Шрифт:
Вініць быў ужо ў дзвярах атрыюма.
— Дашлі мне вестку праз нявольніка, — кінуў яму ўдагон Пятроні.
І, застаўшыся сам-насам, пачаў шпацыраваць уздоўж калюмнаў па атрыюме, разважаючы пра тое, што станецца. Ведаў, што Лігія й Лінус вярнуліся пасля пажару на даўнейшае памяшканне, якое разам з большаю часткай Затыбра ацалела, і гэта была абставіна непамысная, бо інакш нялёгка іх было б знайсці сярод масаў. Спадзяваўся аднак, што і так на Палатыне не ведае ніхто, дзе жывуць, дык Вініць павінен выперадзіць туды прэторыянаў. Прыйшло яму таксама на думку, што Тыгэлін, манючыся вылавіць за адным замахам як найбольшую колькасць хрысціян, мусіціме расцягнуць павуціну па цэлым Рыме, гэта значыць, падзяліць прэторыянаў на малыя аддзелы. Калі пашлюць па яе — думае — не болей чым дзесяцёх чалавек, дык сам вялігур лігійскі паломіць ім косці, а што ж будзе, калі на дапамогу прыспяшыць Вініць! Па гэных думках прыйшла льга. Праўда, паставіцца збройна супраць прэторыян — гэта тое самае, што і супраць цэзара.
Пятроні таксама ведаў, што калі Вініць уцячэ ад помсты Нэрона, дык помста тая зваліцца можа на яго, але ён не зважаў на тое. А нат думка паблытання планаў цэзару й Тыгэліну развесяляла яго. Вырашыў не шкадаваць на гэта ні грошай, ні людзей, а на сваіх людзей цяпер мог больш спадзявацца, бо Павал з Тарсу навярнуў яму ў Анцыюме большую частку ягоных нявольнікаў.
Увайшоўшая Эўніка перарвала яму думкі. Усе турботы ўцяклі бясследна, як убачыў яе. Забыўся пра цэзара, пра няласку, якая вісела над ім, пра знікчамнелых аўгустыянаў, пра посціг на хрысціянаў, пра Вініція і Лігію, а любаваўся толькі ёю вокам эстэты, раскаханым у чароўнай упойваючай любоўю стройнасці.
Убраная была ў фіялетавыя строі, званыя соа vestis [69] , праз якія свяцілася ейнае ружовае цела, сапраўды была прыгожая, моў боства. Адчуваючы пры тым ягоны подзіў ды кахаючы цэлай душой, заўсёды прагная ягоных пястошчаў, румянілася з радасці так, як бы была не наложніцай, але нявінным дзяўчанём.
— Што ж мне скажаш, Харыта? — адазваўся Пятроні, выцягаючы да яе рукі.
А яна, нахіляючы ў тыя рукі сваю залатую галованьку, адказвае:
— Спадару, прыйшоў Антэміёс з спевакамі й пытае, ці хочаш яго сяння слухаць?
69
Коская вопратка (лац.).
— Хай пачакае. Зайграе нам пры абедзе гімн да Апалона. Навакол яшчэ вогнішчы й попел, а мы слухацімем гімн да Апалона. На гаі Пафійскія! Калі бачу цябе ў гэтым соа vestis, здаецца мне, Афрадыта прысланілася беражком неба й стаіць перада мною.
— О, доміне! — захапляецца Эўніка.
— Хадзі да мяне, Эўніка, абдымі мяне і дай мне вусны… Кахаеш ты мяне?
— Зэўса больш не кахала б!
Сказаўшы гэта, прыціснула вусны да ягоных вуснаў, трапечучыся ў ягоных руках ад шчасця, бы птушынка. Пачакаўшы, Пятроні кажа: — Ну, а каб прыйшлося нам разлучыцца?..
Эўніка глянула палахліва ў вочы: — Як гэта, спадару?..
— Не бойся!.. Бо, бачыш, хто ведае, ці не мусяціму выбрацца ў далёкую дарогу.
— Бяры мяне з сабою… Але Пятроні нагла змяніў тэму гутаркі і спытаў: — Скажы мне, ці на траўніках у агародзе ёсць асфодэлі?
— Цыпрысы й траўнікі ў агародзе пажоўклі ад пажару, лісце паападала з міртаў, і ўвесь агарод выглядае, бы мёртвы.
— Увесь Рым выглядае, бы мёртвы, а хутка станецца сапраўдным магільнікам. Ці ведаеш, што выйдзе эдыкт супраць хрысціян і распачнецца пераследванне, падчас якога згіне тысячы людзей.
— За што ж іх карацімуць, спадару? Яны ж людзі добрыя і ціхія.
— Якраз за тое й карацімуць.
— Дык едзьма на ўзмор’е. Твае боскія вочы не любяць глядзець на кроў.
— Але тым часам я мушу выкупацца. Прыйдзі ў элеотэзіюм намасціць мне рукі. На пояс Кіпрыды! Ніколі шчэ не выдавалася ты мне так прыгожай. Загадаю табе зрабіць ванну на манер слізяніцы, а ты будзеш у ёй, бы каштоўная перла… Прыйдзі, залатавалосанькая!
І пайшоў. А цераз гадзіну пазней абое ў ружовых вянках і з мутнымі вачыма ляжалі пры стале, застаўленым залатым сервізам. Прыслужвалі ім хлапчаняты, прыбраныя за амуркаў, а яны, папіваючы віно з азялененых кружаў, слухалі гімну да Апалона, пяянага пад акампанемент гарфаў пад батутаю Антэмія.
Не клапаціліся тым, што навокал віллы тырчалі на пажарышчы коміны дамоў ды што вецер разносіў попел згарэўшага Рыму. Пачуваліся шчаслівымі і думалі толькі пра каханне, якое акрасіла й змяніла ім жыццё ў боскі сон.
Гімн яшчэ не быў скончаны, як уваходзіць на залу нявольнік, загадчык атрыюма.
— Спадару, — дакладае трывожным голасам, — цэнтурыён з аддзелам прэторыянаў стаіць перад брамаю і па загаду цэзара хоча цябе бачыць.
Замоўкла пяянне гарфы. Трывога агарнула ўсіх прысутных, бо цэзар у прыязных адносінах звычайна абыходзіўся без прэторыянаў, якія паяваю сваёю не варажылі ў тых часах нічога добрага. Адзін толькі Пятроні не паказваў ніякага трывожлівага ўражання і кажа абыякавым тонам: — Хоць бы абед мне далі спакойна з’есці, — пасля звяртаецца да загадчыка атрыюма: — Хай увойдзе!
Нявольнік знік за заслонай; незабаўна цяжкімі крокамі ўваходзіць на залу знаёмы Пятронію сотнік Апэр, узброены ўвесь і з жалезным шаломам на галаве.
— Крывічэсны спадару, — зарапартаваў, — вось пісьмо ад цэзара.
Пятроні выцягнуў нядбайліва сваю белую руку, узяў таблічкі і, кінуўшы на іх вокам, падаў іх спакойна Эўніцы.
— Чытаціме вечарам новую песню з «Троікі», — кажа, — і заклікае мяне, каб прыйшоў.
— Маю загад толькі аддаць пісьмо, — адазваўся сотнік.
— Так. Адказу не будзе. Але можа б, сотнік, супачыў хвіліну пры нас і выпіў кратэр віна?