Вход/Регистрация
Чазенія
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Над звярынай сцежкай навісаў тоўсты сук дуба. Дзяўчына падцягнулася на руках, гнутка і спрытна хістанулася целам і, закінуўшы нагу, села на гэты сук вярхом.

– Наце. Так я і думала. Вось белыя поўсцінкі.

– Хіба ён белы?

– Ён іржава-жоўты на баках і спіне. Але ж ён не чалавек, каб на спіну класціся. А бруха ў яго белае. – Скокнула на зямлю. – Пастарайцеся хаця б на вока прыкінуць памеры і вагу забітага. Гідка, але пастарайцеся.

Севярын з вялікай напругай ускінуў тушу ізюбра, трымаючы яе ля капытоў. Кроў кінулася ў аблічча.

– Пудоў дзесяць, – сказаў ён, апускаючы ношу. – Можа, трохі болей. – Прыкідваў на вока: -Даўжыня прыблізна з метр семдзесят, вышыня... а чорт яго ведае, якая ў яго была вышыня... Метр сорак?.. Лічыце, што пэўна так.

– Вы моцны, – сказала яна.

– Леапард мацнейшы, – змрочна пажартаваў ён. – Паспрабуй загадай мне, каб я таго ізюбра дагнаў і загрыз. Пад страхам смерці не атрымаецца. .

– Закідаем яго лаўжамі, – сказала дзяўчына. – Каб не папсавалі птушкі. Егера трэба папярэдзіць. I хадзем. Я болей не магу. Бачыце, не спадзяваўся ж на смерць... Леспядэцу еў. Улюбёная ягоная расліна. А гэты... расцягнуўся ўздоўж сука, галаву на лапы і замёр. Разумеў, забойца, што яго з галавы ў такой паставе менш відаць. Мне, здаецца, кепска зараз будзе. Такі прыгажун!

Севярын асцярожна вёў яе ад месца мярзотнага здарэння.

– Хатка... – сказала яна. – Элегія... Вось вам і элегія, Севярыне. Джунглі, а не элегія.

Ля хаткі нікога не было.

– Куды ж гэта яны падзеліся? – неўразуменна спытала яна. – Па матылёў пайшлі, ці што?

– А унь тое не яны пакінулі?

На дзвярах, прыколатая шыпамі араліі, бялела запіска.

"Добра, што ты не адна, – прачытала дзяўчына. – Цяпер здолееш аблавіць куды болей тэрыторыі. Мы з Тацянай пайшлі за ліяннік, да вытокаў Тыгравай. Узялі адзін камплект патрэбнага. Другі пакінулі табе. Просціны з рамамі – на гары. Рэфлектар і акумулятары ў хаце. Не забудзь, што для нашых крылатых п'янюг пастаўлены ў нетрах чатыры слоікі..."

– Што за п'янюгі?

– А для матылёў начных, – даволі злосна сказала яна. – Стаяць слоікі, а ў іх мёд, які перабрадзіў. Ну, і нешта накшталт кнота той мёд смокча. А з кнота смокчуць матылі, п'янеюць. I тады бяры іх голымі рукамі.

Яна чытала далей:

"Заадно папярэдзім і егера, хай прыйдзе паглядзець. Бывай здаровая. Не лянуйся дзеля дзядзькі Сакрата, працуй. Цалуем".

– Дзе гэта яны?

– А за ліяннікам. Вёрст за пяць. – У вачах у Гражыны быў нежартоўны гнеў. – Што за свінства! Пайсці, не папярэдзіць, кінуць. Узрадаваліся... Праца хутчэй пойдзе... Усё праца ды праца... Самае, бачыце, галоўнае. Праваліся праз зямлю чалавек – абы матылі яго каханыя засталіся. Вось плюну ды буду "Каралеву Марго" чытаць!..

– Чаму? – спытаў Севярын. – I сапраўды так карысней будзе. Вы тут будзеце лавіць, яны – там. Глядзіш – болей спаймаеце. А я вам памагу. Няма чаго вам злавацца, па-мойму.

Тон у яго быў разважлівы і спакойны. Дзяўчына скоса паглядзела на яго і ўжо спакайней сказала:

– Ой, горачка вы наша! Можа, вы і маеце рацыю. Ну, бярыце сваю вуду ды марш на Тыгравую! Здабывайце ежу для племя. Я тут прыбяруся трохі ды прыйду памагаць. Чарвякоў там накапаеце, пад купай смецця.

...Добра было стаяць на беразе, надзяваць чарвяка, закідаць вуду ў вадабойныя катлы. Добра было сачыць, як часам ідзе да вытокаў, бліскавічна імчыць у халоднай слязніцы вады вялізная сіма. У яе табунках адразу было відаць самцоў. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, бакі ўкрыліся малінавымі і цёмнымі палосамі, сківіцы пагрозліва выгнуліся.

Рыба брала добра. Кручок амаль ні разу не вярнуўся пусты. Калі Гражына падышла да рэчкі, у вядры плавала ўжо дзесяткі тры рыбак. Выцягнуўшы адну з вядра, яна прысела на кукішкі і пачала разглядаць яе.

– Мальма, – сказала яна. – Мясцовая стронга. Пагляньце, якое хараство!

Стронга была пяшчотна-бэзавая, з ярка-пунсовай палоскай на брушку, з такімі самымі плаўнікамі і хвастом, плямістая, з залатымі бліскаўкамі на спіне.

– А гэта што?

Рыбка была з чырванаватай стужкай на баках. Плаўнікі і хвост таксама чырвоныя. I ўся ўкрыта чарнаватымі плямамі, як леапард.

– Сіма, – сказала Гражына.

Будрыс не на жарт перапалохаўся.

– Во-ой... Любенькая, а ну хутчэй адбірайце яе ды кідайце ў ваду!

– Нашто? Гэта своеасаблівая сіма. Яе тут "пяструшкай" завуць. Па невядомых нейкіх прычынах частка самцоў сімы ў мора, як выведзецца, не ідзе... Унь сапраўдная сіма пайшла. У ёй сантыметраў восемдзесят. А гэтая, у рацэ, так ліліпутам і застаецца. Бачыце, дваццаць, не болей. Малокі ў некаторых пяструшак бываюць, але яны, калі і ідуць за сапраўднай сімой, дык не дзеля таго, каб удзельнічаць у размнажэнні. Ідуць, каб высачыць і пажэрці ікру. Свайму ж віду шкодзіць, гадасць такая! Так што лавіце.

Вечарэла. Ціхія, загарэлыя, стаялі вакол горы. Раскашавалі. Булькацела вада. Самцы стронгі, засынаючы, чарнелі, як кепскае срэбра. I дзяўчына сядзела ля вады побач з Амурам і глядзела ў плынь.

Простая, мілая, неаддзельная ад усяго гэтага. Сама як захад, сама як лістота, сама як добрае паветра, якое не заўважаеш, але без якога немагчыма жыць...

– Даўно хацеў спытаць, што гэта за вярба на каменнях? Унь, стройная, бы эўкаліпт...

– Чазенія, – сказала яна. – Адно з улюбёных маіх дрэў. Яна – рэлікт: дайшла з даледавіковага перыяду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: