Мележ Іван
Шрифт:
— І вучуся, i працую… Чаму ты так усхваляваўся? — занепакоена спыталася яна.
Ён спыніўся ў нерашучасці: «Сказаць ці не?». — I пасля моманту развагі парашыў: «Не, няхай пазней».
— Пасля скажу. Я цябе правяду. Добра?
Да завода, што быў кілометры за два на ўскраіне горада, яны ішлі вельмі хутка. Падаў першы снег. Весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі i ўсцілалі перад імі шлях.
— Ты i вучышся, i працуеш? Гэта-ж цяжка.
— Цяжка. Раніцай i днём — праца, увечары — з чатырох да дзесяці — заняткі. Потым — падрыхтоўка да заняткаў. Учора прыйшла за поўнач. Так кожны дзень… Як прыйшло паведамленне, што i другі брат загінуў, адразу пайшла.
Вуліца падымалася ўгору. Час бязлітасна лічыў хвіліны. Васіль парываўся штосьці сказаць i ўсё адкладваў.
— Я хацела спачатку папрасіцца на фронт, — сказала яна, — не магла я больш сядзець тут. Мне так хацелася пайсці на фронт, Васілёк… Ды маці нельга было пакінуць адну. Гора зусім змагло яе. Бачыш, якая яна цяпер? Я была ў яе адна падтрымкай…
Каля заводскай брамы, на ўзгорку, яны спыніліся. Знізу ляжаў горад. Адсюль былі відаць стужкі яго вуліц, квадраты плошчаў; дахі бялелі некранутым снегам. Проста над горадам у мітуслівым прасцягу вісела нізкае, але вясёлае сонца.
— Ну, вяртайся. Адпачні, Васілёк, пасля дарогі. Маці там цябе ўладзіць… Я прыйду ў тры гадзіны. На заняткі — у такі дзень — не пайду. Будзем разам! Удваіх будзем! Удзень i ўвесь вечар!.. Як я рада, што ты прыехаў!..
Яна шчасліва засмяялася.
— Ледзь не забыла… Ты-ж нешта хацеў мне сказаць?
— Я хацеў сказаць, што мы… не будзем разам увечары… I сёння больш не сустрэнемся… Мне зараз трэба ісці на станцыю. Разумееш, Ліда, — хутка павінен прайсці на фронт наш эшалон. У мяне дзесяць гадзін было на водпуск.
— Як гэта, дзесяць гадзін? Такі кароткі водпуск? — ca здзіўленнем сказала яна.
— Я табе не хацеў гаварыць раней… Мне, Лідачка, пашанцавала. Праз вашу станцыю павінен быў прайсці на фронт эшалон нашага палка. За семдзесят кілометраў адсюль ён спыніўся на некалькі гадзін. Я папрасіўся, i мяне адпусцілі… На дзесяць гадзін. Каб праз дзесяць гадзін я чакаў ix тут, на станцыі…
— Толькі дзесяць гадзін?.. Але, няхай, — трохі весялей сказала яна, — чаго я журуся? Мы-ж яшчэ пабачымся, праўда? Ведаеш што, я папрашуся, каб мяне сягоння адпусцілі раней!..
— Калі-6-жа яшчэ дзесяць! А то-ж з тых дзесяці гадзін амаль восем пайшло на дарогу. Пакуль ехаў, шукаў саставаў ці ішоў у горад — згубіў цэлых восем гадзін.
— Дык ты-ж увесь водпуск праездзіў!
— Амаль увесь. Для нас засталося дзве гадзіны…
— Толькі дзве гадзіны?
— Толькі дзве, Ліда.
— Так мала?..
— Няшмат… праўда, — згадзіўся сержант i ўздыхнуў… — A хіба два гады было-б досыць?
— Так мала… Так мала…
Лідзе трэба было ісці, а яна марудзіла. Ёй не хацелася расставацца. Не хапала сілы, каб сказаць апошняе слова.
Васіль разумеў яе, адчуваў яе боль, i яму прагнулася дапамагчы ёй суцішыцца.
Ён гаварыў пра тое, што хутка скончыцца вайна i яны сустрэнуцца зноў у Мінску, каб болей ніколі не разлучацца, каб жыць разам заўсёды. Напаследак, ужо развітаўшыся, сержант сказаў: — Я, калі ехаў да цябе, непакоіўся вельмі, што не пераганю наш эшалон ці не застану цябе. Крыўдна было-б. А так я шчаслівы… Цэлых дзве гадзіны! На вайне i столькі не кожнаму выпадае.
1945 г.
Адна
I
На дзевяты дзень Аня зноў пераступіла парог хаты, у якой жыла сястра Арына.
У пакоі нікога не было. Дзяўчына кінула на лаўку жакетку, стомлена прайшлася па пакоі. Дзе-ж усе? Толькі яна надумала гэта, як у сенцах бразнула клямка i ўбегла ўстрывожана бялявая Лорка, Арыніна дачушка.
— Цёця Аня! — узрадавана ўскрыкнула яна i кінулася да дзяўчыны. Лорка прыціснулася i хвіліну стаяла моўчкі, незнаема сур’ёзная, нейкая пасталелая. — Ой, што тут было без вас, — раптам сумна прамовіла яна.
— А дзе мама?
— Мама на гародзе. Яна сказала — к нам нехта пайшоу, ідзі, паглядзі, хто гэта?.. Табе трэба, каб яна прыйшла?
— Пакліч, Лорка.
Аня села на лаўку. Вось яна i дайшла да прыстанку. Скончыўся шлях, цяпер няма куды спяшацца, можна спачыць, даць спакой натруджаным нагам, падбітым доўгай неспакойнай дарогай. Аня так спяшалася дайсці сюды, але цяпер, калі яна ўжо тут, у яе чамусьці няма таго жаданага спакою. Чаму на сэрцы такая трывога?
«Ой, што тут было без вас», — успомніліся ёй словы Лоркі.