Шрифт:
На другі дзень маці пачала патроху ўставаць, хадзіць, а на трэці, як ні ўпрошваў, як ні сварыўся на яе Антон, ужо з раніцы стаяла ракам на сотках. У горад Васкевічу было позна ехаць. Ён вырашыў паслаць свае планы і справаздачы пісьмом і заадно патлумачыць, чаму не з’явіўся. Так і зрабіў. А перад гэтым маці, добрая душа, не забылася, што Пульс даваў каліну і папрасіла Антона занесці яму ў падзяку пляшку самагонкі. Антон аднёс, і разам з Пульсам яны гэтую самагонку і выпілі. Магчыма, не быўшы на падпітку, Васкевіч не зрабіў бы таго, што зрабіў. Седзячы ўвечары ў верандзе, ужо заклеіўшы канверт з «бібліятзчным» пісьмом, яму прыйшло ў галаву, што трэба напісаць і ў Мінск, у інстытут. Сапраўды, гэта ж так проста! Каму ён трэба, калі ён сам пра сябе не падае знаку? Ды жывы ён увогуле ці не? Ліпень, у інстытуце працуе прыёмная камісія, рэктар будзе на месцы...
Гэта быў саромны, пакаянны, па-руску напісаны ліст, пра які потым Васкевічу і самому няёмка, цяжка было ўспамінаць, а тым больш расказваць некаму.
Ён пісаў, што вось ужо столькі месяцаў адлічаны з інстытута, і дасюль не ведае, за што. Воля Ваша, — пісаў ён, — можаце мяне і не ўзнаўляць. Але звяртаюся да Вас не як да рэктара, а як да чалавека: чыркніце мне хоць пару слоў, ці ёсць у мяне хоць маленькая кропля надзеі? Калі я нават і быў у нечым вінаваты, дык «за даўнасцю часу» даруюцца і не такія, як маё, злачынствы...
Не перачытваючы, заклеіў, падпісаў адрасы на абодвух канвертах.
Ужо раніцай яму, праспаламу, зрабілася сорамна; але ён згадаў выратавальнае: «Мне трэба варухнуцца, паспрабаваць самому сабе памагчы. А там Каму трэба, Той вырашыць», — і ў Двароўцы аднёс лісты на пошту.
ХХV
За ўвесь ліпень Васкевіч ні разу не выбраўся ў горад, і ўвесь ліпень прайшоў у чаканні.
Антон акрыяў душою — што значыць жыць, калі ёсць надзея! Няважна, узновяць яго, не, але яму вымушаны будуць адказаць, штосьці патлумачыць, урэшце проста адазвацца, падаць голас з таго, ужо забытага ім, цудоўнага свету. Ён успамінаў словы са свайго ліста і адчуваў, што не адазвацца на іх, на той крык душы, хай сабе і казённа-дзяжурна адазвацца, не зможа нармальны чалавек. А ліст адрасоўваўся ўсё ж самому рэктару! Які вунь і з Міцурам нармальна пагаварыў.
Між тым, час бег, кожны дзень Васкевіч забіраў бібліятэчную пошту і не знаходзіў сярод газет і часопісаў жаданага канверта. Міналі ўсе тэрміны. Першага жніўня, прыехаўшы ў горад, атрымаўшы ў бухгалтэрыі аддзела культуры палучку за два месяцы, Антон пайшоў у бібліятэку, да Валянціны Мікалаеўны, і быў сустрэты ёю насмешлівым прывітаннем:
— А что это вы мне прислали? — яна працягнула Антону раскрыты канверт, адкуль выглядаў ражок яго ліста... рэктару. — Мне это вовсе не нужно. Это в Минск нужно, — пацяшаючыся, усё дабівала яго харошанькая дырэктарка.
Трэба ж — ён умудрыўся пераблытаць адрасы на канвертах! Во здзівяцца ў Мінску, атрымаўшы пісьмо з табліцаю, колькі чалавек у жніўні месяцы збіраецца наведаць нейкую Двароўскую бібліятэку, якія іх чакаюць кніжныя выстаўкі і іншыя культурныя мерапрыемствы...
Васкевічу, аднак, зусім не было смешна. Ён яшчэ больш уверыўся — не лёс яму вырвацца адсюль. Ён паспрабаваў, паварушыўся — і нічога не атрымалася. Значыць, не лёс.
Пасля хваробы матка ўжо не адганяла сына ад работы, і Васкевіч пачаў хадзіць у бібліятэку праз дзень, праз два. Дзядзька Мікола за тое, што Антон памагаў яму касіць, выпісаў ім у лясніцтве бясплатна машыну дроў, сам парэзаў іх бензапілою, і цяпер Антон днямі калоў за хатай роўныя, нятоўстыя сасновыя і альховыя круглякі.
Аднойчы, гадзін у дванаццаць дня Антон насіў з пожні ў хлеў, на ток, снапкі аўса, і пачуў, як маці на двары гучна гаворыць з кімсьці. Потым пазвала яго. Ён разуўся, вытрусіў з кедаў пацяруху і басанож, разораю пайшоў на двор. З малінніка з трэскам вылез кот-сібірак і пайшоў следам.
— Ты мо галодны, сынку? — ласкава сустрэла яго маці, і яго аж кальнула ў сэрца — зноў нехта памёр!
— Ідзі супчыку паеж, ды паглядзі целявізар... Бо Маня казала, чула па радзьве, што ў Маскве — цэлая буча!
Васкевіч кінуўся ў хату, уключыў тэлевізар, радыё. Радыё маўчала, па тэлевізары якраз перадавалі аб’яву, што Прэзідэнт хворы і ўлада пераходзіць да ГКЧП. Васкевіч слухаў і нічога не разумеў. Стомленыя рукі і ногі нылі, цела свярбела ад пацярухі — якая «буча», пры чым тут што... Наліў супу, паеў перад тэлевізарам. «Як гэта адаб’ецца на мне? — думаў, слухаючы. — Ай, чорт — ды ніяк! Што з мяне можна ўзяць? Ну, выгнаць яшчэ і з бібліятэкі. А можа, наадварот, разбяруцца, узновяць у інстытуце, і прабачэння папросяць? А рэктара з дэканшай турнуць? Во было б здорава».
Увайшла маці:
— Ну, што ты тут выслухаў?
— Нічога, я нічога ў гэтым не разбіраюся.
— А мо, слава Богу, і лепей нешта будзе... Як тая Маня кажа. Раней, пры камуністах, усё было: і гарэлка, і цукеркі такія падушачкі... А то зрабілі. Яны ж перш хацелі толькі перастройку, а зрабілі гласнасць! А мо цябе вернуць, дасць Бог, у інстытут, — разважала сама з сабою маці.
Антон не хлусіў ёй, ён праўда не разбіраўся, што робіцца. Дый тэлевізар раптам заміргаў, а потым і зусім засняжыў чыстым экранам.