Вход/Регистрация
Вёска
вернуться

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

— Алесь, ты сам пабачыў — я не змагар... Але я за вас, ваш — вер! І вер, што самае большае, што магу тут, я раблю! Калі дзве мае знаёмыя дзеўкі хоць дзяцей сваіх не будуць адвучваць ад мовы — успамінаючы, што быў у іх некалі беларускі хлопец, — і то для мяне гэта будзе найлепшая ўзнагарода.

— Усё нармалёва...

Адзінокі Васкевіч стаяў і глядзеў услед цягніку, што імкліва аддаляў і аддаляў ад яго такога раней блізкага чалавека.

А на другі дзень, увечары, адбылася падзея, якая проста дабіла Антона.

Прыехаў з Мінска да маці, Надзі-паштальёнкі, былы Васкевічаў аднакласнік Валер. І не проста прыехаў, а на сваёй машыне і з маладой жонкаю.

— Вунь, я кажу, хлопчыкі і вучацца, і жэняцца, і не п’юць, і ніхто не выганяе, — бурчэла маці, злая на Антона яшчэ за ўчарашняе. — Ён жа тваіх гадоў, а ўжо і жонка, і машына... Талан людзям!

— Адкуль у яго машына?

— Цесць купіў! А ты пі, куры...

Мабыць, не толькі з Сасноўкі, а і з усіх навакольных вёсак толькі два чалавекі і вучыліся ў Мінску, Васкевіч і Валер: адзін — на філфаку, другі — у радыётэхнічным. Аднак у Мінску яны ні разу не сустрэліся, як гэта часта бывае паміж блізкіх землякоў, жылі кожны сваім, — ды проста не хацелі, відаць, сустракацца, бо там праехаць было адзін да аднаго некалькі прыпынкаў на метро.

Яшчэ менш хацелася гэтай сустрэчы Васкевічу цяпер. Успамінаўся свой прыезд — як Пульс на саначках вёз сумку, і вось Валераў — на «аўто», з дзяўчынаю... Была розніца. Але Валер, які, аказваецца, нават не ведаў, што Васкевіч даўно ўжо не студэнт, сам прыйшоў, прапанаваў прайсціся, пагаварыць. «Трэба ж яму сведка яго трыумфу», — думаў Васкевіч. Пайшлі да хаты Надзі-паштальёнкі.

— Матка рассказывала, ты здесь поддаёшь немного? — смеючыся, пытаў Валер. — Молодец — а что ещё делать?

Антону і ў галаву не прыходзіла гаварыць з Валерам так, як учора гаварыў з Рамановічам. Ён паддакваў Валеру, ледзь не ў рот глядзеў, сам стараўся падсмейвацца з сябе — як з няўдачніка, ведаючы, што для гэтага ён цяпер і спатрэбіўся.

Машына стаяла ў двары, белая, вымытая, бліскучая. Антон абышоў яе вакол, пацмокаў языком, з ветлівасці зазірнуў усярэдзіну, пашчоўкаў пазногцем па мокрай шыне. Селі на прызбе, закурылі, дымам і рукамі адганяючы мошак. Вечарэла, сіне-шэры туман ужо напаўзаў сюды, на двор, ад канца агарода.

І не было ім пра што гаварыць, як і ніколі не было пра што. Падняцца б і пайсці, — але Васкевічу раптам нясцерпна захацелася выпіць, проста напіцца, як учора, і ён усё сядзеў, чакаў, пакуль Валер запросіць яго ў хату.

— Да мяне ўчора сябар з Менску прыязджаў, расказваў, мітынгуюць там... Праўда?

— Мітынгуюць... а-а! — пазяхаючы, адказваў Валер. — А што яшчэ рабіць?

— Метро, я чуў, другую лінію пусцілі?

— Пусцілі.

— Якой маркі машына? — спытаў Антон.

— Пяты «жыгуль», — адразу ажывіўся аднакласнік. — Дурны я, прашляпіў сам, можна было «дзевятачку»...

Адчыніліся дзверы веранды і высунулася дзявочая галава. Васкевіч павітаўся, галава не адказала, нават, здалося, і не кіўнула. Валер хуценька падхапіўся:

— Ну, давай, — працягваў Антону руку. «Лепш — бывай», — падумаў Васкевіч, выходзячы на вуліцу. Ён быў проста раздушаны. Усё яго жыццё ўспомнілася яму, пранеслася этапамі перад вачыма... Маленства, школа, армія, інстытут, «адраджэнства», бібліятэка, каханне яго... І такім будзённым, пустым, нікому непатрэбным, «жалким» паўстала перад ім гэтае жыццё! Што каму з таго, што Валер — хітры, кар’ерыст, калі трэба падліза, калі трэба — хцівы і жорсткі? Што з таго, што ён хам, неначытаны, самалюбівы? Каго з іх дваіх вяскоўцы, маткі, дзеўкі, увогуле людзі будуць больш паважаць, пра каго скажуць: «Во, гэты ўмее жыць! І сам не прападзе, і дзяцей сваіх у людзі выб’е»?

«Не, без пляшкі тут не разбярэшся!» — падумаў Антон, беручы знаёмы курс на Двароўку. Нябось, Ручка не будзе хваліцца сваім трактарам, а ўзрадуецца і пабяжыць шукаць самагонку.

ХХІІІ

Канчаўся май — дажджлівы, са страшнай камарэчай і машкарою, занадта халодны для гэтай самай паўднёвай часткі Беларусі, май — прадвеснік таго гарачэннага пажарыстага лета, за якое выгарэла мо трэцяя частка лясоў Гомельшчыны.

Раніцамі Васкевіч браў кош і сыходзіў у лес, па лісічкі. Кожны раз ішоў аднымі мясцінамі — утравянелымі дарогамі, верасовым бярэзнічкам — і кожны раз набіраў поўна. Не спяшаўся, калі налазіў на цэлую жоўтую порасль, аж у вачах жаўцела, патрошку, як стары дзед, прысеўшы, падразаў сабе лісічкі, знаходзячы асалоду ў гэтай аднастайнасці, у ледзь чутным чырканні нажа па карэньчыках, абдуваў грыбы, акуратна складаў у кош. І шкада было, што той хутка напаўняецца. Не хацелася вяртацца дамоў, не хацелася слухаць дакучнага буркатання маткі, якая ўсё не магла ўняцца з таго дня, як прыязджаў Рамановіч і Антон напіўся. Ён разумеў, што п’янка была для яе толькі прычынаю. Проста тады, зімою, калі ён вярнуўся з Мінска, маці — што б яна там ні казала — усё ж спадзявалася, што ён пабудзе тут часова. І вось час бяжыць, аднагодкі яго жэняцца, вучацца, купляюць машыны — адзін ён, як быў, так і ёсць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: