Вход/Регистрация
Quo Vadis
вернуться

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Гледзячы на гэнае мора інструментаў, палыскуючых на сонцы золатам, бронзам, дарагім каменнем і перламутрам, можна было падумаць, што сам Апалон ці Бахус выбраліся ў падарожжа па свеце. Затым з’яўляюцца важныя карукі, поўныя штукароў, танцораў, танцорак, прыгожа згрупаваных, з тырсамі ў руках. За імі ехалі нявольнікі не для абслугі, але для збытку: дзяўчаткі й хлапчаняты, выбраныя з цэлае Грэцыі й Малое Азіі, даўгавалосыя або кучаравенькія ў залатых сетках, падобныя да амуркаў, чароўнага выгляду, але пакрытыя грубым слоем касметыкі, каб вецер, бач, не апаліў далікатнае іхняе скуры.

І зноў ступаў прэторыянскі аддзел велізарных сыкамбраў, барадатых, ясна- і рудавалосых, блакітнавокіх. Перад імі імагінарыі неслі рымскія арлы, табліцы з надпісамі, статуэткі багоў рымскіх і германскіх, а ўрэшце — статуэткі цэзара. З-пад вопраткі і ваяцкіх панцыраў відаць былі моцныя, загарэлыя, здольныя валадаць цяжкою зброяй рукі. Зямля стагнала пад іхнім роўным цяжкім ходам, а яны, казаў бы сведамыя сваёй сілы, якую маглі паказаць нат і супраць самога цэзара, важна пазіралі на вулічную чэрнь, відаць забыліся, што многія з іх прыйшлі сюды ў ланцугох. Але была іх невялікая толькі жменя, бо галоўныя прэторыянскія сілы заставаліся ў кватэрах на мейсцы дзеля старажавання гораду й трымання яго ў дысцыпліне. За імі вялі ездавых львоў і тыгрысаў Нэрона, каб было што запрэгчы на выпадак, калі б Нэрону заманілася наследваць Дыонізаса. Вялі іх гіндусы й арабы на сталёвых ланцугох з петлямі, але так упрыгожаныя кветкамі, як бы з самых кветак сплеценыя. Асвоеныя дазнанымі бестыярамі звяры пазіралі на масы народу сваімі соннымі зялёнымі зекрамі, часамі падыймалі вялікія галовы, уцягаючы храпліва ноздрамі людскі пот ды аблізваючы шурпаватым языком пашчу.

Далей ішлі цэзарскія калясніцы й лектыкі, большыя й меншыя, залатыя й пурпуровыя, выкладаныя слановай косцю, перламі, красуючы полыскам каштоўнасцяў; за імі шчэ адзін аддзел прэторыянаў у рымскай зброі, самых італьскіх ваякоў-ахвотнікаў [49] ды зноў грамады стройнае службы нявольніцкае й хлапчат, а ўрэшце ехаў сам цэзар, прыбліжэнне якога звяшчалі здалёк воклічы віватуючых народных масаў.

У тлуме народу стаяў і Апостал Пётр, які хацеў хоць раз у жыцці пабачыць цэзара. Пры ім была Лігія з атуленым тварам і Урсус, сіла якога была найпэўнейшаю апекаю сярод гэнай расхваляванай ды разбуянай хмары людское стыхіі. Ліг узяў адзін камень з будаўляных матар’ялаў святыні і прынёс яго пад ногі Апосталу, каб, стаўшы на ім, лепш было паглядаць. Ціжба спачатку бочылася, бо Урсус бесцэрэмонна распіхаў яе магутнымі рукамі, моў карабель — воды, а як убачыла яго, падымаючага камень, якога не магло чатырох асілкаў-работнікаў скрануць з мейсца, крычма дзівілася: «Macte!» [50] — чутно было навокал. Аж вось над’ехаў цэзар. Сядзеў на возе, падобным да балдахіну, цягнула яго шэсць белых ідумыйскіх, золатам каваных, вогіраў. Воз меў знарок бакі адкрытыя, каб глядзельнікі добра бачылі цэзара. Магло на ім змясціцца некалькі асоб, але, жадаючы ўвагу сцягнуць толькі на сябе, Нэрон ехаў праз горад сам, меў толькі ў нагах двух маленькіх вырадкаў-карлаў. Быў убраны ў белую туніку і аметыставую тогу, ад якое падаў сіняваты водблеск на ягонае аблічча. На галаве меў лаўровы вянок. Ад часу выезду ў Неапаль значна патлусцеў. Разліўся твар, падвоіўся й адвіс падбародак, а асаджаныя пад самым носам вусны цяпер зусім выдаваліся выкраенымі пад самымі ноздрамі. Грубая шыя была, як заўсёды, акручана шаўковай хусткай, сюдтут папраўляў яе пукатаю белаю рукою, аброслаю на перагібе рудавым валоссем, якога эпілятарам не даваў вырываць, каб не спрычыніць праз гэта, як яму талкавалі, дрыготы ў пальцах ды не ўтрудніць ігры на лютні. Бяздоннае пустагонства малявалася на ягоным твары, нясілле й нудаснасць. Наагул быў гэта твар страхотны й блазноцкі. Едучы, кідаў галавою на абодва бакі, жмурачы вочы й наслухоўваючы, бачна, як яго вітаюць. Вітала яго бура воплескаў: «Жыве боскі цэзар, імператар! Вітай, пераможнік! Вітай, Апалоне, незраўняны сыне Апалона!» Слухаючы гэных слоў, усміхаўся, але час ад часу прабягала яму па твары як бы хмара, бо рымская вуліца была з’ядлівая, куслівая і ў пачуцці стыхійнае сілы дазваляла сабе на кпіны й дацінкі нават вялікім трыумфатарам, такім, якіх іставетна любіла й шанавала. То ж калісь нат самому Юлію Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым: «Грамадзяне, хавайце жоны, едзе лысы распуст!» Страшэннае сябелюбства Нэрона не зносіла прыганаў і наругі, а прымеж таго з разбуянае грамады неслася: «Рудабароды! Рудабароды!.. Куды вязеш сваю вагністую бараду? Баішся, мусі, каб Рым ад яе не загарэўся?» І тыя, што крычалі, не ўцеялі таго, што жарт іхні крые ў сабе злавеснае прароцтва. Цэзара не надта гневалі падобныя прытычкі, тым больш, што барады не насіў, бо даўно ўжо ахвяраваў яе ў залатым куфэрку капіталінскаму Ёвішу. Іншыя з-за кучаў каменняў і зрубу святыні крычалі: «Маtricidа! [51] Нэрон! Орэстэс! Алкмеон!», а іншыя: «Дзе Актавія?!», «Аддай пурпуру!» А на едучую тут жа за ім Папею крычалі: «Flava coma!» [52] — назовам гэтым бэсцілі вулічніц. Музыкальнае вуха Нэрона хапала й такія воклічы, тады прыкладаў да вока свой паліраваны шмарагд, як бы хочучы злавіць позір кам ды запамятаць тых, што так крычалі. Такім чынам зор ягоны затрымаўся на Апостале, стаячым на камяні. Праз момант двух тых чалавек глядзела самадруг на сябе, а нікому ні з таго важнага паходу, ні з тае хмары глядзельнікаў не прыйшло ў голаў, што пазіраюць на сябе ў гэнай хвіліне два валадары зямлі, з якіх адзін хутка міне, бы сон крывавы, а другі, той старац, адзягнуты прастачаю ляцэрнаю, абыйме на вечнае валаданне свет і горад.

49

Жыхары Італіі былі йшчэ пры Аўгусце вызвалены ад вайсковае службы, у выніку чаго так званая co-hors italica (італійская кагорта), што звыкла стаяла ў Азіі, складалася з ваякоў-ахвотнікаў. У прэторыянскіх аддзелах служылі таксама або іншаземцы, або ахвотнікі (заўвага аўтара).

50

Выдатна! (лац.).

51

Маткабойца (лац.).

52

Бялявачка! (лац.).

Праехаў цэзар, а тут жа за ім васьмёх афраў пранесла пышную лектыку, у якой сядзела зненавіджаная народам Папея. Прыбрана была, як і Нэрон, у аметыставае акрыццё, з грубым слаём касметыкі на твары, непарушная, задуманая, сухадушная, выглядала моў якое боства, адначасна прыгожае й злое, несенае, як у працэсіі. У сляды за ёй цягнула цэлая сустань мужчынскае й жаночае службы ды цэлы абоз з прыборамі да выгодаў і строяў. Сонца добра ўжо схіліла з паўдня, як зачаўся праезд аўгустыянаў — светазарны, мігатлівы, палыскаючы, бы вуж, бясконцы провад. Лянівы Пятроні, спагадна вітаны народам, загадаў несціся ў лектыцы разам з сваёю, падобнаю да багіні, нявольніцай; Тыгэлін ехаў у карэце, цягнулі яе малыя конікі, прыстроеныя ў белыя й чырвоныя перыны.

Бачылі яго, як сюд-тут падымаўся на возе і, выцягаючы шыю, цікаваў, ці хутка цэзар загадае яму перасесці да сябе. Спаміж іншых народ вітаў воплескамі Ліцыніяна Пізона, смехам — Вітэлія, свістам — Ватынія. Ліцынія й Лекана, консулаў, прапусціў абыякава, але Тулія Сэнэцыя, які падабаўся народу няведама чаму, і Вестына публіка праводзіла воплескамі. Цэзарава світа была бязлікая.

Здавалася, усё багацейшае й важнейшае ці знатнейшае ў Рыме эмігруе да Анцыюма. Нэрон іначай не выбіраўся ў дарогу, як тысячай вазоў і штонайменш з адною легіяй прэторыян [53] . Паказвана з грамады і Даміцыя Афра, і згрыбелага Люцыя Сатурніна; бачылі Веспасыяна, які шчэ не выбраўся ў паход на Юдэю, з якога вярнуўся па цэзарскую карону; бачылі сыноў ягоных, і Нэрву маладога, і Люкана, і Аннія Галлёна, і Квінтыяна ды мноства матронаў, слаўных багаццем, красою, збыткоўнасцю й распустай. Вочы грамадаў пераносіліся з знаёмых абліччаў на вупраж, вазы, коні, дзівосныя строі службы, сабранае з усіх народаў свету. У гэным моры пышнаты й вялікасці няведама на што было глядзець. І не толькі вочы, але й думка асляплялася залатым бляскам, пурпурай і фіялетам, мігаценнем дарагіх каменняў, полыскам бісёраў, перламутру, слановае косці. Здавалася, і само сонца растаплялася ў гэным светазарным тапелішчы. І хоць сярод натаўпу нямала было злыдняў з падцягненым жыватом і голадам уваччу, гэтае відовішча ўсё ж такі не толькі будзіла ў іх ахвоту збыткаваць, зайздрасць, але напаўняла раскошай і гонарам, давала пачуццё магутнасці і жывучасці Рыму, якую падпіраў і перад якою стаяў на каленях увесь свет. Маўляў, не было нікога ў цэлым свеце, хто смеў бы думаць, што гэная магутнасць не перажыве ўсіх вякоў і народаў, што няма сілы на зямлі супраць яе.

53

За часаў цэзарства легія мела 12 тысячаў чалавек (заўвага аўтара).

Вініць ехаў на самым канцы світы, убачыўшы Апостала й Лігію неспадзявана, выскачыў з воза і, чула прывітаўшыся, гаварыў у спешцы:

— Прыйшла ты! Не ведаю, як табе ўжо й дзякаваць, Лігія!.. Бог лепшае варажбы мне саслаць не мог. Дык здароўлю цябе, развітваючыся, хоць не надоўга. Па дарозе расстаўлю коні і ў кожны дзень вольны буду пры табе, пакуль павароту сабе не выпрашу. Будзь здарова!

— Бывай здароў, Марк! — адказала Лігія й пасля дадала цішэй: — Хай цябе вядзе Хрыстус ды адкрые табе душу на словы Паўла.

Ён уцешыўся, што расходзіцца ёй пра тое, каб хутчэй стаўся хрысціянінам, дык сказаў: — Осеlle mi! [54] Хай станецца па-твойму! Павал захацеў ехаць з маімі людзьмі, але ёсць тут і будзе мне правадніком і таварышам… Адхілі заслону, весялюшка мая, хай хоць раз яшчэ на цябе гляну перад дарогай. Чаму ты так закрылася?

Яна падняла рукою заслону і паказала сваё яснае аблічча ды чароўныя рассмяяныя вочы, пытаючы: — Гэта дрэнна?

Вініць, гледзячы на яе з усмехам, кажа: — Дрэнна для маіх вачэй, якія жадаюць да смерці глядзець на цябе адну!

54

Вочанька маё! (лац.).

Пасля звярнуўся да Урсуса і сказаў: — Урсус, пільнуй яе, як вока, бо гэта не толькі твая, але й мая доміна!

Гэта сказаўшы, хапіў ейную руку і прыціснуў да яе вусны на подзіў цікаўнай галайстры, якая не магла ўцеяць такое пачэснасці аўгустыяніна да дзяўчыны, апранутай па-просту, ледзь не па-нявольніцку.

— Бывай здарова… Ды спешна аддаліўся, бо паход цэзарскі значна пасунуўся ўперад. Апостал Пётр перажагнаў яго ледзь прыкметным знакам крыжа, а добры Урсус пачаў зара яго выхваляць, радуючыся, што маладая спадарычна ахвотна слухае й глядзіць на яго з удзячнасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: