Вход/Регистрация
Бондар
вернуться

Бядуля Змітрок

Шрифт:

— Што ты робіш? — крыкнула спалоханая Аўдоцця.

— Я не баюся — стану, — бо моцнае! — заартачыўся Даніла.

— Няможна… — у роспачы застагнала Аўдоцця.

— А вось папрабую! — настойваў Даніла.

— Ты вар'ят! — заламала рукі Аўдоцця.

— Го-го-го! — зарагатаў Даніла. — Я ж гэта толькі пажартаваў. Ты думала, што сапраўды стану? Эх, баба дурненькая! Го-го-го!

І смяяўся ён шчыра, як дзіця.

Аўдоцця маўчала. Яна не магла прыйсці ў сябе ад перажытага страху.

Гэткім чынам яны прывезлі пасудзіны ў двор да пані. Тут радасць бондара вырасла да таго, ажно дух захоплівала. Сэрца стукала так моцна, што Даніла сам пужацца пачаў. На валаску паміж жыццём і смерцю знаходзіцца тое, за што ты ўвесь свой век гараваў…

А вясёлая сям'я вераб'ёў клапацілася каля стайні, білася-дралася паміж сабою, фанабэрылася, хохлілася і несупынна шчабятала плёткі-байкі. А снег блішчаў, вочы сляпіў.

Вясёлы быў свет, апрануты ў пухкі, снежны кажух, і весела было бондару Данілу.

— Зараз пачую прысуд пані, - думаў ён. — Яна правільна ацэніць, бо не такая варона дурная, як нашы мужыкі.

І пані вырасла ў яго думках вельмі высока. Яна надзене на яго чало вянок славы.

Аўдоцця чытала ўсё гэта на яго твары і не менш за яго хвалявалася.

На дзядзінцы ля паніных пакояў пад самым ганкам санкі спыніліся. Тут паляцела, як саранча, цэлая плойма вераб'ёў. Яны пачалі кружыцца, як заварожаныя, над бялюткімі пасудзінамі.

Ці іх вабіў пах свежага дрэва, ці мо былі захоплены пекнатой пасудзіны — хто іх ведае! Толькі яны кружыліся над саначкамі ўсё ніжэй і ніжэй і нешта гаварылі-шчабяталі паміж сабою на вясёлай, зычнай мове птушак.

Спачатку Даніла цешыўся з гэтых малых прыхільнікаў яго таленту, любаваўся імі, а потым, о… не паспеў ён і охнуць, як адзін верабей, хітрун і падшывалец, апаганіў чысценькі, бялюткі цабэрак.

Крыкнуць не маглі ні Даніла, ні Аўдоцця. Яны акамянелі. Малы шальмец так нахабна выкпіў чыстыя пачуцці гэтых людзей, што яны сцерлі б яго ў пылок, калі б ён не ўзняўся на самую высокую вежу панскага палаца.

Доўга скрабаў Даніла цабэрак вострым сцызорыкам і не прыкмеціў, як падышла да яго эканомка і загадала адвезці пасудзіны на кухню.

О, як закалацілася яго сэрца…

V

Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоцця. Пані нават не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла не таргуючыся, і гэтым справа скончылася. Грошы ён кінуў ля ганку, выйшаўшы на двор. Употайку ад яго іх падняла Аўдоцця.

Пані, сама гэтага не разумеючы, бязлітасна плюнула чалавеку ў самую душу, зрабіла яму такую рану, якая ніколі не загоіцца. Крыўда была бязмежна балючая, неспадзяваная, хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве і выць. Яго скінулі з гары ў глыбокую яму.

Усю дарогу, ідучы назад у вёску, ён сваёй жонцы ні слова не сказаў. Ішлі яны, як з пахавання. Даніла пахаваў найлепшую частку сваёй душы. Памерлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыццё.

Сонца засумавала разам з ім. Поле снежнае непрытульным зрабілася. Хвоі пад сівымі зімовымі шапкамі шапацелі аб вялікім Данілавым горы. Увесь яркі абшар пакрыла жалоба…

Ці зразумеюць людзі Данілу? Не! Будуць кепікі строіць з яго, дурнем абзавуць.

Як вярнуліся Даніла з жонкай дахаты, дык паваліўся на кучу белых стружак ля свайго варштата. Жонка не пробавала яго ўцяшаць. Тая самая роспач вісела і над ёю. Слёзы, гарачыя і буйныя, капалі з яе вачэй на гліняную падлогу…

Пасля гэтага здарэння Даніла стаў маўклівы і пануры. Бондарства ён закінуў. Інструменты яго паіржавелі, бо ў хаце ён рэдка калі бываў — валяўся цэлымі днямі п'яны ў карчме пад сталом. Бедная Аўдоцця цярпела і голад, і холад, але пераносіла ўсё моўчкі і нікому не жалілася.

А як прывезлі суседзі з карчмы нежывога Данілу, дык яна таксама голасу не падняла, толькі ціхутка плакала.

А як людзі змайстравалі труну, шурпатую і нязграбную, і як палажылі Данілу ў гэту труну, тады толькі ўспомніла яна «залатыя рукі» нябожчыка. Якім бы вокам Даніла глянуў на гэтую непрыгожую труну?

Яе сэрца прабраў вялікі жаль па дарагім чалавеку. І яе гора пачало вылівацца ў прыгожыя словы сумных прычытанняў.

Аўдоцця павалілася вобземлю і пачала галасіць, даючы волю свайму гору. Ніхто не мог яе супакоіць. Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцці.

— Калі б каго-колечы з нашых Даніла навучыў, той добрым словам успамінаў бы, як бацьку роднага шанаваў. А то ад пані з двара пахвальбы чакаў. Не туды заехаў!

Так гаварылі суседзі.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: