Шрифт:
Знаёмячыся з перапiскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанiзм. Ён запытаў, цi можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калi ў замку ўсе спяць. Яна супрацiўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: "Калi тое, што напiсана ў чарнавiку, было яму паслана, Байран, напэўна, палiчыў перамогу блiзкай. Яна прастадушна прызналася: "Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас нiхто не заўважыў".
Ён iзноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пiсьмамi, яна пачала пасылаць Байрану кнiгi з дамашняй бiблiятэкi. Надзейны спосаб: нават на вачах у "строгага мужа" можна было перадаць "абранаму рыцару" кнiгу з запiсачкай. "А ёй было ўсяго дваццаць год!" - дзiвiўся Эрвэ.
"Сёння Ўiльям памчаўся з сабакамi на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмi мiлы. Нехта расказаў яму пра падвал, i яму захацелася там пабываць. Спусцiцца разам з iм я не адважылася, але ўпрасiла мiсiс Д., гувернантку, паказаць яму склеп. Вярнуўшыся, ён сказаў мне з таямнiчным выглядам: "Гэты склеп аднойчы будзе для мяне той мясцiнай, аб якой я буду ўспамiнаць з найбольшым хваляваннем". Што гэта значыць? Баюся зразумець, а галоўнае, без страху згадзiцца з думкай, што прычынай гэтага хвалявання буду я".
Пiсьмы i альбом дазволiлi ўявiць далейшыя прыгоды. Аднаго разу Пандора згадзiлася прызначыць яму спатканне ў падвале глыбокай ноччу, у той час, калi яе муж гучна хроп у спальнi, а слугi адпачывалi на трэцiм паверсе. Ён спяшаўся, быў патрабавальны. Яна прасiла лiтасцi, малiла, каб ён яе не крыўдзiў. "Лорд Байран, - гаварыла яна, - я ў вашых руках. Вы можаце рабiць са мной усё, што хочаце. Нiхто не сочыць за намi, нiхто нас не пачуе. А сама я не маю сiлы абараняцца. Я прабавала, але супраць волi любоў прывяла мяне сюды. Ад вас аднаго я чакаю ратунку. Калi вы скарыстаеце сваю ўладу нада мной, я паддамся, але памру ад сораму i пакут".
Яна расплакалася. Байран, расчулены слязамi маладой жанчыны, праявiў дабрату. "Тое, што вы ад мяне патрабуеце, - сказаў ён, - вышэй чалавечых сiл, але ў мяне хопiць любвi, каб прымусiць сябе адмовiцца ад вас". Яны сядзелi на канапе, абняўшыся, даволi доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведамiў, што яго выклiкае ў Лондан выдавец Морэй, i пакiнуў Уайндхорст. Старонкi дзённiка за гэты дзень былi асаблiва забаўныя.
"Дурань! Дурань!
– пiсала яна.
– Усё скончана, усё страчана. I цяпер мне суджана нiколi не ведаць любвi. I як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кiнуцца яму на шыю. Не магла ж такая жанчына, як я, маладая i добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распуснiцы, з якiмi ён раней меў справу. Я павiнна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоiць i дабiцца, каб я аддалася любвi, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеi. Я яму гэтага век не дарую".
Пасля начнога спаткання былi яшчэ пiсьмы: адно ад яго i адно ад яе. Байран пiсаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, якi мог выпадкова прачытаць пiсьмо. Чарнавiк Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённiку яна яшчэ сям-там успамiнала Байрана ў сувязi з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападалiся iранiчныя намёкi, якiя выразна сведчылi, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.
Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нiбы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. I вось ён iзноў у дваццатым стагоддзi. Якую цудоўную гiсторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апiша! Работа i бяссоннiца стамiлi яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкi i падняўся ў свой пакой.
Званок паклiкаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплiвага дварэцкага, i той праводзiў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзi Спенсэр-Свiфт.
– Добры дзень, пан Марсена, - прамовiла яна моцным мужчынскiм голасам. Мне далажылi, што вы мала спалi. Ну, як вам працавалася?
– Выдатна. Я ўсё прачытаў i зрабiў выпiсак дваццаць старонак. Нечуваная гiсторыя... Я не магу вам выказаць...
Яна мяне спынiла.
– А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
– Так, яна была створана для кахання. Але пiкантнасць падзей у тым, што яна нiколi не была палюбоўнiцай лорда Байрана.
Твар лэдзi Спенсэр-Свiфт налiўся чырванню.
– Што?
– запытала яна.
Француз, прыхапiўшы з сабой выпiскi, расказаў гаспадынi ўсю гiсторыю i паспрабаваў тут жа прааналiзаваць характары двух галоўных персанажаў.
– Вось так, - закончыў ён, - першы i апошнi раз у сваiм жыццi лорд Байран уступiў дэману спагады, i гэтай слабасцi прабабка вашага мужа нiколi не магла яму дараваць.
Лэдзi Спенсэр-Свiфт слухала француза не перабiваючы, але тут не вытрымала:
– Нонсэнс!
– абурылася яна.
– Вы дрэнна чыталi цi дрэнна зразумелi... Не была палюбоўнiцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма нiводнай сям'i ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гiсторыя... Не была палюбоўнiцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэннi, пан Марсена, i, калi такое ваша апошняе слова, я не магу дазволiць вам карыстацца дакументамi... Падумаць толькi!.. Вы збiраецеся расказаць у Францыi i ў нашай краiне, што нiякага фiзiчнага зблiжэння мiж iмi не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!