Рублевская Людмила
Шрифт:
Арсеніі часам здавалася, што бабуля Ірына здольная пашыць сабе новых сваякоў замест іх, няўдалых. І ў дзяцінстве нават вельмі баялася, атрымаўшы змайстраваную бабуляй ляльку-Золатавалоску, што хутка пад дробнае стукатанне голкі “Зінгера” з’явіцца і новая Ася. Прыгожая, залатакосая...
Цяпер прыходы “генеральш” у залатых завушніцах змяніліся рэдкімі візітамі “дваровых”, гэта значыць, суседак. “Дваровыя”, немаладыя, з гаспадарчымі сумкамі са штучнай скуры звычайна прасілі падшыць куплёныя на рынку спадніцы ці нагавіцы, пераліцаваць жакет, а калі й прыносілі ў дом свае тканіны, гэта былі вельмі практычнага колеру альбо прастадушна стракатыя адрэзы, ад якіх думалася не пра баль, а пра цырульню, пральню, гастраном… Але бабуля ніколі не скардзілася і не крытыкавала “кантынгент”.
Ася была мала падобная да бабулі Ірыны. Больш – да маці. А шкада. Хаця ногі бабулі пад старасць распухлі, цела заставалася хударлявым, твар – з рэзкаватымі рысамі, але прыцягальны, энергічна-іранічны… А матчыны (і ўласныя Асіны) рысы выяўлялі якасці, якія Арсенія ненавідзела: датклівасць, наіўнасць і чысціню, што межавала, на яе погляд, з дурноццем. Высокі лоб, асаблівая, нейкая дзіцячая, датклівая складка вуснаў… Так і хочацца самой сабе заехаць у фізіяномію. Як выглядаў іхні з сястрой бацька, Ася нават не ведала. Пасля таго, як ён яшчэ да нараджэння малодшай дачкі сышоў з сям’і, каб з’яднацца з чарговым палкім каханнем дзесьці ў Мардовіі, у доме былі старанна панішчаныя ўсе выявы “тхара”, як называлі блуднага татачку маці і бабуля. І – ніякіх згадак! Асіна старэйшая сястра Маргарыта таксама не магла ўнесці яснаты, бо цьмяна памятала тату, які бавіў болей часу ў камандзіроўках, чым дома, дый было ёй годзікі чатыры, калі ён знік. Запомніла толькі, што ўвесь час патрабаваў акуратнасці і цішыні, бо яму трэба дапрацоўваць чарговы праект чарговага сельскага клуба.
Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну “макулатуру” кудысь у кут, як смяццё. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем год таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзей за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым “шарачковым”. Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…
Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.
Ася проста не разумела, як магла ейная прыгажуня-сястра купіцца на такога Гошу… Ася ж расла ва ўсведамленні, што яна – пачварына ля прынцэсы, няўклюдны цень ружовашчокай, яснавокай Марго. Гэта было недасяжнае жыццё: бясконцае тэлефанаванне закаханых хлопчыкаў, гітарныя спевы ў дваровай альтанцы, бойкі-двубоі з няўмелым закосам пад моднае каратэ з-за аднаго Маргарытавага пагляду… Ася, у падлеткавым узросце няўклюдная, худзюшчая “батанка”, з доўгімі нагамі-запалкамі і няроўнымі зубамі з ганебнымі металёвымі скобкамі на іх, ніколі гэтага не мела, звыкла прабягаць праз двор, угнуўшы галаву з неахайнымі шэрымі хвосцікамі, і ўнікала школьных дыскатэкаў, як візіта да зубнога ўрача. Нічога, акрамя прыніжэнняў… І шчыра ўразілася, калі на сустрэчы выпускнікоў (пяць гадоў пасля апошняга школьнага званка!) ажно тры хлопцы прызналіся з затоенай крыўдай, што былі ў яе шчыра закаханыя, а яна, такая ганарлівая прыгажуня, іх адшыла… А яна тады думала, гэта асабліва тонкія здзекі…
Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і “спажывае” мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошыны ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абодва ў тэхнікуме выкладаюць.
І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны перад нявестчыным пад’ездам з усім ягоным пасагам: чамаданчыкам з майткамі, стосам кніжак і магнітафонам “Самсунг”. З’ясавалася, што прымаць нявестку ў сваёй кватэры, таксама “двушцы”, яны не разлічвалі. Праз год Маргарыта нарадзіла Косціка. А Гоша страціў працу трэці раз – і апошні. Бо дасюль шукае вартае сваёй выбітной эрудыцыі месца.
Таго, што пісала Ася, Гоша, вядома, не прачытаў, апраўдваючыся, што яму цяжка чытаць па-беларуску. Хаця два часопісы з яе аповедамі стаялі за шклом галоўнай шафы, побач з улюбёнымі бабулінымі парцалянавымі статуэткамі ў стылю “нямецкі кіч”. Можа, і лепей, што не чытаў, а то паздзекваўся б… Першы аповед называўся ”Закінутая хата” і распавядаў пра прывід маладога інсургента, які ў згаданай закінутай хаце праліваў начыма слёзы па сваёй каханай, якая ўцякла з расейскім жандарам. Другі аповед, “Зруйнаваны палац”, апісваў каханне юнага князя і прыгоннай актрысы, якую закатаваў бацька княжыча… Прывіды таксама меліся ў наяўнасці, у эпілогу яны, як належыць, луналі, стагналі і заклікалі да нашчадкаў… Твор-р-рчасць… Вартае жалю перайманне вядомага аўтара беларускага фэнтэзі Вячкі Скрыніча, у даславутым дзяцінстве, якое прайшло ў адным класе з Асінай сястрой, Славіка Скрынкіна. Славік, будучы Вячка, па ўспамінах Марго, нават на ўроках увесь час нешта запісваў у агульны сшытак… А Ася? За чатыры апошнія гады – адны накіды, дзесяці старонак няма. Нібыта набрала поўныя лёгкія паветра, стоячы над глыбокай ракой, а тая раптам узяла – ды ўся высахла. А няўдалая плыўчыха ўсё чакае, пакуль можна будзе даць нырца. Як казаў Асі адзін стары паэт, які даўно не піша вершаў: мордай аб асфальт табе трэба пару разоў, тады зможаш нешта вартае напісаць.
Ася не была ўпэўненая, што гэта правільны рэцэпт, старому паэту ён жа не дапамог, але правяраць на сабе неяк не хацелася.
Яна неяк чытала, што мастацтва развівалася па такой схеме: напачатку – мегалаграфія, захапленне агульным, адлюстраванне велічнага і вялікага. Потым – ропаграфія. Выяўленне дробных прадметаў, захапленне сузіраннем, разглядваннем, медытацыяй… І непазбежна ўсё сыходзіць да рыпараграфіі – адлюстравання адкідаў, усяго агіднага і заганнага.
Большасць Асіных аднагодкаў, што сцвярджаліся ў літаратуры, адзін за адным кідаліся найперш у абдоймы апошняй стадыі, спаборнічаючы ў скептыцызме, цынізме і цытаванні філосафаў, і назаўсёды замураваўшы ў школьных сшытках наіўныя меладычныя радкі пра любоў да радзімы і супрацьлеглага полу.
Ася не любіла кідацца некуды разам з усімі. А куды ёй хочацца самой – не ведала. Таму пакуль што яна фатаграфавала… паветра. Свой асабісты прывід. А што – паветра ж таксама матэрыяльнае… Трэба толькі, каб яму трошкі нехта падыграў – сухое лісце, пыл, вада, снег, пара – і ягоныя абрысы рабіліся відочнымі нават для недавяркаў. Вось, напрыклад, гэтае жнівеньскае паветра ля Шэрай Будыніны выяўляў першы сухі лісток, што зляцеў з таполі і лена кружляў, і яшчэ не ведаў, што ён памёр…
Калі Ася паведаміла сваім сямейнікам, што яе ўласную кватэру ўжо пабудавалі, і яна збіраецца хутка туды пераехаць, маці крыўданула, што дачка не дзялілася з ёй навінамі пра будоўлю, але ўсё-ткі накрыла ўрачысты стол… Бабуля паглядала на малодшую ўнучку з прыхаваным гонарам – яна цаніла ў людзях самастойнасць. А Гоша, падвыпіўшы, пачаў гучнагалосна наракаць на несправядлівасць – вось, Ася адзінокая, і ў яе цяпер будзе асобная кватэра. А яны з Марго – сямейныя, дзіця малое… І няхай бы Ася засталася тут, а іх пусціла пажыць у новую хату “по родственному”, альбо яны згодныя застацца тут, а няхай Ася забярэ з сабой маці і бабулю…