Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Я ведаю, як ты любіш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабілася разумная.

— Любоў ніколі не бывае разумнай, — адказала яна старой кніжнай ісцінай. А яму гэтая сцёртая ісціна чамусьці здалася амаль адкрыццём. Ён падумаў:

«А праўда, ёсць яна ў каго, разумная любоў?»

Антону Кузьмічу не зрабілася непрыемна ад таго, што жонка лашчыцца. Наадварот, яму раптам чамусьці захацелася ласкі. Ён узяў яе руку і прыціснуў да сваёй шчакі. Галіна Адамаўна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць. Вось яна, яе перамога, яе шчасце. Ад такога раптоўнага шчасця бывае, што разрываецца сэрца. Яна баялася паварухнуцца, нібы яно магло выпырхнуць, шчасце, ці выплеснуцца з сэрца. А яна даражыла кожнай кропляй яго.

Яны доўга маўчалі.

Кажуць, мозг выпраменьвае электрычныя імпульсы.

Каб яна мела здольнасць лавіць іх, то ўбачыла б, што яго мозг у той міг быў радыётэлескопам, які шукаў згубленую зорку.

Дзе яна?

Куды знікла?

Галіна Адамаўна спытала нарэшце:

— Будзем абедаць?

— Будзем абедаць.

Яна адарвалася ад яго, адчыніла шуфляду серванта, выхапіла бялюткі абрус, узмахнуўшы, заслала ім стол. Антон Кузьміч адышоў да акна. Жонка кінулася на кухню, уміг вярнулася з талеркамі, прыборамі. Паставіла на стол і з пяшчотай у голасе сказала:

— Мы не сустракалі Новы год.

Антон Кузьміч адказаў абыякава:

— Не сустракалі…

Ён не заўважыў, як яна знікала і з'яўлялася зноў. Некалі ён любаваўся яе спрытнасцю ў дамашняй рабоце: усё гарэла пад яе рукамі. Цяпер ён думаў пра іншае, не задумваючыся, адказваў ёй.

— У нас не крануты ўвесь навагодні запас віна. Што ты будзеш піць?

— Усё адно.

— Шампанскае?

— Не. Лепш каньяк.

— Можа, паклікаць Кірылу?

— Як хочаш.

— Не. Я хачу быць з табой. Каб ніхто не перашкаджаў. Дзеці пайшлі на каток. Яны не паверылі, што ты так рана прыйдзеш.

— На ноч бярэцца мароз.

— Але… Пятнаццаць ужо.

— У полі, напэўна, больш.

— Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзіцца.

— Наташа не прастудзіцца.

— Прашу вас, доктар, да стала.

Ён здзівіўся, што за такі кароткі час — некалькі хвілін — яна так хораша і прыгожа сервіравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая маці і гаспадыня.

Антон Кузьміч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пільна, з замілаваннем і пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замілаванне неяк дзіўна збянтэжыла яго. Зрабілася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамі. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю — не заліць бы абрус! — шампанскае.

Галіна любавалася яго вялікімі і прыгожымі рукамі, павольнымі рухамі.

Ён наліў шампанскае ў высокія келіхі. Стралялі пахучымі пырскамі бурбалачкі, лопаючыся.

— За нашых дзяцей! — першая прапанавала тост Галіна Адамаўна, па-мацярынску шчыра.

— За нашых дзяцей.

Наташа ціха адчыніла дзверы (у кожнага з іх свой ключ, бо выходзілі з дому і прыходзілі яны ў розны час), ціха палажыла канькі, ведаючы, што маці не любіць, калі стукаюць, а ў апошні час маці вельмі нервовая. І раптам паверх занавескі на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што маці і бацька сядзяць за сталом і… чокаюцца келіхамі. Памірыліся!

Ёй гэта найлепшы навагодні падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзіцячай непасрэднасці. Ускочыла ў пакой, калі яны толькі прыгубілі келіхі, здзівіўшы іх — адкуль узялася? — падбегла да бацькі, абняла, моцна пацалавала.

— Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны! — Потым, як вавёрка, пераскочыла да маці, пацалавала яе. — І цябе люблю, мама! — І закружыла па пакоі, як на катку, грацыёзная ў сваіх блакітных штоніках, чырвоным світэры і такой жа чырвонай шапачцы. — Я люблю вас! Я ўсіх люблю! Усіх добрых людзей!

Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з'явілася дачка. Прапанаваў жонцы:

— Вып'ем за добрых дзяцей. І за добрых людзей!

Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такі час?

1960–1963 гг.

  • 1
  • ...
  • 154
  • 155
  • 156
  • 157
  • 158
  • 159

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: