Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Затрымаліся ўрэшце пад цыпрысам недалёка ўваходу ў дом. Лігія абаперлася ля дрэва, а Вініць пачаў прасіць дрыжачым голасам: — Загадай Урсусу прынесці ад Аўлаў да мяне твае манаткі й забаўкі.

А яна, зачырванеўшыся, бы ружа ці зарніца, перасцерагла: — Звычай дыктуе йнакш… — Я ведаю. Заносіць звычайна пронуба [48] за сужэнкаю, але ты зрабі для мяне вынятак. Я забяру іх з сабою ў маю віллу да Анцыюма, і будуць мне прыгадваць цябе.

Згарнуў рукі, бы дзіцянё, і налягаў далей:

48

Матрона, павучаючая аб абавязках жонкі (заўвага аўтара).

— Пампонія на днях вернецца, дык зрабі мне прыемнасць, дзіва, зрабі, carissima мая!

— Хай Пампонія зробіць, як захоча, — адказала Лігія, румянячыся на ўспамін «пронубы».

Ды зноў замоўклі, каханне прыпыняла ім дух у грудзях. Лігія апіралася плячыма аб цыпрыс, з белым, як кветка, абліччам, з вачыма апушчанымі і жыва хвалюючымі грудкамі, а Вініць мяняўся на твары, бляднеў. У паўднёвай цішыні чулі біццё сваіх сэрцаў, упоеныя, раскашуючыся ўсім, што іх акружала.

У дзвярах з’явілася Мырыям і запрасіла іх на полудзень. Заселі разам з Апосталамі, якія глядзелі на іх з уцехаю, як на новае пакаленне, што па іхняй смерці прахоўваціме і засяваціме зерне новае навукі. Пётр ламаў і багаславіў хлеб; на ўсіх абліччах была пагода, нейкае вялікае шчасце напаўняла гэту хату.

— Ну дык бачыш, — адазваўся ўрэшце Павал, звяртаючыся да Вініція, — якія мы непрыяцелі жыцця й радасці.

А той адказаў: — Ведаю ўжо, як ёсць, ніколі я не быў так шчаслівы, як між вамі.

XXXV

Вечарам таго ж дня Вініць, ідучы праз Форум дамоў, убачыў пры ўваходзе на Вікус Тускус залочаную лектыку Пятронія, якую несла васьмёх бітынцаў, і, затрымаўшы іх ківом рукі, падыйшоў да фіранак.

— Прыемнага й салодкага сну! — адазваўся, смеючыся, да соннага Пятронія.

— Ах, гэта ты! — кажа, схамянуўшыся, Пятроні. — Так! Крыху прыдрамаў, бо пагуляў ноч на Палатыне. Выбраўся вось купіць што для лектуры да Анцыюма… Што чуваць?

— Ходзіш па кнігарнях? — спытаў Вініць.

— Але. Не хочацца разварочваць бібліятэкі, дык прызапашваюся на дарогу. Ці праўда, выйшлі новыя творы Музонія й Сэнэкі? Шукаю таксама Пэрсыя і аднаго выдання эклогаў Віргілія, якога не маю. Ох, як я змучаны!

Як баляць рукі ад здымання навояў з пруткоў!.. Бо за адным заходам хочацца й тое й сёе пабачыць. Быў у Авіруна, у Атракта, на Аргілетум, а перад тым шчэ ў Созывушаў на Вікус Сандалярыюс. На Кастара! Як мяне сон марыць!..

— Ты быў на Палатыне, дык я цябе павінен пытаць, што чуваць? Або ведаеш што? Адашлі лектыку і кніжкі ды хадзем да мяне. Пагутарым пра Анцыюм ды йшчэ аб нечым.

— Ладна, — адказаў Пятроні, выхіляючыся з лектыкі. — Адыж мусіш ведаць, што пазаўтра выбіраемся да Анцыюма.

— Скуль бы я меў ведаць?

— На якім ты свеце жывеш? Дык, знача, я першы табе звяшчаю навіну?

Так! Будзь гатовы на пазаўтра на раніцу. Гарох на алею не дапамог, хустка на грубым карку не дапамагла, і Рудабароды ахрып. Дык няма чаго й гутарыць пра адклад. Праклінае Рым і ягонае паветра на чым свет стаіць, рад бы яго з зямлёю змяшаць, агнём спаліць, прагне як найхутчэй мора. Смурод гэты, кажа, што нясе вецер з вузкіх вуліц, у труну яго загоніць. Сяння зложаны па ўсіх святынях ахвяры, каб голас ягоны аздаравеў — і гора ўсяму Рыму і сенату, калі хутка не аздаравее!

— Не было б чаго ехаць тады ў Ахайю.

— Або ж наш боскі цэзар толькі адзін гэты талент мае? — адказаў, смеючыся, Пятроні. — Выступіў бы на алімпійскіх ігрышчах як паэт з сваім «Пажарам Троі», як квадрыгіст, як музыка, як атлет, а нат як танцор і пабраў бы напэўна ўсе кароны рэкордантаў. А ці ведаеш, ад чаго тая малпа ахрыпла? Учора захацелася яму дараўняцца ў танцы да нашага Парыса і танцаваў нам «Прыгоды Леды», пры гэтым спацеў і прастудзіўся. Увесь быў мокры й клейкі, як уюн, свежа выняты з вады. Змяняў маскі адна за другою, круціўся, як верацяно, махаў рукамі, бы п’яны матрос, аж гідасць брала, гледзячы на той трыбух на саламяных ножках. Парыс вучыў яго нешта са два тыдні, ну але ж уяві сабе Агенабарба як Леду або як бога-лебедзя! Добры лебедзь! Няма чаго казаць! А шчэ ж маніцца публічна выступаць з гэнай пантамімай, наўперад у Анцыюме, а пасля ў Рыме.

— Людзі горшыліся ўжо з публічнага пяюнства, але прыдумаць сабе, каб цэзар рымскі выступаў як мім… Не! Гэтага хіба ўжо Рым не стрывае!

— Мой мілы! Рым усё ператрывае, а сенат ухваліць гратуляцыю «айцу бацькаўшчыны».

Цераз хвіліну дадаў: — А галайстра яшчэ пышніцца тым, што цэзар ёсць ейным блазнам.

— Скажы сам, ці льго ўжо больш знікчамнець?

Пятроні рушыў плячыма.

— Ты сабе жывеш дома, заняты думкай то пра Лігію, то пра хрысціян, дык хіба не ведаеш, што сталася анадай. Адыж Нэрон звянчаўся публічна з Піфагорам. Выступіў у ролі маладое сужэнкі. Здавалася б, ужо мерка перабрана, праўда? І што скажаш? Прыйшлі закліканыя фламіны і ўрачыста звянчалі яго. Я быў пры гэтым! Я ўжо, здэцца, цярплівы, аднак не абараніўся ад думкі: калі багі існуюць, дык павінны ўрэшце даць нейкі знак… Але ж цэзар не верыць у багоў і мае рацыю.

— Ёсць ён, знача, у адной асобе богам, найвышэйшым святаром і атэістам, — сказаў Вініць.

Пятроні давай смяяцца: — Праўда! Не прыйшло мне ў голаў, а то ўдала, такое мікстуры яшчэ свет не бачыў.

Пасля, затрымаўшыся, кажа: — Трэба яшчэ толькі дадаць, што гэны найвышэйшы святар, што не верыць у багоў, ды той бог, што з іх кпіць, баіцца іх, як атэіст.

— Доказам — тое, што здарылася ў святыні Весты.

— Што за свет!

— Які свет, такі й цэзар!.. Гэта доўга не патрывае.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: