Макаёнак Андрэй
Шрифт:
Ухватаў (напаўняе шклянкі). Ну!..
Кудасаў. Ну, Хведар Паўлавіч…
Ухватаў. Вып'ем…
Кудасаў. За ваша…
Ухватаў (спахапіўся). За нашага любімага…
Кудасаў (таксама ўстаў і гэтак жа ўрачыста)… роднага…
Ухватаў…бацьку і настаўніка…
Кудасаў…усіх часоў і народаў… А Раіса Якаўлеўна?
Ухватаў. Рая! Ідзі сюды! (Налівае і ёй шклянку.)
Рая (яна не чула тоста). Федзя! Не налівай. Я піць не буду. Ты ж ведаеш. Не налівай.
Ўхватаў. Што-о? (Нешта шапнуў ёй.) Да дна!
Рая (хапае шклянку. З перапуду выпіла ўсю гарэлку. Папярхнулася.) Выбачайце, я саўсім не ўмею піць.
Ухватаў. Тады закусвай.
Усе дружна селі, моўчкі жуюць.
Кудасаў. Паміж першай і другой чаркай павінен быць максімальна кароткі перапыпак. (Налівае.)
Рая (спалохалася, што прыйдзецца яшчэ раз выпіць). Ой, я там Светачцы малако паставіла… (Выходзіць на кухню.)
Кудасаў (узнімае шклянку). Я рад падняць гэтую чару за ваша прызначэнне! Я рад выпіць гэтую чару за тое, што буду працаваць пад вашым началам! I за тое, каб наш народ быў сыты!
Выпілі.
Ухватаў. А ты гаварыў: атмасфера, сёння, заўтра, няўпэўненасць…
Кудасаў. Я не ў тым сэнсе. А ў тым сэнсе, што… (стараецца выблытацца). Землетрасенне гэта. Руіны… Пажары… Абломкі. Во і няўпэўненасць…
Ухватаў. Абломкі прыбяром, руіны расчысцім і атмасферу адпаведна…
Кудасаў. Во! Ужо лягчэй дыхаць стала.
Ухватаў. Падбяром надзейныя кадры… Кадры рашаюць усё!..
Кудасаў. Правільна! Абавязкова кадры! Вось хоць бы вы… Вас цяпер паднялі… Хіба для вас ёсць што-небудзь даражэй за свой пост? Кім вы былі раней?
Ухватаў. Рабочым. Гліну мясіў на цагельным заводзе. А потым выдзвінулі. А цяпер яшчэ раз выдзвінулі.
Кудасаў. Во! П'ём за выдзвіжэнні і перадзвіжэнні! (П'юць.)
Ухватаў (утаропіўся на Кудасава). А ты хто? Твае бацькі да семнаццатага года — хто? I ты кім быў до?
Кудасаў (папярхнуўся гарэлкай). Рыкшам.
Ухватаў. Рыкшам?
Кудасаў. Па сутнасці — рыкшам. I дзед мой, бацька мой, і я. Возчыкамі. На чужых конях. Па сутнасці — на мне ездзілі. Значыць — рыкша. А цяпер я!.. Кім буду?.. У вас?
Ухватаў. Нешта ты спяшаешся да ўлады.
Кудасаў. А як жа не спяшацца? Правароніць можна. Вы наберыцё з такімі біяграфіямі, што… Мне цяжка будзе цягацца. Я адкрыта: мой дзед цара не забіў, дзекабрыстам не быў. Дзевяцьсот пяты год праспаў на печы. Ён, дурань, аб унуках не клапаціўся. А ў лейтэнанта Шмідта вунь колькі ўнукаў! Праўда, бацька мой у грамадзянскую не падвёў. Не прымкнуў ні да Пятлюры, ні да Балаховіча. Устаяў! I за тое — дзякуй. А мог бы на рэвалюцыйнай хвалі ўзляцець… А цяпер вот і я быў бы на сметніку, каб не класавае чуццё і адданасць.
Ухватаў. Цяпер канечне — пасля перамогі, калі ўлада акрэпла, да яе ўсе ліпнуць, усе хапаюцца, бадзёрымі папутчыкамі шагаюць у ногу. Ды ўлада — не дура, прыглядаецца і ад каго трэба — адмяжоўваецца. Адсякае. Толькі выпадак часам памагае. Толькі на выпадак можаш спадзявацца. На ўстраску!
Кудасаў. I за выпадак. і за ўстраску можна… выпіць. Можна і аддзячыць за выпадак. Дык — хто я? У вас буду?
Ухватаў. Мая правая рука… Бачу — я табе вельмі патрэбны.
Абодва ап'янелі ці ад выпітай гарэлкі, ад узаемных пахвал, ці ад таго, што адчулі слодыч улады.
Кудасаў. Ясна. Цяпер я пагарцую, паезджу!
Ухватаў. На мне?
Кудасаў. Што вы, што вы?! Вы — гістарычная, можна сказаць, фігура. Калі на тое пайшло — хочаце — я вас правязу. А? Сядайце вярхом. Хочаце?
Ухватаў. Яшчэ ўроніш. Не-е! (Адмахнуўся.) Не хачу!