Рублевская Людмила
Шрифт:
– Не вам дзяліць на чужых і сваіх! – холадна сказаў Корб-Варановіч.—Калі вам невядома, я родам з Беларусі, як і ўсе мае продкі. Беларуская мова – мая родная мова, і я яе люблю не менш за вас. Так, люблю! – дацэнт павысіў голас, каб заглушыць насмешны гуд. – Не мая віна, што я нарадзіўся, калі не было беларускага універсітэту, і змушаны быў вучыцца ў Санкт-Пецябурзе і пісаць свае працы на расейскай.
– Вось і пішыце пра расейскую! Няма чаго прывязваць да яе нашу старажытную мову Скарыны і Літоўскіх статутаў! – гэта азваўся студэнт Аўтух Папара, які ўжо выдаў паэтычны зборнік, на які напісаў стрымана-ухвальную рэцэнзію сам Лукаш Бэндэ.
– Я – вучань Шахматава, Бадуэна дэ Куртэнэ і Яўхіма Карскага. Спадзяюся, вам хоць нешта кажуць гэтыя імёны. І я ніколі не здраджу акадэмічнай навуцы, дзеля якой мяне і запрасілі на Беларусь, – вусны Корб-Варановіча крывіліся ад пагарды да невукаў.– Як навуковец, я маю справу з фактамі, а не эмоцыямі. І раблю высновы не з таго, што мне заманецца. І не вы будзеце вызначаць тэмы маіх даследванняў. Мова нашая зусім не вывучаная, яе паходжанне, яе развіццё… Сёння і цяпер ствараюцца яе літаратурныя нормы. А тут непазбежныя дыскусіі. Кожны вучоны мае права на сваё меркаванне, калі здольны навукова яго абгрунтаваць.
– Мы ведаем вашае меркаванне: беларусы павінны гаварыць “ліцература, цеатр, гасударства, аўгуст, срэдства”… Падвучыце мову, дацэнт!—выкрыкнуў з-за спіны Алеся ягоны сябар, Хведар П’янкоў, як заўсёды, жывапісна жэстыкулюючы, за што яго празвалі на курсе “ветраком”.—Такіх, як вы, гнаць трэба! Хопіць з нас Ілавайскіх!
– А вам больш падабаецца казаць, як прапаноўвае ваш улюбёны самавук-акадэмік Лёсік, “уз’ярытованы, верадаваць, урымсціць, удыгаць, платэ, жанке, абразэ” і гэтак далей? От дзе “сапраўдная” літаратурная мова! – ноздры дацэнта пачалі драпежна раздзімацца. – А вучыць мяне будзеце тады, калі напішаце хаця б адно філалагічнае даследванне, якое нешта дадасць да беларускай лінгвістыкі. А наконт славянафіла Ілавайскага – дык я вам скажу, што калі б ён прачытаў зборнік маіх лекцый, дык нападаў бы на мяне з гэткім жа шалёным імпэтам, што і вы, толькі з іншага боку. І ўсвядомце – ніводзін сумленны выкладчык у вас залік замест мяне не прыме!
Цяпер Корб-Варановіч ледзь стрымліваўся, акадэмічная раўнавага з яго зляцела, як і не было, рукі сціскаліся ў кулакі. Выдатніца Вераніка Манцэвіч, высокая прыгажуня з залатой касой, схаванай пад чырвонай хусткай, і абуральна блакітнымі вачыма, весела закрычала:
– У такім выпадку нам згодзяцца і “несумленныя”! Такія, як Язэп Лёсік!
Алесь кінуў хуткі позірк на Вераніку:
– Правільна, Вераніка! Лёсік у турме за беларушчыну сядзеў, калі гэты філолаг у расейскіх імперыялістаў вучыўся!
Але агонь абурэння вакол суцішваўся: ісці на дацэнта з кулакамі ніхто не збіраўся, а той, глядзіш, вось-вось сарвецца… Шляхцюк недарэзаны… Аж вусны тузаюцца, а акуляры ледзь не сонечныя зайчыкі пускаюць.
Што можа быць прыемней сэрцу бунтоўнага студэнта, чым сузіранне нервовых канвульсій выкладчыка? Вяжэвіч адчуў, што аднакурснікі цягнуць ззаду за пінжак, ляпаюць па плячы… Хопіць, маўляў, пайшлі…
– Мы не будзем здаваць вам залік!
– Што за мітынг? – пагрозны крык змусіў студэнтаў суцішыцца. Дэкан педфака Міхал Уладзіміравіч, які ніколі голасу не падвышаў, і ўвогуле быў чалавекам выключнай далікатнасці, прабіраўся ў аўдыторыю, ягоны твар быў чырвоны ад гневу. — Прашу разысціся! Гэта універсітэт, а не карчма! Усе дыспуты – выключна цывілізаваным шляхам! У наступны аўторак – чарговае пасяджэнне Рады педфаку, вось, калі ласка, і прысылайце на яе сваіх дэлегатаў. А зараз папрашу вызваліць аўдыторыю.
Студэнты, насупіўшыся, пачалі пакідаць пакой, незадаволеныя, як гледачы Калізею, якім абвесцілі, што гладыятары скончыліся, і баёў сёння больш не адбудзецца. Алесь выскачыў адным з першых, расштурхаўшы таварышаў… Ды што ж гэта! Кругавая парука буржуйскіх кадраў! Ясная рэч, на камісіі зноў скажуць, што дацэнт Корб-Варановіч “уладае як юрыдыцыяй, гэтак і мэтадалогіяй мовазнаўства”, пачнуць згадваць ягоныя доследы па мове Скарынінскіх выданняў, працу над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы, артыкулы па вывучэнні беларускіх гаворак, шматлікія экспедыціі… Але Хведар П’янкоў мае рацыю – якое ўся гэтая лінгвістыка мае значэнне, калі робіцца чалавекам, што па прыродзе сваёй не можа раздзяліць гарачую любоў Алеся і ягоных таварышаў да Беларусі! Ён тут чужы! Ён мусіць з’ехаць! Але з гэнага гада ўсё – як з воску вада…
Алесю было б трохі лягчэй, калі б ён затрымаўся і пабачыў, як Хведар П’янкоў, выходзячы з аўдыторыі апошнім, павярнуўся да дацэнта і нягучна, але выразна, прамовіў:
– І падумайце, Апанас Іванавіч, як вы будзеце тлумачыць савецкай уладзе сваю сузязь з белабандытам Карыбутовічам. Ці далёка пагоны засунулі?
Так, відовішча спалатнелага твару Корб-Варановіча дакладна падняло б настрой Алесю.
Па шыбах павольна сцякалі халодныя слёзы травеньскага дажджу, абыякавыя, нібыта нехта плакаў проста таму, што звык сябе шкадаваць, хаця для шкадобы няма ніякіх відавочных падставаў.
Дэкан спачувальна і трохі трывожна глядзеў на калегу, які быў ягоным аднагодкам і нейкі час аднакурснікам па Піцерскім універсітэце.
– Апанас Іванавіч, прабачце, вядома, за недалікатнасць… Словы… як яго… студэнта П’янкова маюць пад сабою хоць цень праўды? Не, не, я ні ў чым вас не абвінавачваю і не хачу нічога выпытаць. Але… нехта ўпарта распускае чуткі, што вы ваявалі ў атрадзе Лаўрына Карыбутовіча.
Корб-Варановіч рэзка ўскінуў галаву:
– Я ведаю, хто распускае гэтыя чуткі! Нацыяналістычная хеўра, якая гатовая раздзерці за адно сцверджанне, што беларуская і руская мовы блізкія адна да адной!