Вход/Регистрация
Чазенія
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Прыціхла ноч.

...Леапард не прыйшоў ізноў. Ён не прыходзіў I пасля. Сімвал усяго пачварнага і цёмнага, што ходзіць вакол нас, ён знік. Магчыма, пайшоў некуды ў джунглі, у нетры, у глушыню, далей ад чалавека, туды, дзе няма чалавечага жылля, дзе гэтае жыллё некаму бараніць.

XV. ПАКАЯННЫ ПСАЛОМ РАЗЛУКІ

Праз тыдзень машына везла іх горнай дарогай на прыстань: яго, яе і Амура. Дзянісаў аддаў сабаку, даведаўшыся аб тым, што адбылося ў тую ноч каля паляўнічай хаткі.

– Што зробіш? Не скажу, што не шкадую. Выключны пёс. Але ж вы цяпер накшталт крэўных братоў. Ён прыдбаў друга ў вас, вы – у ім. Такое не забываецца. Бярыце. А можа, яшчэ здарыцца і так, што вернецеся сюды. Вось і зноў усе разам. Дальбог, добра было б.

– Амура вазьму, – сказаў ніякавата Севярын. – А наконт астатняга – мне... нам жа яшчэ агледзецца трэба. Я вось зараз ва Уладзівасток. Яна яшчэ на тры дні застаецца тут.

– Чаго? – няўхвальна спытаў Дзянісаў.

Вочы ягоныя глядзелі на Гражыну дапытліва, і зморшчынак вакол іх пабольшала.

– Справу не скончыла, – ціха сказала яна.

– Лухта, – сурова сказаў дырэктар. – Усіх хвастоў усё адно не выцягнеце, нешта застанецца. Працы тут – на стагоддзі. А вам трэба быць разам.

Уздыхнуў.

– Урэшце, як хочаце. Справа ваша. А толькі б я так не рабіў. Што далей?

– Я падрыхтую ўсё, – сказаў Будрыс. – Пакоцім спачатку да яе, разлічыцца яна з работай. Пасля паедзем да мяне і там усё абгаворым з бацькамі і вырашым...

Ён глядзеў на Гражыну. Яна слухала яго і не чула. А вочы сурова-сумна сачылі за яго вуснамі, нібы вывучалі іх і ўсё аблічча.

– ...ці варта мне кідаць месца. Загадзя ведаю – бой давядзецца вытрымаць страшэнны. Увогуле гэта падобна на здраду сябрам. Каб толькі жывым, то гэта яшчэ нічога.

– Генусь? – спытала яна.

Севярын моўчкі схіліў галаву.

– Я не буду ні на чым настойваць, не буду нічога дамагацца,– ціха ўсміхнулася яна. – Усё разумею.

Жаль працяў Будрыса ад адной гэтай сумнай усмешкі, вялікі жаль.

– Калі ты будзеш так усміхацца – я кіну ўсё, нават не заязджаючы дадому, – сказаў ён. – Гэта я так аб здрадзе. Кожны – гаспадар свайго жыцця. Генусь, каб мог, сам сказаў бы мне гэта. Ён быў надзіва чалавечны чалавек. Такіх цяпер няма.

Зноў паглядзеў на яе твар і сказаў Дзянісаву:

– Баюся, што мы і на самай справе хутка вернемся сюды. Прымеце?

– Я сказаў...

Дырэктар сеў на кукішкі, узяў у далоні галаву сабакі і пачаў глядзець у арэхавыя, залацістыя вочы.

– Амур, – сказаў ён. – Будзь разумнікам, Амур. Не думай, што я здрадзіў табе. Я табе толькі хлеб даваў. Гэты – мог заплаціць за цябе даражэй. Жыццём. Разумееш? Ды яшчэ тады якраз, калі яно ўжо не належала аднаму яму. I ты будзь яму верны. Чуеш, Амур? А ён будзе верны табе, як дагэтуль, будзе даваць табе хлеб, дах і пяшчоту. Добра будзе ставіцца да цябе. Не будзе біць.

У любога іншага гэта было б смешна. Толькі не ў Дзянісава. Севярын занадта добра ведаў яго стаўленне да ўсяго жывога... Акрамя таго, у пса дрыжалі плямістыя бровы.

Пёс... плакаў. Другі раз у жыцці бачыў гэта Будрыс, сам зараз гатовы зараўці.

– Не плач, Амур. Ну што, на самай справе... Што табе тут? Дождж, звяры дзікія. Табе гэтага і трэба? Ён з табою на паляванне хадзіць будзе. I памрэш ты ў яго ў доме сваёй смерцю. Усыпляць ён цябе не павязе, не той чалавек. Ён пра гадасць такую і не падумае нават. А я да цябе ў госці прыеду. Ну, бывай, Амур.

Сабака лізаў яму рукі. Доўга лізаў. Пасля адышоў і сеў ля Будрысавых ног.

– Севярын! – раптам амаль крыкнула яна. – Ды не рвіце ж вы мне сэрца! До ўжо. Бо я не вытрымаю.

– Да сустрэчы, браце, – сказаў Дзянісаў. – Харошы ты чалавек.

– Ды й ты... дужа харошы чалавек.

Яны абняліся. Пасля грузавік крануўся з месца. Дзянісаў крэкнуў, махнуў рукою і пайшоў у дом.

...Сабака сядзеў у кабіне, побач з шафёрам. Паважна глядзеў наперад, бы развітваўся з мясцінамі, па якіх бегаў яшчэ шчанюком.

Мужчына і жанчына стаялі ў кузаве, успёршыся на кабіну.

– А можа, і сапраўды вернемся? – сказаў ён. – Гэта, па-мойму, найлепшае месца ў свеце.

– Але. Мне было тут лепш за ўсё ў жыцці.

– I мне.

– Мне было з табою заўсёды добра.

– I тады, калі вадаспад і ліяны?

– I тады.

– I пасля, у доме арнітолагаў?

– I тады.

– А лепей за ўсё?

– Хата. Калі з'явіўся леапард. I калі ён пайшоў. I заўсёды... Дзякуй.

Скалы, лясы і горы хутка скончыліся. Плылі, перамяшчаліся хрыбты, пакуль не закрылі сабою цясніну, вузкую дарогу ў падзь.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: