Шрифт:
Але львы, хоць выгаладжаныя, не спяшаліся да ахвяр. Чырванавы бляск на арэне асляпляў іх, дык моршчылі зекры; некаторыя ляніва пацягваліся, некаторыя разяўлялі пашчы, пазяхалі, як бы прэзентуючы перад публікай свае страшэнныя клыкі. Але вонь крыві і параздзіранага цела, чым поўнілася арэна, пачала на іх дзеіць. Хутка іхнія рухі сталіся неспакойнымі, ёжыліся грывы, ноздры храпліва ўцягвалі паветра. Адзін нагла прыскочыў да трупа жанчыны з падзёртым тварам і, абхапіўшы пярэднімі лапамі цела, пачаў шурпатым языком злізваць соплі настылае крыві; другі падыйшоў да хрысціяніна, трымаючага на руках дзіця, абшытае ў скуру аляняці. Дзіцятка траслося ад крыку й плачу, канвульсыйна абнімаючы за шыю бацьку, а той, жадаючы прадоўжыць яму хоць на момант жыццё, адрываў яго ад шыі, каб перадаць далей укленчаным. Але крык і руханне раздражняла льва. Нагла рыкнуў і згроб дзіця адным ударам лапы ды, хапіўшы ў пашчу галаву бацькі, расшчапіў яе воміг. Гэта пабудзіла астатніх, і кінуліся гуртам на грамадку хрысціян. Некалькі жанчын не змаглі паўстрымацца ад жахлівага крыку, але народ заглушыў іх воплескамі, якія, аднак, хутка ўціхлі, бо цікавасць перамагла. І пачаліся страшныя рэчы: расцісканыя ў пашчах галовы, адкрываныя навыварат адным махам клыкоў грудзі, вырываныя сэрцы й лёгкія, трашчанне касцей у зубох. Некаторыя львы, схапіўшы ахвяры за бакі або ў крыжы, гайсалі ў шалёных скоках па арэне, як бы шукаючы закрытага кутка, дзе б маглі іх зжэрці; іншыя грызліся, абнімаючыся лапамі, бы гладыятары, і запаўнялі рыкам амфітэатр. Людзі зрываліся з мейсц, сходзілі праходам ніжэй, душыліся насмерць, каб толькі лепей бачыць. Здавалася, раз’яраныя цікавасцяй натаўпы кінуцца ў канцы на самую арэну ды пачнуць раздзіраць людзей разам з львамі. Хвілінамі зрываўся нялюдскі вераск, а часамі воплескі, рык, мармытанне, лясканне клыкоў, выццё малосаў і пакутніцкія енкі.
Цэзар, трымаючы шкло пры воку, глядзеў цяпер яшчэ ўважней. На абліччы Пятронія маляваўся нясмак і пагарда. Хілона даўно ўжо вынеслі з цырку.
А тым часам з кунікулаў выпіхвалі штораз новыя ахвяры. З найвышэйшага шэрагу ў амфітэатры паглядаў на іх Апостал Пётр. Ніхто на яго не глядзеў, увагу ўсіх прыцягнула арэна, дык устаў і, як калісь у Корнэлявай вінніцы багаславіў на смерць і на вечнасць тых, каторых лавілі, так цяпер жагнаў крыжам паміраючых ад клыкоў звярыных ды іхнюю кроў, іхнія пакуты і мёртвыя целы, выглядаючыя, бы бясформныя камлыгі, і душы, адлятаючыя з крывавага пяску. Некаторыя падыймалі да яго вочы, а тады распрамяняліся ім твары, і ўсміхаліся, бачачы над сабою ўгары высока знак крыжа. А яму сэрца раздзіралася, і мовіў: «О Госпадзе! Будзь воля Твая, бо на сведчанне праўды гінуць гэныя мае авечкі! Ты мне пераказаў іх пасвіць, дык здаю Табе іх, а Ты палічы, бяры сабе іх, загаі раны, супакой боль і дай ім болей шчасця, чым тут перанеслі пакутаў!» І жагнаў адных за другімі, грамаду за грамадою з так вялікай міласцяй, як бы яны былі ягонымі дзецьмі роднымі, якія аддаваў проста ў рукі Хрысту. Нараз цэзар — ці з паднечанасці, ці з жадання адзначэння ігрышчаў да небывалых у Рыме памераў — шапнуў некалькі слоў прэфекту, а той, зыйшоўшы з подыюма, падыйшоў хутка да кунікулаў. І нат народ ужо сумеўся, як убачыў зноў адчыньванне кратаў. Выпусцілі цяпер звяр’ё ўсякага роду: тыгры з-над Еўфрату, нумідыйскія пантэры, мядзведзі, ваўкі, гіены й шакалы. Уся арэна пакрылася, казаў бы, рухлівай хваляй скураў паласатых, жоўтых, рудых, цёмных, гнядых і пярэстых. Паўстаў закалот, у якім вочы ўжо не маглі нічога разрозніць, апрача дзікага катлавання і мітусення звярыных храбтоў.
Відовішча затраціла ўсякі від рэчаіснасці, а змянілася як бы ў шалёны танец крыві, як бы ў страшэннае снішча, як бы ў пракудную дзікую крозу збітага з глузду розуму. Мера была перабраная. Сярод рыку, выцця і сковыту ў розных пунктах на лавах разлягаўся раздзіраючы спазматычны рогат жанчын, сілы якіх урэшце не датрымалі. Людзям стала жудасна. Твары пахмурнелі. Пачалі адзывацца галасы: «Годзе! Даволі!»
Але звяр’ё лягчэй было ўпусціць на арэну, як загнаць назад. Цэзар знайшоў, аднак, спосаб супакаення арэны, які быў разам і новым дзівам для цікаўных. Ува ўсіх праходах паміж лавак з’явіліся гурткі чорных статных нумідаў з лукамі ў руках. Народ здагадаўся, што маецца быць, і прывітаў іх энтузіястычна, а яны падыйшлі да обрубу і, прылажыўшы стрэлы к цяцівам, пачалі пранізваць імі табуны звяроў. Было гэта сапраўды новае відовішча. Танклявыя чорныя фігуры перагіналіся ўзад, напружваючы гнуткія лукі і пускаючы страла за стралою. Варчанне цяціваў і свіст пярэстых канцоў стрэл мяшаліся з выццём звяр’я і крыкамі подзіву глядзельнікаў. Ваўкі, мядзведзі, пантэры і людзі, якія засталіся яшчэ жывымі, покатам падалі адно каля другога. Там-сям леў, пачуўшы стралу ў баку, кідаўся нагла і заядла цапаў зубамі, каб схапіць і схрэшчыць дрэўца. Іншыя скавыталі з болю. Драбнейшая дзічына, перапудзіўшыся, ганялася навослеп па арэне, біла мызамі ў краты, а стрэлы прымеж таго вурчалі й вурчалі ўсцяж, пакуль усё, што жыло на арэне, не легла ў апошніх подрыгах канання. Тады ўбеглі на арэну сотні цыркавых нявольнікаў з рыдлёўкамі, лапатамі, тачкамі, кашамі да выносін валяючагася слуння, мяшкамі з пяском. Адны плылі за другімі, і на ўсім круговішчы закіпела работа. Борзда выпратвалі трупы, кроў, кал, перакапалі, зраўнавалі і пасыпалі грубым слоем свежага пяску. Пасля чаго ўбеглі амуркі, рассяваючы лісткі ружаў, лілеяў і ўсялякага квяцця. Запалілі зноў кадзільніцы і знялі велярыюм, бо сонца ўжо было даволі нізка. Публіка, пераглядаючыся здзіўленымі вачыма, пыталася, што за відовішча яшчэ чакае яе сяння.
Ну і чакала такое, якога ніхто не спадзяваўся. Цэзар, якога праз нейкі час не відаць ужо было на подыюме, раптам паказваецца на ўквечанай арэне ў пурпуровым плашчы і залатым вянку. Дванаццацёх спевакоў з цытрамі ў руках ідзе за ім, а ён, трымаючы срэбную лютню, выступае важным крокам на сярэдзіну і, схіліўшыся некалькі разоў глядзельнікам, падыймае вочы ў неба і стаіць праз момант, бы чакаючы натхнення.
Пасля крануў струны й пачаў пяяць:
О, прамяністы Леты сыне! Уладару Тэнэду, Кіллы, Хрызы! Ты, маючы ў ласцы адзіны Іліёну святы град, Мог яго на гнеў Ахайі здаць І сцярпець, каб алтары святыя, Што пільнуюць твае чэсці, Зліла траянская кроў! К табе ўздымаюць старцы рукі, Пускальнік стрэлаў срэбналукі, К табе і матчына любоў Ссылала чару слёз, Каб над іх дзецьмі літасць меў. І скалы б растапілі твой гнеў, А ты ад скалы быў менш чулы, Смінтэю, на людскі боль!..Песня пераходзіла паволі ў жаласную, поўную болю элегію. У цырку зрабілася нямая цішыня. Праз хвіліну цэзар, сам расчулены, пяяў далей:
Ты формінгі боскае звонам Зглушыў сэрцаў лямант і крык, Калі вока шчэ сяння расіцца, Нібы кветка, ды толькі слязой, Чуючы тае песні тон, Што з труны попел падымае У дзень пажогі й злыбяды… Смінтэю, дзе ты быў тады?..Тут задрыжэў яму голас, і заслязіліся вочы. Раса слёз паказалася таксама й на вачах вясталак, народ доўгі час маўчаў, пакуль загрымеў доўгаю бураю воплескаў.
Прымеж таго, звонку, праз адчыненыя для праветрывання ваміторыі, даносіўся грукат вазоў, нагружаных крывавымі астанкамі хрысціян — мужчын, жанчын, дзяцей, — каб вывезці іх у страшэнныя ямы, так званыя «путыкулы».
А Апостал Пётр ухапіўся аберуч за сваю белую дрыжачую галаву і казаў сабе ў духу: «Госпадзе! Ўсеспадару! Каму Ты аддаў уладу над светам? І шчэ хочаш залажыць пасад свой у гэтым горадзе?!»
LVII
Сонца было ўжо на захадзе і, казаў бы, растаплялаcя ў вечаровай зарніцы. Відовішча было скончана. Народ рынуўся з амфітэатру і выліваўся праз выхады, званыя ваміторыямі, на горад. Толькі аўгустыяне не спяшаліся, чакаючы, пакуль адплыве хваля. Цэлая грамада іх, пакінуўшы свае мейсцы, сабралася пры подыюме, дзе з’явіўся зноў цэзар, каб упойвацца пахваламі.
Бо мала было яму тых воплескаў, якіх не шкадавала публіка, ён спадзяваўся ўздыму подзіву, даходзячага да шалёнасці. Дарма грымелі пахвальныя гімны, дарма вясталкі цалавалі яго «боскія» далоні, а Рубрыя схілілася пры тым так, што аж рудою галавою сваёю прыгалубілася да грудзей ягоных. Нэрон не быў задаволены і не ўмеў таго ўтоіць. Дзівіла яго надта й трывожыла маўчанне Пятронія. Слоўца якое пахвальнае, падкрэсліваючае дасканаласць песні, прыхільная рэцэнзія арбітра былі б яму ў гэнай хвіліне вялікай пацехай. Дык не мог вытрымаць, падазваў Пятронія і, як толькі той увайшоў у подыюм, пытае: — Скажы… А Пятроні абыякава адказвае: — Маўчу, бо не магу знайсці слоў. Перавышыў ты сам сябе.
— Так і мне здавалася, а аднак той народ?..
— Ці ж можаш спадзявацца ад мяшчанаў лепшае ацэны паэзіі?
— Дык і ты зацеміў, што не падзякавана мне так, як вымагала мая заслуга?
— Бо выбраў ты благі момант.
— Чаму?
— Таму што мазгі, ачадзелыя ад задухі крыві, не могуць кемна слухаць.
Нэрон заціснуў кулакі і журыцца: — Ох, гэтыя хрысціяне! Спалілі Рым, а цяпер крыўдзяць і мяне. Якія ж яшчэ кары на іх прыдумаю?!
Пятроні скеміў, што не ў той бок пайшоў, словы ягоныя даюць зусім адваротны вынік таму, які маніўся асягнуць, дык, хочучы адвярнуць думку цэзара ў іншы бок, нахіліўся да яго й шапнуў: — Песня твая чароўная, але вымагае аднае зацемкі: у чацвертым вершы трэцяга строфу кульгае крыху метрыка.