Вход/Регистрация
Эсэ
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Сядзелі мы ў двары ў Кадоліча, пілі бярозавік, вельмі смачны, бо настоены на грушах. Стаяла ў кветніку чаромха-венік: метр з нечым вышыні — і ўся ў белай квецені. На платах, на сцяне хаты была цямнейшая адмеціна: так стаяла ў повень вада. Вышэй яна была хіба што ў 1891 годзе. Ну і што? Людзі ведалі нораў Прыпяці, а Прыпяць ведала стойкасць людзей.

— Вы што ж — на гару перасяліліся?

— Чаму-у? У хаце. Я на ложку, жонка — на печцы. 3 ложка адразу ў высокія боты — і пайшоў.

— Дык вільготна ж.

— Ад сырасці грубку палілі… Шчупачок у хлеў заплыў.

— Што, байка пра сама ў печцы?

— Як-кая байка. Жыццё — байка. Рака… Сама байка… Бачыце на чым сядзім?

Сядзім мы сапраўды на крэслах-тронах, зробленых з цэльнага дубовага стаўбура: таўшчэзны пень са спінкаю. Такія ставяць у паляўнічых гаспадарках для розных там "ахвотнічкаў" — тых, што ахвотна п'юць на іх "ахвотнічую" гарэлку і з якіх смяецца славуты паляўнічы анекдот:

— Гэх, ахвотнічкі, не туды вы панюхалі!

I вось паводка распарадзілася па-свойму. Уначы вада ішла дваром з шумам.

— Ранкам выйшаў — думаў дзве калоды пчаліныя прынесла ў двор… Штурхнуў нагою, яна крутанулася — аж не… Дык вось і сядзім…

Прыпяць ведала, што робіць. Сама прынесла ў двор свой дар, трон для ляснога, для свайго караля.

I мы сфатаграфавалі яго на гэтым троне.

I носяць, і носяць нас ногі… Сёння, у гэты халодны шэры ранак, яны нясуць нас на паром. Быў тут калісьці мост. Спалілі ў вайну. I вось на многія кіламетры паром застаўся адзінай ніццю, што звязвае левы бераг з правым. Едзе тэхніка, едзе розны груз, трактары, легкавушкі, машыны тэхнічнай дапамогі, аўтобусы, грузавікі з трубамі, драўнінай. I людзі, розныя людзі.

Сноўдае туды-сюды за кацерам платформа ў пятнаццаць метраў даўжыні і вязе за кожным разам пяцьдзесят тон жалеза і чалавечых лёсаў.

Прычал — "прыпарамак" з ушчэнт змачаленымі бярвеннямі і два паромы.

На рацэ Сіверка, над ракой шэранькі дзень і рэдкія, халодныя кроплі дажджу. Калі разварочваецца кацярок, то з-пад вінта б'е бура-празрыстая вада Прыпяці, вельмі падобная на піва. Змрочная вада. I невядома, чаго вязуць кудысьці ў такі сцюдзёны дзень малатарні, трактары з прычэпамі і тыпавыя платы для святкавання тысячагоддзя Турава.

Дошкі паромныя, залітыя саляркай, і ўсё адно ля чыгунных прычальных кнехтаў (такіх, як на караблі),

куды не заедзе кола машыны, зелянее траўка: неўмiручая сiла жыцця.

Разяваць зяпу тут не рэкамендуецца. Я, напрыклад, ледзь не застаўся без азадка, бо панесла легкавік. Добра, што паромшчык у ватоўцы і кедах вельмі падобны на акцёра, які іграў у "Дзецях капітана Гранта" маёра Мак-Нарса (толькі што зарослы шчэццю), адцягнуў.

— Тут аднаму ледзь уласнай машынай хрыбет не скруціло-о.

Ён махае рукамі (узвалокваюць аўтакран), гаворыць нешта дзяўчатам, уладальніцам чысцейшага палескага дыялекту і торбаў з голымі негрыцянкамі, дае нейкую параду бабульцы ў фартуху, нешта даводзіць дзядзьку, апранутаму у сэнсе колераў проста з парыжскім густам.

Зялёны капялюх, сіні гарнітур, ліловы гальштук. Начальнік.

— Моро машын возім.

— Колькі?

— Лічылі раз, каб плаціць. Збі-ліса-а. Нам плоцяць па пяць капеек з машыны, і грошай нам хапае — во! Па семдзесят пяць рублёў плоцяць… Часам пытаюць: "Колькі?" Не, у нас бясплатно. У Петрыкове дзвіжэння нема. Машын дваццаць перавязуць за дзень, і ўсё. А ў нас… і ноччу часом по одной возім. Не сядзець жа. А ў нядзелю толькі вазі, толькі вазі. Моро.

Па пяць капеек. Іх шэсць чалавек. Калі нават лічыць толькі іхнюю зарплату, то перавозяць яны дзевяць тысяч машын у месяц. Трыста ў дзень А ў святы?

I таму круглыя суткі і ўвесь час вольнай вады крэйсіруе паромам, жартуе, рагоча, плача, заляцаецца і сварыцца на гэтым пароме жывое Палессе.

Едуць дзеці і дарослыя, едуць вазы з сенам, едуць спявучыя вяселлі. і слёзныя хаўтуры (і вецер развейвае чорныя стужкі на крыжах).

Паром гайдаецца ад машын. Едуць бабулі ў бурках, і дзяўчаты ў джынсах, і маладзёны ў куртках пад скуру і з кудламі да спіны.

Едуць вайсковыя, малады хлопец заляцаецца да гожанькай цыганачкі. Едзе шафёр у клятчастым пінжаку, доўгі, як страла ягонага аўтакрана. I едзе другі шафёр з вусатым партрэтам за шклом (лёгкая фронда з дуляю ў кішэні), з доўгімі бачкамі і тварам, падобным на дулю здароваму сэнсу.

I можна сабе ўявіць, што такое гэты паром у святы, на нейкі фэст (па мясцоваму "кермаш"), калі ён аж гудзе ад стракатых, як восы і чмялі, баб і мужыкоў, калі ён вясёлкавы ад дзяўчат і цыганоў.

Тут, на гэтым пароме, мацаеш пульс гэтай зямлі. Тут гарлае яе лужоная глотка, тут стукае яе няспыннае сэрца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: