Вход/Регистрация
Чазенія
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Не падыходзьце! Небяспека! За дзвярыма смерць!

...Чырвонае святло выбухнула недзе ў адной кропцы, пачало снапамі выстрэльваць у яго бок. I апошнім пробліскам думкі ён убачыў дзівосную праяву...

...Недзе над празрыстай ручаінай, у невядомым краі, у моры сонечнага святла хісталася, любоўна шапацела перыстая чазенія, шчасце, каханне, забытае дзеля смерці, у далёкім зялёным раі, між цёплых гор.

...I выбухнуў барвяны, крывавы змрок. I ў гэтым полымі ляцелі проста на яго незлічоныя чароды безгаловых ізюбраў.

...I тады ўрэшце прарэзаўся, вызвалена вырваўся на волю крык. Крык пагібелі і крык нараджэння, нямы, нібыта гінула сама зямля.

...Ноч. Чарнільны змрок хаткі. За акном – цьмяная пляма дагараючага вогнішча.

– Што ты? Што ты? Што з табой?!

Яшчэ без усведамлення явы, з крыкам, што згасаў у глотцы і заміраў на вуснах, яшчэ ўвесь на шляху акрываўленых безгаловых праяў, ён адчуў далоні на сваіх плячах і шаўкавісты дотык валасоў да шчакі.

– Сінхра... – непрытомна душыўся ён, – замкнулі... Беглі безгаловыя ізюбры...

– Што ты... ціха... ну, ціха, – усеўладным шэптам казала яна. – Я ведаю...

Тонкія далоні слізганулі пад ягоныя плечы, пачалі пагойдваць.

– Табе было страшэнна цяжка? Ну кінь, кінь. Не звяртай увагі. Я памылілася. Я – дурніца. Усё зусім, зусім не так.

Кашмар урэшце пачаў адыходзіць. Знікалі апошнія яго цені. I тады мужчына зразумеў, дзе ён і што з ім. Працягнуў у цемру рукі, абхапіў далонямі яе плечы, мякка прыцягнуў да сябе. Дрыжыкі прабеглі па яго целе.

– Хлопчык мой, бедны мой "уладар"...

Прыціснуўшы галаву жанчыны да сваіх грудзей, ён гладзіў яе цёплыя валасы і плечы.

– Як ты магла?.. Няўжо не бачыла?.. Усё гэта было іначай, зусім іначай. I я кахаю цябе.

– Я ведаю... Ведаю. Ты даруй. Як у цябе сэрца стукае. Хлопчык мой. Любы мой.

Цалавала яго. I ён таксама, амаль у непрытомнасці, лавіў вуснамі яе вусны, вочы і бровы. Ніколі ў жыцці не было пачуцця такой еднасці, такой блізкасці і такога шчасця. I ён ведаў: ніколі не будзе.

Цвёрдасць грудзей, пяшчота цела, гарачыня вуснаў у змроку. Сэрца адрывалася і падала-падала некуды ў захапленні, у лікуючай радасці чакання.

Уся тут, побач, і давеку, яна была, як тое, чаго ніколі не чакаў на зямлі і што спраўдзілася на ёй. Вакол была ноч, але тут была Яна. Злачынствам было хоць калі-небудзь выпусціць яе са злітых абдымкаў. Менавіта таму, што вакол была ноч.

Моцныя плечы, дасканалыя, як кветкі, сцябліны рук – усё поўніла яго адчуваннем нязнанага шчасця. Яе імкненне быць бліжэй да яго, пакора вуснаў, адданасць абдоймаў, мяккая пяшчота і сіла...

– Са мной, – глуха сказаў ён. – Вось так. Назаўсёды...

– Так... Я не хачу... Я не хачу мучыць цябе.

Ноч няспешна кацілася над акіянам вады, над астравамі, над сейнерам у моры, над скаламі, над паддзю, заціснутай між гор, над бяссоннай рэчкай, над хаткай, што прыціснулася да берага, над двума, што бяссонна ляжалі ў ёй і не хацелі зары.

– Дурная дзяўчынка, – зрываўся ад пяшчоты і ўдзячнасці шэпт. – Дурная... Давеку мая цяпер. Мілая. Які доўгі быў шлях. Як я цяпер удзячны лёсу, што доўгі... што скончыўся. Якое шчасце, што ніколі не скончыцца.

– Ціха. Мне так добра з табою. Мне аж страшна. Маўчы.

Яны ляжалі, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго, і слухалі тайгу.

Хрыпла крычалі недзе ў гарах касулі. Укрытае попелам згасання, цьмяна памірала вогнішча.

Недзе вакол хаты, часам глуха рыкаючы, хадзіў леапард. Звыклы да лёгкіх перамог у тых мясцінах, адкуль прыйшоў, ашалелы вар'ят, які і тут не бачыў адпору, ён хадзіў і рабіўся ўсё больш нахабным, бо не мог зразумець святасці гэтага месца. Тут не стралялі. Тут не было кары. I таму ён, відаць, лічыў дабрыню і высакароднасць чалавечую за слабасць і ўніклівасць. I таму хадзіў, часам разрываючы рыкам ноч.

"Дрыжаць ля вогнішча. Дрыжаць у хатах. Гр-р-р. Безвалосыя, пяшчотныя, слабыя... Кх... кх... грр... ммру... грр... Выходзьце, смачныя".

– Які гэта жах – быць, як ён, – ціха сказала яна.

I мужчына, невыносна-моцна абняўшы яе, прыпаў вуснамі да яе вуснаў.

...Недзе вакол хаты гойсаў леапард.

XIII. ОДА СОНЦУ

Пасадзіўшы жанчыну на плячо, ён нёс яе цераз рэчку, а пасля ўгору, на спадзісты, шумна-зялёны ад траваў адхон. Ён мог так несці яе вечна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: