Вход/Регистрация
Ваенны лётчык
вернуться

Сент-Экзюпери Антуан де

Шрифт:

Берлін. Перамір'е падпісана тры дні назад. Гітлер высадзіўся ў Англіі.

Няма пастуха для жанчын і дзяцей, але няма яго і для салдат. Генерал распараджаецца ад'ютантам. Міністр распараджаецца сакратаром. I, магчыма, ён здольны натхніць яго сваім красамоўствам. Аліяс распараджаецца лётнымі экіпажамі. I ён можа запаліць у іх гатоўнасць пайсці на смерць. Сяржант з ваеннага грузавіка распараджаецца дванаццаццю падначаленымі яму салдатамі. Але ён не мае сілы звязацца з кім іншым. Нават калі дапусціць, што нейкі геніяльны палкаводзец, які цудам здолеў усё акінуць вокам, прыдумае план нашага выратавання, то для здзяйснення свайго плана гэты палкаводзец будзе мець пад рукой толькі дваццаціметровы званковы правадок. А манеўровай сілай, неабходнай для перамогі, на другім канцы правадка яшчэ будзе існаваць сакратар.

I калі па дарогах брыдуць куды вочы глядзяць гэтыя салдаты з разбітых часцей, гэтыя воіны, якія апынуліся на вайне без работы, на іх абліччах няма таго адчаю, які прыпісваюць пераможаным патрыётам. Яны падсвядома прагнуць міру, гэта праўда. Але мір у іхніх вачах — усяго толькі канец гэтага неверагоднага вэрхалу, магчымасць зноў знайсці сябе, сваю асобу, хай сабе і самую сціплую. Гэтак стары шавец у сне забівае ў боты цвікі. I, забіваючы цвікі, ён выкоўвае свет.

I калі яны рушаць куды вочы глядзяць, то гэта ад усеагульнай неразбярыхі, якая раз'ядноўвае іх, а зусім не ад жаху перад смерцю. Іх нішто не жахае: яны спустошаны.

XVII

Існуе непарушны закон: пераможаных немагчыма адразу ператварыць у пераможцаў. Калі пра армію кажуць, што яна спачатку адступае, а цяпер дае адпор, то гэта ўсяго толькі слоўнае спрашчэнне, бо войска, якое адступала, і тое, якое зараз вядзе бой, — не адно і тое ж. Адступіўшая армія ўжо не была арміяй. I зусім не таму, што гэтыя салдаты былі не здольныя перамагаць, а таму, што адступленне руйнуе ўсялякія повязі — і матэрыяльныя, і духоўныя, — якія звязвалі людзей паміж сабою. Натоўп разрозненых салдат, якія пры адступленні прасачыліся ў тылы, замяняюць свежымі рэзервамі, якія дзейнічаюць, як адзіны арганізм. Менавіта яны і затрымліваюць ворага. Што да ўцекачоў, дык іх збіраюць да купы, каб з яе зноў вылепіць армію. Калі няма рэзерваў, якія можна кінуць у бой, першае ж адступленне набывае тады непапраўны характар.

Знітоўвае адна толькі перамога. Паражэнне не толькі раз'ядноўвае людзей, яно прыводзіць чалавека і да разладу з самім сабой. Калі ўцекачы не аплакваюць Францыю на краі пагібелі, то менавіта таму, што яны пераможаныя. Бо Францыя пераможана не вакол іх, а ў іх саміх. Аплакваць Францыю азначала б ужо быць пераможцам.

Амаль усім — і тым, хто яшчэ супраціўляецца, і тым, хто перастаў супраціўляцца, — воблік пераможанай Францыі вырысуецца значна пазней, у часіну суцішнасці. Сёння кожны дарэшты захоплены якой-небудзь найпрасцейшай дэталлю, якая сапсавалася ці зусім прыйшла ў нягоднасць, — растрэсеным грузавіком, запруджанай дарогай, закліненай рукаяткай сектара газу, бязглуздым заданнем. Тое, што заданне робіцца бязглуздае, — адмета катастрофы. Таму што бязглуздым робіцца любое намаганне, скіраванае на тое, каб прадухіліць катастрофу. Таму што ўсё ў разладзе з самім сабой. Ты аплакваеш не ўсеагульны розрух, а той адзіны прадмет, які ты здольны ўспрымаць на дотык, за які ты ў адказе і які ўжо нікуды не варты. Францыя на краі пагібелі патанае ў моры абломкаў, і кожны з іх ужо нічога не варты: ні гэтае заданне, ні гэты грузавік, ні гэтыя дарогі, ні гэтая праклятая рукаятка сектара газу.

Канечне, разгром — маркотнае відовішча. Нізкія душы пры ім выяўляюць усю сваю нізасць. Марадзёры апынаюцца марадзёрамі. Рушацца грамадскія асновы. Бязмежна збрыдлае само сабе і знясіленае войска нішчыцца ў гэтай бязглуздасці. Усё гэта непазбежныя праявы разгрому, як бубоны — праява чумы. Але калі вашу каханую збівае грузавік, хіба вы станеце папракаць яе за калецтва?

Паражэнне накладвае на пераможаных таўро віны, і ў гэтым яго несправядлівасць. Як можа паражэнне выявіць прынесеныя ахвяры, беззапаветную шчыравернасць абавязку, добраахвотныя нягоды, самаадданыя турботы, калі бог, які вырашае зыход бою, не палічыўся з усім гэтым? Як можа яно выявіць любоў? Паражэнне выяўляе бездапаможнасць начальнікаў, разброд у войсках, абыякавасць натоўпу. Часта людзі сапраўды ўхіляюцца ад выканання абавязку, але што азначае само гэтае ўхіленне? Дастаткова было праляцець вестцы пра контрудар рускіх альбо пра ўступленне ў вайну амерыканцаў, каб людзі сталі зусім іншыя. Каб іх знітавала агульная надзея. Сходная чутка штораз ачышчала ўсё, як парыў марскога ветру. Не трэба судзіць Францыю па выніках катастрофы, якая спасцігла яе.

Францыю трэба судзіць па яе гатоўнасці на самаахвяраванне. Францыя прыняла бой насупор праўдзе логікаў. Логікі даводзілі нам: «Немцаў восемдзесят мільёнаў. За адзін год мы не можам стварыць сорак мільёнаў французаў, якіх нам бракуе. Мы не можам ператварыць нашы пшанічныя палі ў вугальныя шахты. Мы не можам спадзявацца на дапамогу Злучаных Штатаў. Дык чаму ж, калі немцы квапяцца на Данцыг — а выратаваць яго мы ж не ў сіле! — чаму ж мы, каб пазбегнуць ганьбы, павінны пайсці на самагубства? Хіба ж гэта ганьба, што наша зямля дае болей хлеба, чым машын, што нас удвая меней, чым немцаў? Чаму ганьба павінна ўпасці на нас, а не на ўвесь свет?» Логікі мелі рацыю. Вайна для нас азначала катастрофу. Але хіба магла Францыя, дзеля таго каб унікнуць паражэння, не прыняць бой? Не думаю. I Францыя інстынктыўна прыйшла да таго ж рашэння, ніякія перасцерагальныя ўгаворы не змусілі яе ўхіліцца ад бою. Дух у нашай краіне перамог Розум.

Жыццё заўсёды з трэскам касуе формулы. I разгром, які б агідны ён ні быў, можа аказацца адзіным шляхам да адраджэння. Я ведаю: каб вырасла дрэва, павінна загінуць насенне. Спробу супраціўлення, калі яно аказваецца занадта позна, заўсёды спасцігае няўдача. Але затое яна будзіць сілы супраціўлення. I з яе, магчыма, вырасце дрэва. Як з насення.

Францыя сыграла сваю ролю. Ёй было наканавана дазволіць раздавіць сябе і на нейкі час апынуцца у магіле маўчання, бо ўвесь свет, як нейкі арбітр, абыякава пазірае на тое, што тварыў з ёю вораг. Калі ідуць у атаку, камусьці даводзіцца быть наперадзе. I першых амаль заўсёды забіваюць. Для таго каб атака ўдалася, авангард мусіць загінуць.

I наша роля была самая высокая, бо мы, не творачы сабе ніякіх ілюзій, згадзіліся выставіць аднаго салдата супроць іхніх трох, нашых сялян — супроць іхніх рабочых! Я не хачу, каб нас судзілі па агідных праявах разгрому! Няўжо пра таго, хто гатовы згарэць у палёце, будуць меркаваць па ягоных апёках? А ён жа таксама ператворыцца ў патароча.

XVIII

І ўсё-такі гэтая вайна, калі не браць пад увагу той духоўны сэнс, які зрабіў яе неабходнай нам, вялася так, што здалася нам бязглуздай вайной. Я ніколі не саромеўся гэтага слова. Ледзь толькі мы аб'явілі вайну, як адразу ж, не маючы магчымасці ісці ў наступленне, мы сталі чакаць, калі ж, урэшце, зробяць ласку ды звядуць нас са свету!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: