Вход/Регистрация
Выбраныя творы
вернуться

Брыль Янка

Шрифт:

Чытаючы і перачытваючы напісанае Янкам Брылём, ягоны раман, ягоныя аповесці, апавяданні, эсэ, нарысы, ягоныя мініяцюры (можа, апошнія асабліва), адзначаеш сабе, якім багатым у падзеях, фактах, праявах, чалавечых асобах, якім разнастайным у колерах і фарбах бачыць ён свет, успрымае яго. Здаецца, быццам пісьменніка ў жыцці цікавіць усё, няма для яго галоўнага і другараднага. Вярхоўны суддзя — сам мастак. І тут не проста стыхійнае праяўленне таленту. Для Брыля гэта — эстэтычная пазіцыя. Абагульняльна-філасофскія высновы грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах. Пісьменнік іх, гэтыя канкрэтныя факты, не проста ўзнаўляе, апісвае, ён перадае сваё ўражанне ад іх, сваё разуменне іх. Заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае, заўсёды глыбокае.

Асабліва адчуваецца, відаць гэта ў эсэ і мініяцюрах. Эсэ ў пераважнай большасці прысвечаны літаратуры. Для Брыля, які многія гады жыве ў літаратуры, жыве літаратурай, гэта натуральна. Здаецца, няма ў нашай літаратуры за апошнія многія гады ніводнага прыкметнага твора, у гісторыі літаратуры прыкметнай постаці, якія б не былі заўважаны і адзначаны Брылём. Сутнасць ягоных адносін да літаратуры і асобных літаратараў дастаткова акрэслена выяўлена ў эсэ «Мой Чэхаў», дзе акцэнт робіцца на першым слове. Мой Талстой (зразумела, Леў Мікалаевіч), мой Чэхаў, мой Гарэцкі, мой Мележ, мой Караткевіч, мой Адамовіч… — для Брыля гэта галоўнае. І не толькі ў плане літаратурным, але і ў жыццёвым. Жыццёвае асяроддзе, жыццёвыя абставіны, асабістыя ўзаемаадносіны, побытавы план заўсёды займаюць у гэтых эсэ істотнае месца.

Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры. У творчасці ж самога пісьменніка ў апошнія гады мініяцюры займаюць, па сутнасці, галоўнае месца. Іх адрознівае глыбокі роздум, назіральнасць Я. Брыля, дасканалае валоданне словам, адчуваецца вышыня, выверанасць маральных крытэрыяў. Разам яны ўяўляюць яркую, сонечную, рознакаляровую, мазаічную панараму нацыянальнага жыцця.

Вось мініяцюра пра наведванне Жупранаў:

«Учора быў першы раз у Жупранах. Магіла, помнік і, у касцёле, партрэт Багушэвіча.

Радасна, дзіўна, што ён — не легенда, не гістарычнае штосьці, а чалавек, які зусім паблізу жыў, памёр і пахаваны тут вось, на звычайных вясковых могілках, дзе на кожным помніку па некалькі пацешных памылак…

І другое пачуццё. І здзіўленне, і недаўменне, і пашана да таго, хто блізу сто гадоў таму назад упарта, як парастак паміж плітамі тратуара, пралез паміж дзвюма стыхіямі, расейскай і польскай, насуперак усім, уключаючы і сваіх найбліжэйшых, пралез і вырас са сваім і зрэбным, і глыбока, па-народнаму, па-хлебнаму свежым беларускім словам. І славы не было, а толькі адчуванне абавязку.

Шчасце наша, відаць, у самой апантанасці».

Якой мужнай, самаахвярнай, нават велічнай постаццю паўстае перад намі адзін з першых змагароў за нацыянальнае адраджэнне, адзін з першых свядомых стваральнікаў нашага нацыянальнага менталітэту Францішак Багушэвіч. Якое глыбокае разуменне подзвігу паэта! І сказана гэта было ў часы самыя застойныя, у часы гвалтоўна-добраахвотнага збліжэння нацый і іх моваў.

Глыбокім, чыстым пачуццём любові да сваёй радзімы пранізана ўся творчасць пісьменніка. Пачуццё патрыятызму ў Брыля не стыхійнае (хаця гэта пачуццё першароднае), а глыбока ўсвядомленае, выпакутаванае на нялёгкіх жыццёвых сцежках, узбагачанае асабістым творчым вопытам і вопытам сусветнай літаратуры. Брылёвы эсэ і мініяцюры, прысвечаныя творчасці і жыццёваму лёсу беларускіх майстроў слова, асабліва Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, прысвечаныя гісторыі і сённяшняму стану роднай мовы, уяўляюць з сябе выключна цэласную, прадуманую, жыццём адкрышталізаваную нацыянальную праграму. Прычым праграма гэтая падмацаваная, пацверджаная жыццём і творчасцю самога майстра.

«Гэта нармальна, што ў мяне яно ёсць, было і будзе — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы, — нягледзячы ні на што.

Я быў рады, знайшоўшы гэтую сцежку ў юнацтве, яна мяне вядзе і сёння, даволі часта грэючы, адаграваючы запаветным цяплом».

Яно ідзе разам — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы. Гэта адзінае. Прыйшло як бы неўсвядомлена. Пазней асэнсавалася. Выказалася як вызначальны жыццёвы і творчы прынцып.

«Днямі зноў думалася пра крыніцу — родную мову, якой служыў і буду служыць як першааснове выхаду ў агульналюдскае. І не таму, што без гэтага мяне не будзе, а таму, што толькі так, толькі кожны ад свайго, ад сыноўняй любасці, ад мудрай пашаны да свае крыніцы, да свайго карэння па-сапраўднаму выходзіць да ўсіх людзей».

Словам гэтым нельга не верыць. За імі, у іх — не толькі творчасць, практыка слынных майстроў свету, за імі, у іх — жыццё і творчасць самога пісьменніка.

Сёння ў нас, трэба прызнаць, усё яшчэ мала, гаворыцца пра нацыянальны менталітэт беларусаў. Акрэсліваюцца асобныя рысы, вызначаюцца пэўныя якасці, асаблівасці. Зразумела, ёсць у гэтым глыбокая жыццёвая неабходнасць. Бо сапраўднае нацыянальнае адраджэнне можа адбыцца толькі на аснове глыбокай нацыянальнай ідэі, што каранямі ўваходзіць у мінулае, ідэі, якая б стала сваёй, унутрана блізкай і неабходнай для мільёнаў беларусаў, ідэі, якая для пачатку хоць бы авалодала свядомасцю мільёнаў. Пакуль што пра ментальнасць як узровень індывідуальнай і грамадскай свядомасці гаварыць не даводзіцца. Нацыянальная адметнасць, нацыянальныя асаблівасці, нацыянальны характар беларуса і народа ва ўсім іхнім аб'ёме (а не толькі ў якіхсьці сацыяльна-палітычных праявах, не толькі ў экстрэмісцка-выкрывыальным змесце ў адносінах да суседзяў і да негатыўных праяў мінулага) — гэта яшчэ амаль не вывучаецца, не асэнсоўваецца. Нешта адмаўляецца без замены больш значным, больш прымальным іншым.

У гэтым сэнсе нацыянальная пазіцыя Янкі Брыля на сённяшні дзень уяўляецца выключна важнай і актуальнай. Для самога ж пісьменніка яна і раней, і заўсёды была такою.

І яшчэ пра адзін момант творчай пазіцыі пісьменніка.

Ён піша: «Недастатковасць праўды. Жаданне як быццам збоку, як быццам зверху бачыць усё так, як яно выглядае па-сапраўднаму. Многа, калі не большасць, звестак ды плётак, карыслівай хлусні ў найцяжэйшыя чарнобыльскія дні, але з замежных перадач…»

І тут жа абгрунтаванне творчых прынцыпаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: