Вход/Регистрация
На беразе
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

– Так, - сказаў хлопчык i засмяяўся.

– Ходзiць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку i паказваючы пальцам на сына, - i мне памагае.

– Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збiраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацiлася за лес, i, развiтаўшыся з iмi, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькi фурманак з жытам, а на другi бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалi на двухкалёсным зялёным возе i некуды спяшалi.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.

III

– Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы i з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакiдаў крычаць i, мусiць, любаваўся сваiм голасам, якi зычна, на некалькi раз, паўтараўся на другi бок ракi, у лесе.

Працiраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.

– Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

– А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз?
– пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

– Адна.

– Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром цiха рушыў назад.

– Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

– А што?!
– гукнуў з-за воза голас.

– Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?

– З горада.

– Куды?

– На гранiцу.

Памаўчалi.

– Што за рака?
– бухнуў той жа грубы голас.

– Лоша.

– Слаўнае месца. Лесу многа.

– Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!..
– гукнуў з берага нецярплiвы голас.

– Чаго арэш, не пакiнем, не бойся!
– гукнулi з парома.

– Э-э-э, там, о-о-э!..

– Хочаш скарэй - кiдайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалi цiш светлае ночы. Паром i без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць i слухаць зычныя рэхi ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкi, ужо раскладвалi агнi. Аднекуль цягалi лом, сухiя дубцы i збiралiся каля агнёў кучкамi. Выпрагалi i кармiлi коней.

Гадзiны праз дзве ўсе ўжо перабралiся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотнi, яны зразу напоўнiлi цiхi i пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як "грукалi" конi, жуючы сечку. Гарэла некалькi вогнiшчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкi, i глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзiн твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымi, падстрыжанымi вусамi.

"Няўжо Юрась з Даўгiнава?" - падумаў Амелька i хацеў ужо падысцi блiжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлi i, пiльна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзiць вакол будкi, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымецiўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму i запытаў:

– Паромшчык?

– Але, - адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

– Тутэйшы?
– зноў запытаў Юрась.

– Не пазнаў?
– у сваю чаргу запытаў Амелька.
– Юрась, так?

– Чакай, - сказаў замест адказу Юрась i, схвацiўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

– Амелька!
– крыкнуў ён весела.
– А я такi думаю - хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, i стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваiм чалавекам. Аж так яно i ёсць. Ну, як жывеш?

– Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

– У войску, старшым тэлефанiстам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзiць праз свае, родныя мясцiны.

– Дома будзеш?

– Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусiць, дняваць будзем.

– Не надаела служыць?

– Не. Каб на адным месцы стаялi, можа i надаела б. Але служба такая папалася жывая - сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так нiколi не надаесць. Разглядай сабе свет i жывi. Весела так.

– А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозiць. Што за чалавек i адкуль?

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: