Вход/Регистрация
Барвяны шчыт
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Івар! — сказала Ніка.

— Што?

— Не, нічога.

Нешта цямнела пад ярам. Проста закінутая царква. Яе не было ў той час, як прыходзіў Батыга. Значна пазней узвялі яе людзі, і не на самым месцы спаленага горада, а за валам, нібы баяліся старога месца, прымхліва думалі, што яно праклятае на векі вечныя. І пабудавалі тут, і нічога добрага з гэтай выдумкі не атрымалася. Пабудова як быццам засохла ў засені крывавых валоў: асінка пад іржавай скалой.

А над руінай уздымалася нібы вялізнае плато, вышэй за ўсе астатнія адхоны і стромы. Яно ляжала такое змрочнае, што веі Нікі здрыгануліся, нібы яна ўбачыла здань.

Дзень ужо згас, калі яны падняліся на крутаяр, не заўважыўшы вышыні вала, бо ён быў тут проста прадаўжэннем берага. Глянулі з вышыні на залаціста-сінюю раку. Рака спакойна прымала ў свае віры ноч.

…Перад імі ляжала нешта вялізнае, увагнутае, блакітнае і пустое, недзе далёка па акаёму акрэсленае цёмнымі, невысокімі, здавалася, валамі.

Яны спусціліся ўніз і апынуліся раптам у такім глухім маўчанні, што стаяла ніякава.

Уся гэтая катлавіна з яе бязмежнасцю і цішынёй, з блакітнымі ценямі і бязлюдствам нагадвала месячны кратэр.

Акрамя каменных і таксама нядаўніх слупоў і абваленых арак на адхоне — як сягае вока — нічога: ані каменя, ані руіны, ані дрэва. Нічога.

Цьмянела. На ультрамарынавым небе заварушылася нованароджаная зорка. А людзі ішлі ўсё далей ад Акі, да процілеглага краю мёртвага кратэра.

Падала ранняя раса, халадзіла ногі. Паабапал сцежкі цягнуліся рады чагосьці блакітнага. А Івар ішоў наперад, перад чужым хлопцам і не менш чужой цяпер жанчынай, і нешта сумна і гаротна сціскала ягонае сэрца.

Быў вялікі горад. І вось аднойчы падступіла пад яго забрала арда чужых людзей, якія жылі разбоем, як вялікія рыжыя мурашкі, і якіх ніхто не чакаў. Імчалі намётам, і была іх такая процьма, што нават людзі на вежах з жахам і гідлівасцю пачулі чужы пах. Пахла потам нямытых ад нараджэння цел і барановым лоем.

— Кху! Кху! Кху! — ляцеў з-пад частаколаў крык крумкача.

Яны знішчылі горад. Да апошняга бервяна. Апошнія абаронцы з малай дружыны Еўпація Калаўрата прыйшлі на папялішча і скамянелі ад гора. Колькі разоў потым даводзілася мужчынам славянскай зямлі стаяць на котлішчы і не ведаць, чый попел нясе унь той смерч?! Можа, попел збожжа, спаленага ў засеках, а можа, і попел сына?!

І Калаўрат гнаўся за Батыгай і сек ягоных нукераў так, што разжарваліся мячы… Разань манголы ўзялі толькі таму, што, перамогшы Кітай, узялі адтуль "парокі", сценабітныя машыны.

"Парокі" яны ўжылі і супраць маленькай раці жывых. І забілі.

І Батыга глядзеў на людзей, расціснутых пудовымі камяніскамі, з жахам і зайздрасцю:

"Былі б у мяне такія — трымаў бы іх супраць свайго сэрца".

Івар адчуваў, што ён быў бы бедны і слабы, — сляпое кацяня, забытае ў траве! — каб не жыў у ягоных жылах, разам з запалам сённяшняга змагання, дзень пагібелі Разані і, яшчэ больш, дзень Крутагор'я, у які яго, Івара, браты-беларусы ўратавалі ад татар славянскую і неславянскую поўнач.

І Цяпінскі, і Вячка, і Міхал Крычаўскі — усе яны былі ў ім. А ён быў — усе тыя людзі, што будуць. Усе.

Але што было да гэтага жанчыне, якая з неахвотай, толькі таму, што рабіць не было чаго, пайшла за ім на гэтую "экскурсію".

…Быў агонь… Быў потым жар… Цяпер нічога… Кратэр месяца.

Блакітныя радкі паабапал сцежкі — ён прыгнуўся, каб паглядзець, — аказаліся бульбай.

— Падсобныя гаспадаркі служачых, — сказаў Толік. — Нічыя зямля. Год як узаралі.

У бульбе сям-там нешта бялела, цьмяна і невыразна. Івар зрабіў некалькі крокаў па барознах і схіліўся.

— Што там? — спытала Ніка.

— Цэўка, — дзіўным (такога яна яшчэ не чула ў яго) голасам адказаў Івар. — Чалавечая.

Гэта была, сапраўды, галёначная косць. Івар асцярожна выйшаў да сцежкі… Ішлі доўгі час моўчкі.

— Чорт ведае што, — голас Івара сарваўся. — Што яны сабе думалі… служачыя?

Невымоўная пагарда прагучала ў яго тоне:

— Нельга такога… Не-льга… Першыя ж загінулі з усіх… Не ўваскрэслі… Горад лёг і не ўстаў… Бульба… Зямлі ім, падлам, мала, каб яны яе елі, зямлю тую, каб яны…

— Праўда, — сказаў Толік. — Непрыгожа. На могілках гарод развялі.

— Подла. Гэта ж суцэльныя могілкі. Тут невядома, дзе зямля, а дзе прах. Дык паважайце ж вы такую зямлю, гады. Не варушыце. Хай спяць…

Ён ніяк не мог супакоіцца і, нібы плуг жывых людзей, а не косці, вывальваў з зямлі, абурана кідаў словы.

— А каб яны бачылі, што гэты іхні мёртвы кратэр… не ўсё яшчэ на зямлі — помнік ім, няхай нават звычайны, з бетону… Тут — можна, бо яны ж бетону не бачылі.

— Дзяцей трэба сюды вадзіць, — змрочна і нібы засаромлена сказаў Толік.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: