Вход/Регистрация
Пачуццi
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

Андрэй весела ўсмiхнуўся, i нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь цi куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзiць на другi бок рэчкi. А цыган сядзеў ужо над самай вадою i перакусваў двума пярэднiмi зубамi саломiнку.

"Што яму скажу?" - падумаў Андрэй.

– Табак маеш?
– гукнуў цыган.

– Маю.

– Д-дай, будзь ласкаў.

– Можна.

– А можа многа маеш, дык я куплю.

– Няма.

– Я добра заплачу.

– Дык няма ж.

Андрэй быў рад гэтай гаворцы i сеў на беразе.

– От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, сказаў ён цыгану.
– Чаму сягоння цiха?

– Няма. Паехалi ўжо.

– Хто?

– Музыканты нашы... i спявачкi.

– Куды?

– А я не ведаю. Пайшлi ранiцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалi. Некуды iграць на зiму нанялiся, мусiць.

Тады раптам адчуў Андрэй нейкi страх перад тым, што гэта ж i тая дзяўчына, мусiць, паехала. Тады стала ясна яму, якi смутак вялiкi ў яго па ёй.

– Тут учора адна вельмi ж скакала.

– Тая яшчэ тут.

– Не паедзе?!

– Паедзе зараз. Яна скакаць i спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, i яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...

Апошнiя словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомнiў, як летам ездзiў ён у горад купляць патрэбныя яму кнiжкi, быў у тэатры i бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякiя дзiкiя прасторы.

Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкi з аеру i кiдаць у ваду.

– Слаўная дзяўчына, - сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.

Цыган з-пад iлба нейк непрыветлiва глянуў на яго, i голас яго перайначыўся, стаў нейкiм трохi варожым:

– А табе што?

– Мне што?

– Але.

– Што ж мне?! Мне нiчога. Хiба я павiнен гаварыць, што яна няслаўная, калi яна слаўная.

– А ты як жа гэта ведаеш?

– А можа i не, чорт яго ведае.

– То ты чаго ўжо кiнуўся ў другi бок?

Андрэй паглядзеў на цыгана i падумаў: "Што мне гаварыць з iм i нашто гэта я з iм гавару... I што для мяне яго сястра?! Хiба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як i я ад яе. Яна недаступна мне, як i я ёй, i думкамi нашымi, i настроямi..."

Яны яшчэ раз удвух закурылi, i цыган падняўся, моцна пацягнуўся i пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткi сiняя суконная камiзэлька з залатым тоўстым ланцужком i цацкамi ад гадзiннiка, i ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмi ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нiзкiм беразе.

– Табе трэба iсцi куды?
– сказаў Андрэй.

– Куды мне трэба iсцi?!
– задумаўся цыган i, памаўчаўшы, сказаў: Пайсцi на дарогу, там нашы ехаць павiнны...

I яны ўдвух перайшлi на другi бок рэчкi i абодва пайшлi ў розныя бакi, холадна нейк развiтаўшыся... Раней дык цiкавiў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з iм разам. Раней цiкавiў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкiм варожым. Андрэй адышоўся трохi, пасля азiрнуўся, каб упэўнiцца, цi далёка ён. Яго не было ўжо вiдно, i Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пiльна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкi. Цiхiя i ў адзiноце стаялi яны. Вакол iх скрозь быў роўны i нiзкi поплаў, згрызены i пажоўклы, налева жаўцелi кусты, а направа i проста роўнасць даходзiла далёка да сiняй нiзкай iстужкi - можа лесу, а можа хмар. Было блiзка некалькi не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькi лапiн ад вогнiшчаў i далёка наводшыбе блiшчаў пад жоўтым сонцам белы конскi чэрап, высахшы i струхлеўшы пад вятрамi. Гэта была вялiкая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай фiласофii прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павiнна была быць высокая трава, горача i страшна ясна свецiць сонца i дзьме гарачы вецер. I пад ветрам гэтым трава будзе спяваць цiхiя i задумёныя песнi над конскiм чэрапам. I мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явiцца на ёй чалавек i не засмяецца над законамi гэтай мелодыi...

"Гэта ж Нонна яна завецца", - набегла раптам у Андрэя думка, i ён нейк па-дзiцячаму ўсмiхнуўся...

I пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з iм робiцца.

IV

...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры i трава халодныя... Вiдны людзi, часам больш iх, часам менш, i нечым i нейк жывуць яны... I там далей таксама гэта ёсць, i калi я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свецiць, i шырокi поплаў жоўты ад яго. I журботна нейк ад таго, што стала пуста i глуха, як паехалi ўсе...

Такi i заўсёды быў настрой i такiя адчуваннi Нонны.

Не было вялiкiх клопатаў, не вельмi заядалi яны душу i розум, не ўтамлялi яны... Былi вялiкiя захапленнi, i тады малое здавалася вялiкiм, вялiкае ж малым здавалася, толькi часта было яно чужым i няважным.

Зiмою трэба было жыць у вёсках i мястэчках, даводзiлася жыць i ў гарадах, i як толькi пачынаў раставаць снег, зноў пачыналiся паплавы ды палявыя дарогi. Зiмою сустракалася больш людзей, i не то што каб цiкавiлi гэта вельмi яны, але нейкiмi новымi i непрывычнымi здавалiся, i хто-небудзь з iх часам пачынаў як бы цiкавiць, а пасля прападала гэта...

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалi абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткi i жаданнi, i тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зiмою жылi ў горадзе, i тады былi спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокi i не першай ужо маладосцi. Элеганцкi звiнеў шпорамi, удала ездзiў на канi. Часта тады хадзiла Нонна з iм у тэатр i адтуль вынесла пакланенне звiнючаму бляску сцэны ў музычнай камедыi. Адзiн раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслi на руках на сцэну, i яна горда прымала воплескi i пакланенне публiкi. Тады надоўга захапiлася яна гэтым малюнкам, i яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалi з горада, выехаў некуды i вайсковы i ўжо мала калi i ўспамiнаў пра Нонну, а калi i ўспамiнаў, дык толькi хiба нарочна, халодным сваiм розумам, каб больш давесцi сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсiм, заўтра ўяўляецца нiчым...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: