Вход/Регистрация
Вераснёвыя ночы
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

Сонца моцна грэла яшчэ. Халоднаю ж i прыемнаю была вада. I ўсё гэта патроху заспакойваць пачало раздражненасць i прытупляць злосць, i праходзiць пачала вастрата гэтай узбуджанасцi i ператварацца ў iншыя формы.

Яна ўспомнiла, - выязджаючы араць iржышча, Фэлька сказаў: "Скажы Стасюку, каб пазваў сваю канпаню абабраць iгрушы. Але каб не зваў шмат гэтых сваiх вiсусаў, а то як прывалiць гэтага зграя, дык усе грушы парасцягаюць. Гэта ж гэткая плойма!.." Яна i сама ведала, што трэба абiраць iгрушы; чуваць было, як яны стукалi ў садзе, раз-поразу падаючы на зямлю. Але было жаданне, папаласкаўшы бялiзну, нiчога не рабiць, i з гэтым жаданнем даводзiлася змагацца. Уночы не спалася, i цяпер з'яўлялiся адзнакi лёгкай дрымоты. Часта пазяхалася i соладка хацелася, каб вецер абвеяў гарачую голую шыю i плечы. Каленi пачыналi злёгку дрыжаць, i твар гарэў. У целе запаноўвала гарачая разамлеласць. Учынак Асташонка з трыма рублямi пачаў трацiць сваю вастрату, i зусiм згiнулi думкi пра крыўду на тое, што нельга адпомсцiцца яму, падаўшы на суд цi ўжыўшы якiя-небудзь iншыя захады. Усё гэта забывалася, i хацелася як найхутчэй, каб нават i не ўспомнiць пра гэта, як пра нешта калючае, непрыемнае. Асташонак зноў здаваўся прыгожым i прывабным. I побач з iм горш яшчэ, як раней, непрыемным паўстаў уваччу Зыгмусь Чухрэвiч, што паўтара гады ўсё дамагаецца, каб узяць яе замуж, i на гэтым тыднi прыходзiў у нядзелю, выфранчаны i далiкатны. Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылi вельмi, з самых малых год сваiх. Пасля бурна разышлiся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагалiся i якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць - нарадзiўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у iх пачалося нешта падобнае да дружбы, а пасля Зыгмусь пачаў прыглядацца на Агату. Яшчэ за некалькi дзён да Асташонкавай трохрублёўкi Фэлька гаварыў ёй:

– А можа i сапраўды табе пайсцi замуж за Зыгмуся. Ён цябе будзе кахаць i глядзець.

А яна адказала:

– Што ты мяне хочаш з хаты збыць?! Калi ты хочаш жанiцца, дык я табе ўпоперак дарогi не стаю.

Фэлька па-вiнаватаму паморгаў вачыма i мякка сказаў:

– Што ты выдумала? Хiба я не магу з табою гаварыць як з сястрою пра ўсё?

– А от i не можаш пра ўсё. Не маеш права.

– Чаго ты злуеш?

– Не ўмешвайся ў чужыя справы.

Тады зазлаваў i ён.

– Я табе як добра, а ты чорт ведае што! Колькi сваталася, нiхто даспадобы не даходзiць. Усё перабiраеш. Табе ж цi не трыццаць год ужо?

– Ну, я ж казала, што ты мяне з хаты збываеш!

I яна пайшла злосная. А вечарам яны абое зрабiлi выгляд, што нiчога не было. Так уся гэтая прыкрасць i скончылася. А тут Асташонак, малады i вясёлы, трохi жулiкаваты, заўсёды стараўся злавiць яе i на вулiцы i на полi. I поўнiў яе агнямi суму здаровай перарослай дзяўчыны. У той дзень, калi здарыўся гэты яго ўчынак з трохрублёўкаю, ён назнарок прыбег праз агароды памагаць ёй складаць атаву, заўважыўшы яе каля гумна. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль яна, чуючы, што трацiць волю сваю перад iм, не прагнала яго. У той жа вечар ён i з'явiўся купляць самагонку.

Палошчучы бялiзну, яна змагалася сама з сабою. Падабалася сама сабе; глядзела ў ваду; чула разамлеласць па ўсiм целе i як усё больш i больш прытуплялiся i ападалi думкi. Губiлася ўсялякая воля i цвёрдасць.

Стукалi ў садзе вобземлю яблыкi i грушы, спелi арабiны. Цякла пахам моцная мята. Асеннiя мухi гулi каля сяней, сiнiя i вялiкiя. Стасюк на вулiцы, па той бок студнi, боўтаецца ў лужы. Вулiца была цiхаю, дрымотнаю. I без дай прычыны захацелася ёй пакрычаць на Стасюка:

– Стасюк, iдзi ў двор!

II

Зыгмусь Чухрэвiч бедаваў, што вусень пааб'ядаў вясною лiсце ў садзе, i цяпер няма садавiны. Агаце прыкра было слухаць яго павольную гаворку, бачыць, як ён стараўся быць перад ёю дасцiпным. Гальштук у яго быў вузенькi, у зялёную палоску, вельмi туга нацягнены на цвёрдай манiшцы i раней за ўсё кiдаўся ў вочы. Гарнiтур быў нiшто, але няспрытна вельмi ж сядзеў, мусiць, адтаго, што манiшка i цвёрды каўнер усё роўна як звязвалi чалавека. Гамашы былi выглянцаваныя, але запыленыя. Фэлька быў адзеты прасцей i з самага ранку нiкуды не выходзiў з хаты. Гаворачы з iмi абодвума, Агата неўзаметкi паглядала ў люстэрка, што вiсела насупроць на сцяне. Мокрыя яшчэ валасы пахлi дарагiм мылам, i здавалася, што гэта пахне блакiтненькая шпiлька, што гэтак прыгожа сцягвала белы гафтаваны каўнер сiняй блузкi. Стасюк ацiраўся каля вялiкiх i ўсё дурыўся:

– Цёця Агата, есцi.

– Ты ж еў кагадзе.

– Зноў хачу.

Зыгмусь Чухрэвiч памог ёй адчапiцца ад Стасюка.

– Няможна так часта есцi, няздорава.

– Чаму?

– Няздорава на жывот.

– Сапсуецца жывот?

Фэлька ўзяў Стасюка за руку i вывеў на двор. Вiдаць было праз вокны павёў у сад, каб абы адчапiўся ад Агаты. Зыгмусь Чухрэвiч падкруцiў вусы, дастаў з кiшэнi партабак з бярозавай чачоткi i дастаў тоненькую папяросу. Пакуль трымаў у пальцах, Агата, гледзячы, думала, што ў яго прыгожыя рукi тонкiя i белыя зверху. I, закурваючы, ён зноў пачаў бедаваць, што вусень аб'еў сад. Гаворка яго была вялая, кожнае слова як бы абдуманае. "Здаецца, памагла б яму", - думала Агата, падышоўшы да люстэрка i папраўляючы грабянi ў валасах. У хаце была прыемная хмурнасць, - неба ў той дзень было шэрым, але высокiм. Сонца неглыбока было схавана за тонкую пялёнку ветравых хмараў, вецер шастаў за вокнамi садам, сад нехаця пачынаў жаўцець. Аж у хаце, здавалася, чуваць было, як пахнуць у садзе бэры i вiнёўкi. Цыганкi чырванелi над плотам i над страхою прыгрэбкi. Нават запозненыя спасаўкi падалi яшчэ на траву i разлiвалiся ў ёй зялёным кiсялём.

– У вас добра сад захаваўся ад вусеня, а ў мяне дык каб, скажам, на завод яблыка адно.

Агата ўздыхнула.

– Чаго вы, панна Агата, уздыхаеце?

– Нiчога, так сабе.

– Мусiць, сумна чагосьцi?

Агата глядзела, як ад усмешкi пайшло ў яго па твары шэсць вельмi сталых зморшчкаў, па тры з кожнага боку, i схавалiся яны канцамi сваiмi ў вясёленька падкручаных вусах.

– На фэст, панна Агата, не збiраецеся?

– Не думала яшчэ. Можа i пайду.

– Можа разам пойдзем?

– Будзем бачыць.

– Сядайце, панна Агата.

– Дзякуй, у сваёй хаце можна пастаяць.

I тут яна падумала, цi не сказала чаго лiшняга, можа за тон гаворкi яе пакрыўдзiцца кавалер. Тады ветлiва, наколькi льга было, усмiхнулася:

– Вы таксама нейкi сумны.

– Не, чаго ж я. Сядайце.

Ён устаў з доўгага памалёванага столка i паставiў яго каля яе. Агата села. Ён сеў поплеч яе, заглядаючы ёй у вочы.

– Пра што вы думаеце?

– Вам трэба ведаць?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: