Шрифт:
Гэта была цяжкая і неспакойная ноч у жыцці Андрэя.
IV
– Ну, што ў цябе чуваць? Парубкі ў лесе няма?
Максім пачуў, што па спіне ў яго запоўзалі мурашкі, нейкі холад прабег па ўсім целе. Маленькае замяшанне, і Максім цвёрда сказаў:
– Усё ў парадку.
– Ну, то хадзі ж, я табе пакажу, які ў цябе парадак.
Сказаўшы гэта, аб'ездчык, сярэдніх год чалавек, правая рука ляснічага і пярвейшы шэльма, скрыва і злосна зірнуў на лесніка і павёў яго ў лес. Максім увесь задрыжаў. Залажыўшы руку за спіну і моцна сціснуўшы стрэльбу, ён моўчкі ішоў за аб'ездчыкам. Ён добра ведае, куды вядзе яго гэты кат і што хоча паказаць яму.
«Вядзі, няхай цябе сляпога водзяць. Кланяцца табе не буду і прасіць тваёй ласкі не стану. Што будзе, то будзе», - думаў, ідучы, Максім.
– Ці не будзеш ласкаў зірнуць, - гаварыў тым часам аб'ездчык, прывёўшы лесніка на тое месца, дзе колькі дзён назад стаяў дубок. Аб'ездчык добра націкаваў гэтае месца, і ў яго наперад усё было разлічана. Нават яго далікатная прамова да лесніка была абдумана раней, каб злосна пацешыцца з таго, як будзе выглядаць Максім Заруба, стоячы перад пнём ссечанага дуба. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад імі было гладкае месца, і вакол стаялі дрэвы, ды дзе-нідзе тырчалі абросшыя мохам даўнейшыя пні. Максім пазіраў на аб'ездчыка поглядам чалавека, які нічога не цяміць і чакае тлумачэння.
Аб'ездчык зірнуў на Максіма. Ледзь значная ўсмешка прабегла па губах лесніка. Нават елкі, якім на гэтым месцы было крыху прасторней, здавалася, усміхаліся, пазіраючы на аб'ездчыка - такую дурную ён меў міну ў гэтую хвіліну.
– Што за чорт?
– сказаў ён.
– Тое самае месца, а дзе ж пень?
– Мала тут пнёў?
– спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень нядаўна ўкрадзенага дуба і паказваючы рукою на старыя пні.
– Ды і сам, пан, стаіш як пень, - не вытрымаў Максім, каб не пасмяяцца з аб'ездчыка.
– Ты мне кпінак не строй!
– крыкнуў аб'ездчык і забегаў вакол лесніка, як ганчак, вынюхваючы сляды.
Улучыўшы мінуціну, ляснік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным месцы мох адхіліўся, і з-пад яго свяціўся свежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэтую лысіну. Аб'ездчык, як каршун, зірнуў на лесніка.
– А на чым стаіш, ягамосцю?
Максім пачуў, што ён прапаў.
– Стаю, як і пан: нагамі на зямлі.
Аб'ездчык раптоўна падскочыў да лесніка, штурхануў яго ў грудзі і капануў нагою мох. Пень раскрыўся.
– Зладзюга! Лес крадзеш, сам канцы хаваеш!
– як гад, сіпеў аб'ездчык.
У адзін момант усё пазелянела ў вачах Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Доўга не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з гучным пляскам апусцілася на шчаку аб'ездчыка. Шапка зляцела ў таго з галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.
– Задушу!
– хрыпеў ён, як звер, сціснуўшы аб'ездчыка за горла. Аб'ездчык звіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі з сваіх гнёздаў.
Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго не мог выбіцца з грудзей, а вакол не было ніводнай жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сведка гэтай праявы, стаяў вакол глухой сцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў яшчэ не такія справы, стоячы тут вякамі.
– Братка, змілуйся! За што?
– енчыў аб'ездчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лесніка. Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю нянавісцю зірнуў яму ў твар, борзда падняўся і сказаў:
– Ідзі, жалься на мяне, - і злосна пайшоў у лес.
Аб'ездчык падняўся, узлажыў шапку, дзіка азірнуўся вакол і кінуўся бегчы.
– Гвалт, ратуйце!
– крычаў ён бегучы.
V
Досвіта другога дня Андрэй ужо кешкаўся ў хляве. Запаліўшы газоўку, павесіў яе на сцяне і, узяўшы сахор*, Андрэй адкідаў гной ад сцяны, з таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з адной загарадкі, цялушка-выпустка з другой і чырвоны конік уставіліся пільна на гэтую цікавую дзею. Толькі адна свіння не хацела звяртаць увагі на Андрэя. Яна спакойна ляжала ў сваім берлагу і, здавалася, ніколечкі не дзівілася, як бы даўно ведаючы, што і чалавек часамі бывае не лепшы за яе. Прабраўшы яму і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна камлюкі, закрыў іх тоўстым пластам саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго з'явілася ўсмешка здавальнення.
* Сахор - вілы для гною.
– Згніюць тут, калі я сам не дастану іх, - сказаў сам сабе Андрэй і спакойна выйшаў на вуліцу. Тут ён пастаяў, высмактаў люлькі са дзве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, што ішлі па ваду, і, як чалавек, якому няма чаго баяцца, пайшоў уладжвацца каля гаспадаркі. Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песню: «Шапка мая магерачка».
Прайшло дні два. За гэты час не выявілася нічога такога, што б магло патрывожыць Андрэя, і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад гною дубкі, каб пусціць іх у дзела. Якраз прыйшоў да яго сваяк Якім Бубен.