Шрифт:
Алесь пастанавiў наведаць РСМП - дзяржаўную палiцыю, што ў гэны час займалася, апроч iншага крымiналу, бясьпекай грамадзянаў краiны. Хацеў распытацца, цi ўлада можа якiм чынам памагчы спынiць хвалю камунiстычнага прапагандовага смуроду, якi залiваў ягоных суродзiчаў - новых Канадыйцаў. Параiлi яму пабачыць сяржанта Макнулты, якi, мабыць, займаўся справамi чужой падрыўной прапаганды. Прыстойны й ветлiвы мужчына сярэдняга веку ўважна выслухаў Алеся, ня спыняючы яго, пасьля ўстаў з-за стала й адчынiў пару высокiх мэталёвых шуфлядаў пры сьцяне.
– Хадзiце сюды, зiрнiце!
– сказаў Якiмовiчу.
У Алеся вочы разьбягалiся. Паўнюсенькiя шафкi таго "дабра" ад усходня-бэрлiнскага камiтэту прынамся ў дванаццацi мовах. I ўсе гэтыя "завяртанскiя" "газэткi", разам iз знаёмым дэвiзам "пралетары ўсiх краiн, яднайцеся", у архiве палiцыi гэтай шчодрай у дапамозе выгнаньнiкам з iмпэрыi Гулагу, выглядалi такой ненавiснай i нiкчэмнай недарэчнасьцю.
– Вы ня першыя, што з такiмi скаргамi прыходзiце да нас i напэўна не апошнiя, - паясьняў сяржант Макнулты.
– Такiя цi падобныя скаргi атрымлiваем амаль кажны дзень.
– I што вы робiце, каб гэтым людзям памагчы?
– У нас зьвязаныя рукi. Пошта ня можа й ня будзе правяраць кажнае пасылкi, што прыходзiць з-за зялезнае занавесы. Наша права не забараняе атрымлiваць i варожую прапаганду. Вольнасьць слова, прэсы i падобнае...
– Але-ж гэта ня ёсьць нейкая звычайная прэса, - узлаваўся Алесь.
– Цi вы не разумееце? Яны шантажуюць людзей, дома пагражаюць iхнай раднi, ставяць многiх пад небясьпекай рэпрэсii з рук дзяржаўных ворганаў. Цi-ж вы ня бачыце эфэкту такой iхнай антыгуманнай акцыi? Тут iдзе пра запалохваньне грамадзян нашае дзяржавы, шантаж...
– Мы поўнасьцю гэта разумеем, мiстар Якiмовiч, ды, на жаль, ня можам гэтаму запабегчы. Мы зьвярталiся да паштовых уладаў. Iхны адказ: правяраць i эвэнтуальна цэнзураваць прыватнай перапiскi, згодна з нашым правам, ня можам...
– I гэта ўсё? Вы нiчога ня можаце зрабiць, каб спынiць хвалю гэтага камунiстычнага бруду?
– Мне прыкра... А цi вы не маглi-б нам памагчы?
– Як гэта памагчы?
– Калi вы ведаеце якога-небудзь iхнага агента, каторы зьбiрае для iх iнфармацыi пра Канадыйцаў да памагае iм у гэтай нiкчэмнай працы, дык мы такiмi людзьмi цiкавiмся.
– Дзякую за добрую iдэю, - скрывiўся на твары Алесь.
– Буду прыглядацца i прыслухоўвацца.
Алесь падзякаваў Макнулты за ягоны час, выйшаў на вулiцу, сеў у сваё аўта й думаў. Кажны год у першы панядзелак верасьня ў Злучаных Штатах i Канадзе ёсьць так званы Labor Day. Даслоўна гэта азначае "дзень працоўных", канкрэтна - сьвята працоўных. Людзi ня йдуць на працу, кампанii iм усёроўна за гэты дзень плацяць, а працоўныя зь iндустрыi ладзяць розныя дэманстрацыi, у якiх рэклямуюць свае дамаганьнi й палiтычныя праграмы. Нашы суродзiчы празвалi гэны дзень сьвятам Лебярдзея.
У 1952-м годзе на канадыйскiм баку Нягары 5-га i 6-га лiпеня Беларусы ЗША й Канады зарганiзавалi першую Сустрэчу Беларускай Моладзi Паўночнай Амэрыкi i сьвяткавалi Купальле. Прысутных вiтаў, як пiсала газэта "Беларускi Эмiгрант", i "надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар". Гэткiм чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспублiку, што вялi вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавiка ў Менску, цяпер, на амэрыканскiм кантынэньце, перадалi сымбалiчны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзi, якая пасьля апошняй вайны тут пасялiлася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзiчаў i шматлiкае колькасьцi моладзi, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкi, што пачалi адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзiлi сустрэчы, - каб усiм было выгадна й часу хапала, - да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.
Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi мае адбыцца ў Радфардзе, - прыгадаў Алесь Якiмовiч. I вось што... Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камунiстычнае поскудзi? На гэткiя сустрэчы звычайна зьбiраецца маса суродзiчаў ня толькi з Амэрыкi, але бываюць i госьцi зь iншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя i зарганiзаваныя беларускiя нацыянальныя асяродкi. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзiчаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакi супраць бальшавiцкае агентуры з Усходняга Бэрлiну?
29
Апошнiмi часамi Веры спакваля пачало падабацца адзiноцтва. Магла чытаць, нiхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Нiна Ляскiн, пiльнавала яе, распытвалася заўсёды - хто, што, дзе, калi i як?
– пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квялiла гэта. Нават забаўлялася думкай, што цi ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.
Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськiнула з ног рудыя шлёпкi-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткi ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любiла сырую гароднiну. Цяпер лянiвым рухам левае рукi разлажыла малую ўсходня-бэрлiнскую газэтку побач на кафейным столiку, акiнула зрокам першую бачыну. Нiчога тут цiкавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе... Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якiмовiч. Дзяўчына, каб ужо зусiм упэўнiцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, - сумлеваў няма, - Алесь Якiмовiч, ейны дарлiнг!