Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Заходзь смела, паважна. Каб зрабіць уражанне.

Але ніякая смеласць і паважнасць уражання на «ўсемагутнага Грабара», маленькага лысаватага чалавечка, не зрабіла. Ён не адказаў нават на іх прывітанне і прадаўжаў размову з двума сваімі работнікамі: вырашалі важнейшае пытанне — у якую краму перамясціць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапіўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, і незадаволена звярнуўся да наведвальнікаў:

— Вам што, таварышы?

— Я — Шыковіч, — сказаў Кірыла і ўбачыў, што прозвішча яго ніякага ўражання не зрабіла. Нязлосна падумаў: «Газеты чортаў гандляр не чытае». Аднак рушыў далей: — А гэта — Яраш, наш праслаўлены хірург.

Антон Кузьміч сціснуў кулакі.

Але — о дзіва! — перад Ярашам маленькі Грабар пачціва падняўся, працягнуў руку:

— Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмі прыемна.

«Клюнула», — падумаў Кірыла, падставіўшы крэсла сябру. Сеў побач сам і тут жа пайшоў у наступленне:

— Справа такая, таварыш Грабар… У Антона Кузьміча жаніўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасці.) Хлопец узначальвае брыгаду камуністычнай працы на станкабудаўнічым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь… Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.

— Разумею. Усё зробім, — чамусьці ўзрадаваўся дырэктар.

Яраша неаднойчы здзіўлялі нечаканыя выдумкі Шыковіча. Але гэтая яго проста ашаламіла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужліва стрымліваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзіваком. У цесным калідоры ён даў сябру кухталя.

— А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!

Яны паклікалі Машу. І сам Грабар, вырашыўшы, відаць, за тры хвіліны, якія яны чакалі яго, куды перавесці Гаюнкову, павёў іх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзівіў Машу. Раптам спытаў:

— Нявестка, таварыш Яраш? — і працягнуў руку, пачаў віншаваць.

У дзяўчыны бровы палезлі на лоб.

Але Шыковіч міргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.

На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнітур вытворчасці адной з латышскіх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нізкі стол, разборная кніжная паліца, нізкія зручныя крэслы.

— О, у вас густ! — усміхнуўся Грабар. — Я мог бы ўзяць вас тавараведам. — І пашкроб патыліцу. — Мы пакідалі гэта для выстаўкі-продажу. Але калі такі выпадак — бярыце.

У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзіну прывезці, яны рагаталі з выдумкі Кірылы Васільевіча. Асабліва смяшыла, што «мэблевы начальнік» палічыў Шыковіча «заўхозам» Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хітры Шыковіч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму і выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славік балбатун. І ёй зноў стала весела ўжо ад іншай думкі: можа здарыцца, што некаму з іх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны — жаніцьба сына.

* * *

— Ну, Соф'я Сцяпанаўна, пара дадому.

Словы Яраша, іх тон, не, як звычайна, афіцыйна-лекарскі, хоць і ласкавы, а нейкі вельмі ўжо сяброўскі, спалохалі Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзіўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзіся на лёс, жыві, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, і нічога не баялася, ніякіх хвароб, ніякіх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы — яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якім яна жыла многа год, і ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў і практыкантаў)… Прайшло многа добрага… Яраш яшчэ колькі дзён назад сказаў, што атрымалі для яе кватэру амаль у цэнтры горада. І Маша паведаміла з радасцю: «Такая сімпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас». Вярнулася здароўе, знайшліся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзіў.

Збірала рэчы, пераапранулася — і ў яе калаціліся рукі, ногі.

— Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпісвае? — загаварыла бабуля-санітарка.

Зося сама з задавальненнем засталася б у бальніцы. Тут яна хоць з усімі і ўсім звыклася, нават са сваім страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якімі шумеў вялікі горад. Дзень быў не вельмі вясёлы — амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лісце. Можа, і ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?

Магчыма, што адчуванні яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волі, спусцілі ў глыбокую шахту, завалілі і пратрымалі там у цемры доўга-доўга. А потым другія людзі, добрыя, адкапалі і паволі падымаюць наверх. І вось гэты міг, калі ён павінен ступіць на паверхню зямлі, убачыць неба і сонца, — самы страшны. Не аслепнуць бы!

Правесці яе выйшлі многія лекары, сёстры, санітаркі, хворыя аддзялення, якія маглі хадзіць. Яны ведалі яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цікавіла іншае: хворую выпісвае і забірае сам Яраш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: