Шрифт:
Раптам яна ўспомніла ўсё. Учарашні званок ад Лагуна, яго блытаны расказ пра тэрміновы рэдсавет. Пра тое, як ўсё скончылася, як без яе хуценька ўсё вырашылі. Як ціснулі на аўтара, ламалі яго. Яна жыва ўявіла, як з яго здзекваліся. Ды і з яе заадно. Уколаты гонар, абражанае самалюбства, адчуванне, нібыта не чужы сцэнар зарэзаны, а яе ўласны. Сама супакойвала аўтара:
“Нічога страшнага, Усё можна паправіць”, – а на душы было моташна.
Здрада сяброў, Рыты з Камаром, нават не прыйшла ёй у галаву. Што яны могуць? Як і гэты хлопчык. Які цяпер каецца. Злосць ці, хутчэй, іншае пачуццё, неўразуменне – было толькі на Хрушчанку. Як жа ён усім абрыд і ўсіх дастаў. Раніцай, на любімай тэрасе, яна сярдзіта расказвала мужу.
– Памятаеш той сцэнарый? Дык вось: узялі, без мяне правялі рэдсавет, на якім прымушалі аўтара прадаць ім ідэю і, па сутнасці, адмовіцца ад уласнага твора…
– Як Джардана Бруна?
– Табе смешна. Тут, уяўляеш, у чым подласць і нізкасць: не ў тым, што без мяне, а ў тым, што я паабяцала яму, што ўсё будзе добра. Дала надзею.
– Як Фрыдзе ў Булгакава? – але тут муж зразумеў, што перайграе, і змяніў тон. – І што, няможна ніяк выправіць?
– Чаму, можна, канечне. Ён нічога яшчэ не падпісаў.
– Дык чаму ты марудзіш? Трэба ехаць да яго. Паспрабаваць адгаварыць.
Яна няўпэўнена сказала:
– А што. Гэта ідэя. Бадай, я так і зраблю. Цяпер ужо з прынцыпу я павінна давесці справу да канца.
На гэты раз яна паставіла машыну ў дварах, не даязджаючы да інтэрната, і пайшла пешкі. Раніца была ясная і сонечная. Пасля хваробы злёгку кружылася галава. На дарожцы, выкладзенай пліткамі, пад ногі трапляліся каменьчыкі. Інга ішла, па-школьнаму стараючыся не наступаць на швы паміж плітак. Пліткі былі розных формаў: то падобныя на спінныя костачкі ў шкілеце, то як тоўстыя беларускія “і” без кропкі, то – пчаліныя соты, а то нават, як сэрцайкі, нібы лайкі ў Фэйсбуку. Дзве птушкі нізка праляцелі, і два цені прабеглі па дарожцы – нібы было 4 птушкі. Маленькая дачка з брусочкам крэйды ў пальцах пытала ў бацькі, якую пароду сабакі яны толькі што бачылі. “Двортэр’ер”, – адказваў бацька. З газона перад Інгай, проста з-пад зямлі, як крот з чэшскага мультфільма, паказалася галава ў будаўнічай касцы – там быў у траве каналізацыйны люк, з якога па лесвіцы і вылез рабочы. Воддаль яго напарнікі ў аранжавых камізэльках прылеглі ў цяньку пад дрэвам адпачыць. У інтэрнаце той самы вахцёр з тым самым пахабным позіркам пазнаў яе. “Дома. Адзін”, – прамовіў з ухмылкай, абсалютна двухсэнсоўна. Іншым разам яна пакрыўдзілася б, а цяпер увагі не дала. Стук. Дзверы адчынены. Ёй зноў не спадабалася гэта. Увайшла. Шум вады з душа. Знаёмы папугай – лімоннага колеру шарык з бурштынавай дзюбкай. Яна падышла да клеткі, папугай зачырыкаў і павіс уніз галавой. Студэнцкі, мулкі нават на выгляд ложак. Інга паспрабавала яго рукой. Прысела. Адчула раптам сябе такой стомленай, што захацелася прылегчы, як Машы ў “Трох мядзведзях”. Бог ведае, якія думкі палезлі ў галаву. Ёй падумалася, што гэты ложак, гэтыя прасціны, і матрац, і капа зусім не цнатлівыя. Аб чым могуць расказаць, што бачылі гэтыя светленькія шпалеры з рассыпанымі па іх, як па лузе, дробнымі рамонкамі? Выйшаў з душа Лагун, захутаны ў махровы вялікі ручнік, застыў, убачыўшы госцю, і раскрыў рот у вінаватай усмешцы. Яна засталася сядзець на ложку.
– Чаму вы не зачыняеце дзверы? І потым: чаму вы так лёгка здаліся? Я ж прасіла не спяшацца. Кіно складаная штука…
– Я не чакаў, што настолькі складаная.
– Нічога не страчана, – дзелавіта казала яна. – Нават калі б вы падпісалі, існуе працэдура адклікання подпісу. А вы нічога пакуль не паспелі.
Ямачкі на шчоках, цёплыя жывыя вочы, прыгожыя ногі; аказваецца, і душа таксама. Ад яе прыемна пахла надзвычай ахайнай, здаровай, пажадлівай чалавечай самкай. Гэты пах прабіваўся праз ледзь улоўныя духі, якімі яна карысталася ў вельмі рэдкіх выпадках.
– Вы мне паможаце?
– Я дзеля гэтага прыехала.
А калі ён пачаў дзякаваць, яна нечакана закрыла даланёй яму рот і пагладзіла па мокрай галаве. Тады ён, зноў шырока ўсміхнуўшыся, прыцягнуў яе да сябе, даволі ўмела і вопытна для таго хлопчыка, які склаўся ў яе ўяўленні. Яна не паспела ні пакрыўдзіцца, ні абурыцца, як яго рука ўжо ссоўвала набок яе трусікі, і ўсё, што ёй заставалася, гэта прашаптаць:
“Ну не цяпер жа… Дзверы! Замок!”
Пазней, успамінаючы ўсё, яна не магла ўзяць у толк: што гэта было? Насланнё? Нейкі памарак? Вясна? Радасць ад жыцця, энергія, якая ўзнікае пасля хваробы і падвойвае сілы? Гулкая цішыня на калідоры, веданне, што ўсе на занятках, перанос у студэнцтва, настальгія па ім? Ці, можа, наадварот, менавіта таму, што вакол поўна небяспекі, усё забаронена, кожную хвіліну маглі пастукаць, увайсці; нават тое, што дзе-небудзь можа аказацца прыхаваная відэакамера – усё гэта толькі абвастрала памкненне і, можа, менавіта таму так хацелася гэтую небяспеку паспрабаваць на смак?
Ці гэта быў той выпадак, калі нешта адбываецца без прычыны, бяздумна; нібы загадвае нехта, штурхае чорт пад руку, – так баязлівец у пэўныя хвіліны робіць тое, што сам пасля не можа вытлумачыць, напрыклад, скача ў ледзяную ваду, каб выратаваць тапельца, ці ўбягае ў ахоплены агнём дом, і наадварот – моцны, рашучы чалавек дранцвее ад страху, убачыўшы мыш, і гэтак жа сама не можа пазней даўмецца, чаму.
А можа, яшчэ прасцей. Мо Інга адчула да яго тое самае, што і іншыя асобы жаночага полу: аднакласніца, і дзяўчына з поўдня, і настаўніцы, і дама з прыёмнай камісіі, і выкладчыцы на сесіі, і камендантка інтэрната, і начальніца па кошыках у гіпермаркеце – гэта было пачуццё шкадавання, ці то пяшчоты, ці спакуса яго безабароннасцю (падманнае пачуццё!), адпаведна, і адчуванне ўласнай бяспекі – такі нічога нікому не раскажа.
Папугай сціх, прыслухоўваўся, нахіліўшы лімонную галоўку, і, здавалася, уважліва сачыў за тым, што адбываецца.
“Ён не раскажа?” – прашаптала Інга. А потым, прыводзячы сябе ў парадак, строга казала:
– Цяпер паслухай. Тое, што здарылася, не павінна было здарыцца. Але гэта нічога не значыць. Раз ужо адбылося, першае – маўчаць. Не ўздумай нікому хваліцца.
– Я і не збіраўся.
Але яна паўтарала:
– Не будзеш хваліцца? Хаця я ўпэўнена, што будзеш. І, канечне, табе не павераць.
Села, падабраўшы пад сябе нагу, гледзячы ў люстэрка смартфона, паправіла валасы. Лагуну прыйшло ў галаву, што ён не павінен маўчаць, што нешта ж робіцца і кажацца ў такіх выпадках. Падзякаваць, ці што. Ён выціснуў з сябе:
– А я вас даўно ведаю, – сказаў і не схлусіў.
– Як даўно?
– Тры гады, шэсць месяцаў і тры дні. Вы прыязджалі да нас на здымкі.
– Не, не памятаю, – паціснула яна плячом. – Хаця здымкі, канечне, помню. Прыроду. Потым – няшчасны выпадак нейкі, з маланкай і з тэлефонам звязаны.