Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Дзякую табе, шляхотны спадару. Ад кратэру віна не адмоўлюся за тваё здароўе, але супачыць не магу, бо я службова.

— Чаму гэта праз цябе прысылаюць пісьмо, заміж праз нявольніка?

— Можа, таму, што мяне выслана ў гэты бок за іншай патрэбай.

— Ведаю, — кажа Пятроні, — супраць хрысціян.

— Так, спадару.

— Ці посціг даўно распачаты?

— Некаторыя аддзелы на Затыбра выслана яшчэ перад палуднем, — гэта сказаўшы, сотнік строс з чашы кроплю віна на гонар Марса, перакуліў яе й дзякуе: — Хай багі заспакояць табе ўсе твае жаданні.

— Вазьмі і кратэр гэны, — прапануе Пятроні. І даў знак Антэміёсу, каб канчаў гімн да Апалона.

— Рудабароды пачынае гульню са мною й Вініціем, — казаў сабе, як гарфы адазваліся зноў. — Адгадваю намер! Хацеў пералякаць мяне, дасылаючы позву праз цэнтурыёна. Вечарам выпытваціме сотніка, як я яго прыняў. Не, не! Не вельмі ўцешышся, лютая дзікая малпа! Ведаю, дакукі не даруеш, ведаю, што згуба мяне не міне, але калі спадзяешся, што благальна пазіраціму табе ў вочы, што аглядацімеш на маім абліччы страх і пакору, дык памыляешся.

— Цэзар піша, спадару: «Прыдзеце, калі маеце ахвоту», — пытае Эўніка. — Ці пойдзеш?

— Маю адпаведны настрой і магу слухаць нат ягоных вершаў, — адказаў Пятроні, — дык пайду, тым больш, што Вініць не можа йсці.

І праўда: па абедзе ды па абыднай прагулцы аддаўся ў рукі нявольніц, упрыгажаючых валасы, і нявольніц, укладаючых хвалды тогі. Цераз гадзіну пазней стройны, моў бажок, загадаў несціся на Палатын. Гадзіна ўжо была позняя, вечар ціхі, цёплы, месяц так ярка свяціў, што лямпадарыі, ідучыя перад лектыкай, пагасілі светачы. Па вуліцах і сярод румовішчаў снавалі падпіўшыя грамады людзей, папрыстройваныя віццёзеленню, з галінкамі мірту і лаўру ў руках з цэзаравых агародаў. Дастатак збожжа ды спадзева вялікіх ігрышчаў весялілі людзей. Дзе-нідзе чутны былі песні на гонар «боскае ночы» й кахання; дзе-нідзе танцавалі пры святле месяца; колькі раз нявольнікі мусілі гукаць для вольнага праходу Пятроніевай лектыкі, народ расступаўся, віватуючы на гонар свайго ўлюбенца.

А ён думаў пра Вініція і дзівіўся, чаму няма ад яго весткі. Быў ён эпікурэйцам і эгаістам, але сутычнасць з Паўлам, з Вініціем ды штодзённыя чуткі пра хрысціян крыху яго перайнакшылі, хоць сам аб тым не ведаў. Веяў ад іх нейкі вецер на яго, які пасеяў у ягонай душы таёмныя зярняты. Па-за ўласнаю асобаю пачалі яго цікавіць іншыя людзі. Да Вініція, праўда, быў заўсёды прывязаны, бо ў дзіцячых гадох надта любіў ягоную матку, сваю сястру, а цяпер быў супольнікам ягоных турботаў, якія так цікавілі яго, як бы трагедыя якая.

Не траціў надзеі, што Вініць выперадзіў прэторыян і ўцёк з Лігіяй або, у найгоршым выпадку, адбіў яе. Але аддаваў перавагу таму, каб мець у гэнай справе пэўныя весткі, спадзяваўся бо розных пытанняў, на якія лепш было б быць падрыхтаваным.

Затрымаўшыся пры доме Тыбэрыя, выйшаў з лектыкі і ўвайшоў да атрыюма, напоўненага ўжо аўгустыянамі. Учарашнія прыяцелі, паміма зацікаўлення запросінамі, адыходзілі ад яго, а ён красаваўся сярод іх, статны, свабодны, бестурботны і так самапэўны, як сам мог раздаваць ласкі. Некаторыя, гледзячы на яго, крыху ў душы трывожыліся, ці не зарана выявілі яму пагарду.

Цэзар прыкідваўся, быццам яго не бачыць, і не адказаў на ягонае прывітанне, быццам заняты быў гутаркаю. Замест таго Тыгэлін падыйшоў да яго і адазваўся: — Добры вечар, арбітар элеганцыі! Ці і цяпер ты яшчэ перакананы, што не хрысціяне спалілі Рым?

Пятроні паціснуў плячыма і, плешчучы яго па лапатцы, бы вызвольніка, адпальвае: — Ты так добра ведаеш, як і я, што пра гэта думаць.

— Не смею прыраўняцца да твае мудрасці.

— І праўду кажаш, інакш бо мусіў бы вось, калі цэзар прачытае новую песню з «Троікі», замест драцца, як пава, выказаць якую бязглуздзіцу.

Тыгэлін прыкусіў губу. Не надта ён быў задаволены з сянняшняга выступу цэзара, бо адкрывалася поле, на якім не мог канкураваць з Пятроніем. Якраз падчас чытання Нэрон мімахоць, па звычцы, пазіраў на Пятронія, рупна цікуючы, што вычытае ў ягонай міне. А той слухаў, манеўруючы бровамі, мейсцамі патакваючы, мейсцамі напружваючы ўвагу, як бы маніўся спраўдзіць, ці добра чуе. І пасля то хваліў, то ганіў, вымагаючы паправак або выгладжвання некаторых сказаў. Сам Нэрон адчуваў, што ўсім іншым у перасоленых пахвалах расходзіцца толькі пра собскую скуру, а гэны адзін толькі цікавіцца паэзіяй для самэй паэзіі, адзін толькі знаецца, і калі што пахваліць, дык можна быць пэўным, што рэч тая годная пахвалы. Дык паволі пачаў з ім спрачацца, талкаваць і, калі ўрэшце Пятроні паддаў сумніву ўдаласць аднаго сказу, адазваўся да яго: — Мецімеш у апошняй песні каментар да гэтага сказу.

— Ах! — падумаў Пятроні. — Дык дажыву яшчэ апошняй песні.

А ці адзін з прысутных, чуючы гэта, казаў сабе ў душы: — Гора мне! Пятроні, маючы перад сабою час, можа вярнуцца ў ласкі і паканаць нат Тыгэліна.

І пачалі зноў збліжацца да яго. Але канец вечару менш быў шчасным, бо цэзар падчас развітвання спытаў нагла з прыморшчаным вокам ды зларадаснай мінай: — А чаму не прыйшоў Вініць?

Калі б Пятроні быў пэўны, што Вініць з Лігіяй ужо за брамамі гораду, быў бы адказаў: «Ажаніўся з твайго дазволу й выехаў». Але, бачачы загадкавую ўсмешку Нэрона, адказаў: — Твая позва не застала яго дома.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 103
  • 104
  • 105
  • 106
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: