Шрифт:
Нэрон счырванеў ад сораму, маўляў злоўлены на ганебным праступку, зірнуў баязліва і адказаў таксама шэптам: — Ты ўсё зацеміш!.. Пераладжу!.. Але ніхто больш не скеміў, праўда?..
Толькі ты — на ўсіх багоў! — нікому не кажы, калі… калі табе жыццё мілае.
На гэта Пятроні нахмурыў бровы й адказаў з позаю нудаснасці й знеахвочання: — Можаш мяне, боскі, асудзіць на смерць, калі я табе няўгожы, толькі не страш мяне ёю, бо багі найлепш ведаюць, як я баюся яе.
І так гаворачы, мераў цэзара вачыма, а той па хвіліне адзываецца: — Не гневайся… Ты ж ведаеш, як люблю цябе… «Дрэнны знак!» — падумаў Пятроні.
— Маніўся я прасіць вас сяння на банкет, — гаварыў далей цэзар, — але лепш зачыніцца ды ўзяцца за паліроўку таго праклятага вершу з трэцяга строфу. Апрача цябе мог памылку зацеміць шчэ Сэнэка, а можа, і Сэкундус Карынас, але на іх маю ўжо спосаб.
Гэта выгаварыўшы, заклікаў Сэнэку і загадаў яму, каб разам з Акратам і Сэкундам Карынам ехалі ў Італію ды па ўсіх правінцыях па грошы, якія трэба будзе сабраць з гарадоў, вёсак, слаўных святынь, адным словам, адусюль, скуль толькі льго будзе іх выціснуць. Але Сэнэка ад гэнай ролі скурадзёра, святакрадцы ды разбойніка адмовіўся наадрэз.
— Я мушу ехаць на правінцыю, доміне, і там чакаць смерці, бо я ўжо стары ды нервы мае хворыя.
Ібэрыйскія нервы Сэнэкі, мацнейшыя, чым Хілонавы, не былі мо хворыя, але наагул здароўе ягонае было дрэннае, бо выглядаў моў цень, і галава апошнімі часамі зусім збялела.
Нэрон таксама, зірнуўшы на яго, падумаў, што іставетна мо не доўга чакаціме на ягоную смерць, дык кажа: — Калі хворы, дык не буду цябе турбаваць, але з любасці да цябе хачу мець цябе блізка, дык замест выязджаць, зачынішся ў сваім доме і не выходзіцімеш з яго.
Пасля чаго расхахатаўся і сказаў: — Калі пашлю Акрата й Карына самых адных, дык так выглядаціме, як бы паслаў ваўкоў па авечак. Каго ж над імі пастаўлю?
— Пастаў мяне, доміне! — адзываецца Даміцый Афэр.
— Цябе? Не хачу абураць Мэркура на Рым, якога застыдзілі б зладзействам. Патрэбна мне якога-небудзь стоіка, як Сэнэка або як той мой новы спагаднік — філёзаф Хілон.
Гэта вымавіўшы, пачаў аглядацца, пытаючы: — А што ж сталася з Хілонам?
А Хілон, які, ацверазеўшы на свежым паветры, вярнуўся ў амфітэатр на песні цэзара, праціснуўся бліжэй і кажа: — Я тут, сыну сонца й месяца прамяністы! Быў занядужаўшы, але песня твая аздаравіла мяне.
— Пашлю цябе ў Ахайю, — загадвае Нэрон. — Ты павінен ведаць да аднаго грошыка, колькі там кожная святыня мае.
— Гэтак і зрабі, Зэўсе, а багі зложаць табе такую даніну, якое ніколі нікому не складалі.
— Зрабіў бы так, толькі не хочацца мне аддаляць цябе ад відовішчаў амфітэатральных.
— Баалю!.. — заскігліў Хілон.
Аўгустыяне павесялелі, бачачы лепшую гумору цэзара, і дамагаліся: — Ды не, доміне! Шкада было б адрываць гэнага адважнага грэка ад ігрышчных дзіваў.
— Але збаў мяне, валадару, ад гэных крыклівых капіталінскіх гусянят, якіх мазгі, у суме ўзятыя, не напоўнілі б хіба і жалудовае місачкі, — адгрызаўся Хілон. — Пішу вось, сыну першародны Апалона, па-грэцку гімн на твой гонар і дзеля таго хацеў бы правесці дзянькоў пару ў святыні Музаў, просячы ў іх натхнення.
— О не! — адазваўся Нэрон. — Ты хочаш выкруціцца ад наступных відовішчаў. Нічога з таго не будзе!
— Бажуся перад табою, доміне, што пішу гімн.
— Дык пісацімеш яго ноччу. Малі Дыяну пра натхненне, бо ж яна сястра Апалона.
Хілон звесіў голаў, паглядаючы спадылба на прысутных, якія зноў пачалі падкпіваць з яго, а цэзар, звярнуўшыся тым часам да Сэнэцыя і да Суілія Нэруліна, бядуе: — Уявеце сабе, гэта ж з прызначанымі на сяння хрысціянамі ледзь да паловы паспелі расправіцца!
На гэта стары Аквіл Рэгул, вялікі амфітэатральны знаўца, хвіліну памаўчаўшы, адазваўся: — Гэныя відовішчы, дзе выступаюць людзі sine armis et sine arte [80] , бадай, аднолькава доўга цягнуцца, а цікавасці даюць менш.
— Загадаю даць ім зброю, — адказаў Нэрон.
Але суверны Вестын раптам ачнуўся з задумы і пытае таемным тонам: — Ці вы зацемілі: яны штось бачаць, паміраючы? Глядзяць угару і паміраюць, казаў бы, не чуючы болю. Я перакананы, што яны нешта бачаць… Гэта кажучы, глядзеў паўзверх амфітэатру, над якім ужо завешвала ноч свой набіты зорамі велярыюм. Іншыя смешкамі адказалі на гэную зацемку ды жартаўлівымі домысламі, што менавіта хрысціяне могуць бачыць падчас смерці. Урэшце цэзар даў знак нявольнікам, трымаючым светачы, і аддаліўся з цырку, а за ім вясталкі, сенатары, урадаўцы і аўгустыяне.
80
Без зброі і здольнасцяў (лац.).
Ноч была ясная й цёплая. Перад цыркам тоўпіўся яшчэ народ, прыглядаючыся адыходзячаму з цэлаю сваёю прыдворнаю сустанню цэзару, але нейкі панурысты, маўклівы. Сям-там вырваўся покляск ды воміг заціх. З апалярыюма скрыпячыя вазы ўсцяж вывозілі крывавыя астанкі хрысціян.
Пятроні і Вініць адбывалі дарогу моўчкі. Ажно не даходзячы да віллы Пятроні адазваўся: — Ці ты думаў пра тое, што я табе казаў?
— Так, — адказаў Вініць.
— Ці паверыш, і для мяне цяпер гэная справа набрала найбольшае вагі. Я мушу яе вызваліць насуперак цэзару й Тыгэліну. Гэта, казаў бы, змаганне, у якім заклаўся перамагчы, казаў бы, гульня, якую хачу абавязкова выйграць, хоць бы за цану собскае скуры… Сянняшні дзень шчэ ўмацаваў мой намер.