Апалона ў адной асобе. Аўгустыяне, аўгустыянкі, тысячы цытраў — на Кастара! Варта гэта пабачыць, бо свет нічога падобнага не бачыў.