Шрифт:
Нiк прыглядаўся ёй i думаў, цi яна апынулася ўжо ў тых учэпiстых руках, якiя зацягнулi яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогi.
– Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё вiну звальвае. Бачыш, Нiк, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца...
– Чаму не? Твая праца?
– Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нiк, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволi скамплiкаванае, цяпер ня буду выясьняць... Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусiм ведаю, што маю далей рабiць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкi. Я старалася знайсьцi выхад, але тымчасам не магла.
– Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?
– Нiк, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць... Цi ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калi-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.
– Але-ж некалi да яго вернешся?
– Спадзяюся, Нiк. Шчыра гавару.
– Скажы мне, калi ласка: цi ты яшчэ цяпер скрываешся ад палiцыi i чырвоных?
– Хто сказаў, што я скрываюся ад палiцыi i чырвоных?
– Наколькi памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзiў магчымасьцi небясьпекi для цябе ад камунiстаў.
– Аж так? Ну, можа я й скрываюся...
Наступiла маўчаньне. Нiк зiрнуў на гадзiньнiк.
– Сьпяшыш, Нiк?
– За гадзiну сядаю на аўтабус.
– Iлгун ты, Нiк. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзiце аўтабусам?
– Твая праўда. Самалётам еду.
– Вось так лепш. Дык ня маеш часу?
– Для цябе часу ў мяне хопiць. Хочаш яшчэ вiна?
– Я ня супраць.
Нiк заказаў напiткi.
– Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я нiколi не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьцiпла гаворачы, паказухi... Я-бы прысягнуў... Табе гэта падабаецца?
– Я ненавiджу гэткую працу, - скрывiлася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць.
– Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, - у вачох такая юрлiвасьць... Мiж iншым, як я табе спадабалася?
– Надзвычайна! Цi маю выразiць сваё захапленьне з кветкамi?
– Нiк, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска...
– Дык ты хочаш быць ананiмнай? Калi такую працу гэтак ненавiдзiш, дык хто цябе змушае да яе?
– Нiхто, Нiк, нiхто. Абставiны... Мне прыкра, Нiк, шмат рэчаў не магу табе высьнiць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьцi там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калi пабачыла мяне, пачала хвалiць мой выгляд i раiла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпiла зь яе, каб адчапiлася ад мяне. Яна сур'ёзна пераконвала мяне, што гэта зусiм паважная прафэсiя.
Нiк уважна пазiраў у ейныя вочы. Ня бачыў у iх ценю хвальшу.
– Я апынулася ў цяжкiм становiшчы. Бяз працы, у пазыкi залезла. Даходзiлi слухi, нiбыта мяне шукаюць. Якi-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лiстала нейкi журнал i пабачыла жанчыну ў масцы. Голад i даўгi - не сябры. Нарадзiлася iдэя... ў масцы. Сяброўка мяне завяла.
Вера спынiлася.
– Ну i?
– Нiк, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Нiколi не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калi-ж ёсьць, як вiдаць, такi вялiзны выбар, дык ты мусiш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзiцца, цi што... Усё гэта мне здалося агiдным.
Падалi напiткi. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нiк яе спанукаў.
– Дык, за тваё здароўе!
– Нiк падняў келiх з брэнды.
– На здароўе.
Вера ледзь памачыла вусны вiном i прадаўжала.
– Калi прыйшла мая чарга, я пайшла на iнтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам "iнтэрвю". Той агент намякаў, рукамi лез, можаш уявiць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў i плакала...
I запраўды сьлёзы наплылi ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла iх. Нiку зрабiлася няёмка.
– Ведаеш, - прадаўжала Вера, - усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад i, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялi.
– Прабач за пытаньне: мусiла ты яму сэксам заплацiць?
– Нiк, ня ткай носа туды, дзе ня твой бiзнэс... Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цiкавасьць ужо задаволiлася?
У вачох ейных зьявiлася перамога.
– I як-жа так скора ты да зоркi дабралася?
– насядаў Лок.
– Але-ж ты недаверлiвы, Нiк. Скажу праўду: трыкi памаглi!