Сент-Экзюпери Антуан де
Шрифт:
У мяне такое адчуванне, быццам я захварэў. I лекар толькі што сказаў мне: «Справы дрэнь…» Значыць, трэба падумаць пра запавет, пра тых, хто заетаецца. Адным словам, мы з Дзютэртрам зразумелі, што заданне гэтае — безнадзейнае.
— Калі ўлічыць цяперашнія абставіны, — заключае маёр, — рызыку не выпадае браць у разлік…
Ну вядома. «Не выпадае». I ніхто тут невінаваты. Ні мы — у тым, што пасумнелі. Ні маёр — у тым, што яму ніякавата. Ні штаб — у тым, што аддае загады. Маёр хмурнее, таму што гэтыя загады бязглуздыя. Мы таксама гэта ведаем, як ведае гэта і сам штаб. Ён аддае загады, бо трэба аддаваць загады. I іх дастаўляюць рахманыя вершнікі або, што больш сучасна, матацыклісты. Там, дзе пануе хаос і адчай, адзін з такіх рахманых вершнікаў саскоквае з узмыленага каня. Быццам мудры вяшчун, ён паказвае будучыню. Ён прыносіць ісціну. I загады зноў ставяць усё на сваё месца.
Гэткая схема вайны. Так яе малююць на лубачных карцінках. I кожны, хто як можа стараецца, каб вайна нагадвала вайну. Дбайна, клапатліва. Кожны штосілы стараецца выконваць усе правілы гульні. Тады, можа, гэтая вайна злітуецца і стане падобная на вайну.
I толькі дзеля таго, каб яна была падобная на вайну, бязмэтна выракаюцца на гібель экіпажы самалётаў. Ніхто не хоча прызнаць, што гэтая вайна ні на што не падобная, што ўсё ў ёй — бяссэнсіца, што яна не ўкладваецца ані ў якія схемы, што людзі з сур'ёзным выглядам усё яшчэ тузаюць за ніткі, якія ўжо адарваліся ад лялек. Штабы з поўнай самасвядомасцю рассылаюць загады, якія нікуды не дойдуць. Ад нас патрабуюць звестак, якія немагчыма сабраць. Авіяцыя не можа ўзяць на сябе задачу растлумачваць штабам, што творыцца на вайне. Па дадзеных авіяцыйнай разведкі можна толькі праверыць гіпотэзы штабоў. Але не існуе болей ніякіх гіпотэз. Ад нейкай паўсотні лётных экіпажаў фактычна патрабуюць, каб яны прыдалі гэтай вайне нейкі лад ці сістэму, якіх і заваду няма. Да нас звяртаюцца, як да нейкага племені варажуноў. Я гляджу на Дзютэртра, на майго штурмана-варажуна. Учора ён спрачаўся з палкоўнікам дывізіі: «Ды як жа я засяку вам пазіцыі, калі буду ляцець у дзесяці метрах ад зямлі з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну?» — «Прашу прабачэння, але ж вы ўбачыце, адкуль у вас пачнуць біць! А раз б'юць — значыць, пазіцыі нямецкія».
— Ну і рагатаў жа я пасля гэтага, — закончыў Дзютэртр.
Справа ў тым, што французскія салдаты ніколі і ў вочы не бачылі французскіх самалётаў. Іх усяго тысяча, і яны распылены ад Дзюнкерка да Эльзаса. Дакладней кажучы, раствораны ў бязмежжы. Пагэтаму калі над фронтам праносіцца самалёт, можна не сумнявацца, што ён — нямецкі. I яго стараюцца збіць раней, чым ён паспее кінуць бомбы. На адзін толькі рокат у небе зеніткі адразу ж адкрываюць агонь.
— Нічога не скажаш, каштоўныя звесткі атрымліваюць яны пры такой методзе!.. — дадаў Дзютэртр.
А гэтыя звесткі павінны ж прымацца ў разлік, бо на вайне ж належыць прымаць у разлік дадзеныя разведкі!..
Так, але ж і ўся гэтая вайна нейкая шалая.
На шчасце — і мы гэта выдатна ведаем, — ніхто не будзе апірацца на нашы разведдадзеныя. Мы проста не зможам перадаць іх. Дарогі запруджаны. Тэлефонная сувязь парушана. Штаб спешна перабазіроўваецца. Важныя звесткі наконт варожых пазіцый падасць сам вораг. Днямі пад Лаонам мы абмяркоўвалі пытанне, дзе праходзіць лінія фронту. Мы пасылаем лейтэнанта да генерала, каб устанавіць з ім сувязь. На паўдарозе паміж нашай базай і генералам аўтамабіль лейтэнанта натыкаецца на дарожны каток, які перагароджвае шашу, — за ім прытаіліся дзве бронемашыны. Лейтэнант заварочвае назад. Але кулямётная чарга напавал скошвае яго і раніць шафёра. Бронемашыны аказаліся нямецкія.
Па сутнасці, штаб нагадвае вопытнага карцёжніка, з якім бы сталі раіцца з суседняга пакоя:
— Што мне рабіць з маёй віновай дамай?
Той паціснуў бы плячыма. Што ён можа параіць, калі не бачыць гульні?
Але штаб не мае права паціскаць плячыма. Калі ў яго руках яшчэ маюцца сякія-такія баявыя адзінкі, ён абавязаны пусціць іх у ход, каб трымаць пад сваім кантролем і выкарыстаць усе магчымасці, пакуль вайна яшчэ вядзецца. Хай сабе і ўсляпую, ён абавязаны дзейнічаць сам і прымушаць дзейнічаць іншых.
Але наўздагад вельмі цяжка вырашыць, што рабіць з дамай. Мы ўжо адзначылі, спачатку са здзіўленнем, потым як відавочнасць, што, калі пачынаецца разгром, работа не спыняецца. На першы погляд можа здацца, што пераможанага захліствае бясконцая плынь усялякіх праблем, што, каб вырашыць іх, ён не шкадуе ні сваёй пяхоты, ні артылерыі, ні танкаў, ні самалётаў… Але паражэнне найперш за ўсё начыста змятае ўсе праблемы. Усе карты ператасоўваюцца. I проста няўцям, што рабіць з самалётамі, з танкамі, з віновай дамай…
Добра пакруціўшы галаву, як бы найвыгодней згуляць ёю, карту наўздагад кідаюць на стол. Запаноўвае не ўздым, а разгубленасць. Уздым спадарожнічае толькі перамозе. Перамога знітоўвае, перамога будуе. I кожны да знямогі носіць камяні для яе гмаху.
А паражэнне апускае людзей у атмасферу разгубленасці, нуды, а галоўнае — бяссэнсіцы.
Бо яны перш за ўсё проста бессэнсоўныя, нашы заданні. I штодня ўсё болей бессэнсоўныя, усё болей згубныя і ўсё болей бязглуздыя. Тыя, хто аддае загады, не маюць іншых сродкаў затрымаць лавіну, — як толькі шпурнуць на стол свае апошнія казыры.
Мы з Дзютэртрам — казыры, і мы слухаем, што кажа нам маёр. Ён ставіць перад намі задачу на сёння. Мы павінны зрабіць дальні разведвальны палёт на вышыні дзесяць тысяч метраў, а па дарозе назад знізіцца да сямісот метраў і засекчы размяшчэнне танкаў у раёне Араса. Усё гэта ён выкладвае такім тонам, нібы тлумачыць:
— Потым павернеце на другую вуліцу направа і прастуйце да самай плошчы; там, на рагу, у кіёску купіце мне карабок запалак…
— Ясна, пан маёр.
Роўна гэтулькі ж карысці і ў нашым заданні. I ў словах, якімі яно даводзіцца, не болей лірызму.