Шрифт:
– Але ж адтуль яшчэ...
– Я не павязу вас далей, вы, сіні краб... Тапіцца разам – маё сяброўства не заходзіць так далёка... Адкінься!
– Ёсць.
– ...сэр.
Сапраўды, было падобна, што збіраецца на шторм.
– Я завязу вас на Рагвольд і выкіну там, як сапсуты ўлоў. Сёння ў мяне быў капітан малога рыбалоўнага сейнера Іван Няпіпіва... Запарожскі казак.
Сінія бясстрашныя вочы глядзелі на пагрозлівы захад, што абяцаў небяспеку.
– Рыбалоўная фірма "Няпіпіва энд карпарэйшн". Калені ў трапангах, дно ў ахоцкіх крабах. Заўтра ён павінен быў ісці якраз на Тыгравую. Я ўспомніў і падумаў, што ён можа даставіць туды і гэты мех з сухапутным смеццем... А я перачакаю на востраве.
...Калі яны выйшлі з заліва ў мора, Будрыс адчуў трывогу. Мора было ўсё грыфельнае, уздыбленае, усё ва ўзвёртах і закалупінах, як кракадзілава скура. I над гэтым графітавым морам далёка ляжалі ліловыя, як слівы на блюдзе, астравы.
У гэтае змрочнае мора сядала трывожнае сонца.
Будрыс нічога не разумеў у мастацтве ваджэння яхтаў. Але тут нават ён адчуў нешта дзіўнае і рызыкоўнае ў паводзінах сябра.
Паўлаў нібы лавіў не дужа спрыяльны вецер, ішоў зігзагамі ("галсамі" гэта называецца, ці як?). Часам на гэтых паваротах яхта ледзь не чапляла ветразем за хвалю, і тады яны ўсім цяжарам навальваліся на ўздыблены над пучынаю борт.
Але ж затое яна і ляцела! Такога шалёнага лёту Севярыну ніколі не даводзілася бачыць у жыцці.
У водаваротах, у кіпенні пены, у ветры.
Моцна давала ў дно вада.
– Выціскаеш усё, што магчыма? – спытаў Будрыс.
Паўза.
– Вельмі баюся, – нечакана сказаў Васіль. – Будзе шторм. Вялікі. А нам яшчэ гадзіны тры хады...
– Вярнуцца?
– Вярнуцца – позна... I... сорамна.,
Вада ля бартоў была больш гучная, чым наводдаль. Патокі яе ляцелі на людзей.
– Дзякуй, браце, – сказаў Севярын.
– ...сэр, – праз зубы сказаў сябар.
– Дзякуй, сэр.
Дзіўна было бачыць над гэтым узбунтаваным, страшным морам спакойнае неба і далёкія сопкі берага, над якімі вісеў радок бялюткіх хмар. Як паралельна вісячая мантыя з гарнастая. Як стужка, што змяшчалі ля верхняга абрэзу старажытных гравюр. Так і хацелася напісаць на ёй, што менавіта намалявана на гэтым пейзажы.
– Давай, мілая! Давай, любенькая... Ну... ну... – праз зубы цадзіў Васіль. – Кальмары і зубастыя кіты!.. Баўтрамей, цюлень-акіба... Калі не пашанцуе, калі перакуліць – яхты не кідай. Трымайся за яе. Тады знойдуць. Яна – як канаючая чайка. А чалавечая галава на вадзе – тфу! Плявок. Вялікі шкляны кухтыль ад мярэжы. Чуеш?
Сонца ў свінцовым захадзе было ўжо, як чырвоны мазок. I гэты яго апошні позірк быў невымоўна журботны і дзікі.
Спусцілася цемра. Лявей, недзе далёка, міргаў маяк. З роўнымі інтэрваламі. I ў мірганні таксама былі трывога і папярэджанне.
Будрыс не памятаў, як мінулі наступныя гадзіны. Пару разоў іх ледзь не перакуліла. Мокрыя, аслепленыя цемрай і вадой, яны рваліся наперад, амаль толькі па зорах. I страшна было падумаць, што зоры вось-вось заснуе чарада хмар, што напаўзала з поўдня.
Яхта калацілася ў бязмежным моры, як мятуліца-падзёнка, і, здавалася, шансаў на жыццё ў яе не больш, чым у мятуліцы. I ўсё ж яна адчайна змагалася за жыццё.
...Калі вецер раптоўна сціхнуў, Будрыс не адразу зразумеў, што ўсё скончана, што яны ў бяспецы, што гэта востраў Рагвольд прыкрыў іх ад шторму сваім скалістым целам.
IV. СІНЯЯ ПЕСНЯ, ЯКУЮ СПЯВАЛІ ЛЮДЗІ I ЯКОЙ ПАДПЯВАЛІ РЫБЫ I ВАСЬМІНОГ
Шторм грымеў усю ноч і паспеў да світання вычарпаць усю сваю ярасць. Мора, праўда, яшчэ калыхалася, але супакойвалася на вачах, як быццам нехта ліў у яго масла. У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі.
МРС 1 выйшаў у мора задоўга да сонца. Маленькая шкарлупінка, а на ёй дзевяць чалавек: шэсць матросаў-рыбакоў, матарыст, капітан і – бясплатны дадатак – Севярын Будрыс.
Акрамя сейнера ў моры відаць было яшчэ два судны. Па правым борце ішоў сейнер-напарнік. Па левым – імчала белым матылём Васілёва яхта.
Паўлаў дурэў: то адставаў, то без прыкметнага напружаныя пераганяў сейнер. Капітан стаяў на спардэку і ўхвальна бурчаў:
– Марскі бог... Быдла бязрогае... Бач, што вычварае... З маторам навыперадкі бегае... Гэта яму гульня ў гарыпні... "Гары-гары пень..."
1
Малы рыбалоўны сейнер.
Будрыс стаяў ля борта, і кожны раз Васіль крычаў яму, пераганяючы сейнер:
– Рыцар бедны!.. Праз смерць і ўраган плыве!.. Прынцэса-Летуценне... Ледзь не патопнуў з верным збраяносцам... Ну, каб гэта я яшчэ калі... Дудкі! "За дзікаю ружай ляці праз туман!"
Урэшце яму гэта абрыдла:
– Бяру курс на Уладзівасток!.. Памагай бог!.. Не зняслаў зямлі беларускай!
– А ну цябе! Бывай! Дзякуй!
Белы матыль ветразя хутка знік. Мора ўсё больш сінела.
– Так, – сказаў Няпіпіва. – Якшчо б у нас всі такія маракі – чорта з два мы японцам саступілі б.