Вход/Регистрация
Эсэ
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Але ўявіце сабе, што гэта зроблена, што горад ператварыўся ў турысцкі, гістарычны, мастацкі, культурны цэнтр.

Сілы нашай на гэта не хопіць, ці што? Зрабіць першы пакуль што горад-музей і тым даць прыклад на стварэнне яшчэ некалькіх.

…Пасярэдзіне двара ў Пустынках ляжалі ў траве два веласіпеды і хатулькі. Два хлопцы, мастакі-рэстаўратары з тых чатырох, што працуюць зараз у Кармяліцкім касцёле, Ю. Маліноўскі і У. Ракіцкі, добрыя знаёмыя, крыху здзіўляюцца мне.

Кожнай раніцай яны едуць на веласіпедах сюды з Мсціслава. Кожны вечар вяртаюцца туды назад. 18 кіламетраў. Выявілі ў прыбудове фрэску XVIII (а можа і XVII) стагоддзя і зараз працуюць, рыхтуючыся зняць яе. Самой фрэскі я не бачыў, яны ўжо заляпілі яе папяроснай паперай. Потым яе замнуюць марляй, затым танюткімі рэйкамі, пасля аддзеляць ад атынкоўкі і павязуць на рэстаўрацыю. З часам гэта будзе зроблена. І фрэску вернуць назад, ва ўладанне гораду, які яе стварыў. Гэта зямля магутнай глыбінай сілы. Вонкава сціпла яна здзіўляе на кожным кроку.

…Спёка. Сонца пячэ дзіка. Палі плаўна спадаюць да Віхры, што струменіць сваю плынь у берагах, укрытых густым хмызняком. Праз гэтыя нетры не дабярэшся да чысцёткай, як слязніца, вады. Смага.

І раптам, гэта ў некалькіх кіламетрах ад Мсціслава, бераг пачынае літаральна вывяргаць ваду.

Вось на беразе, у пары метраў ад ракі, абгароджаны і прыкрыты дахам басейн (гэта метры тры на тры можа, болей). Сценкі бетонныя. З яго вядзе трубка сантыметраў на дваццаць у дыяметры, а з яе б'е няспынны і тугі шкляны вадаспад. Глыбіня крыніы метраў пяць, але вада такая празрыстая, што дно здаецца вось-вось, як руку працягнуць. І на гэтым дне — дзіва, якога я даўно ужо не бачыў. На дне — літаральна вулкан, які выкідае ў секунду, відаць, вёдраў пяць вады, варочае яе і вялізныя, тоўстыя клубы пяску, што тут жа ападаюць, а на іх месцы ўзнікаюць, уздымаюцца новыя.

Кінь валун — будзе варочаць і яго, такі магутны напор.

Не замярзае і ўзімку. І ўзімку няспынна бяжыць і бяжыць тоўстая ручаіна да Віхры. Стоячы ў ёй, некалькі юнакоў скрабуць рыбу і срэбныя бліскаўкі сплываюць у раку.

— Што гэта вы?

— Кажуць, лечыць раматус, — кажа адзін з іх.

– І радыкуліт, — дабаўляю я.

Вада больш ледзяная за лёд. Дзіўнага жывушчага смаку. Даўно я не бачыў такіх магутных крыніц. Магла б, мабыць, забяспечыць пітной вадой увесь горад, як забяспечвала яго калісьці, моцна цяпер запушчаная, крыніца Здаровец у яры пад Замчышчам, у межах самога горада.

А тут б'е. І ўсё дно Віхры б'е халоднымі крыніцамі. І ўвесь бераг ля Мсціслава.

Горы, лес на іх, крыніца, рака. Старажытныя ліпы і лістоўніцы на месцы былога фальварка. Свеціць праз іх перадвячэрняе крынічнае жнівеньскае неба.

Давайце сёння не будзем больш забірацца далёка. Давайце пойдзем на тое месца, дзе малой крынічкай прабілася некалі на свет рачулка нашага гарадка. На Замчышча.

Галаваломны спуск на седлавіну (тут вісеў калісь над ярам пад'ёмны мост), і стромы пад'ём.

На Замчышчы хатка (ці можа дзве: так і не разабраўся праз дзікую густэчу сада, што займае ягоную частку), старыя каравыя яблыні. Пасля шлях вядзе праз грады і сад на археалагічны раскоп: маленькі, жабрачы кавалачак на вялізным, як выявілася, Замчышчы, малюсенькая частка ягоная. На астатняй частцы лапічак саду і гароды. Блытаюцца ў сонцы плеці гуркоў, сцябляны маку, лопухі бураковага гічаўя. Гарбузы віюцца паўсюль і сонечна ззяюць пушыстымі глыбокімі кветкамі. Нейкія жанчыны торгаюць буйную цыбулю. Паўсюль густыя джунглі памідораў, яшчэ зялёных.

А раскоп — яма, запоўненая зялёнай цвілай вадой, і ў ёй рэшткі паляў, драўляных вулічных мастоў, рэшткі будынкаў (Дарэчы, тут я, як мне здаецца, зразумеў, якім чынам жыхары абложанага горада маглі не цярпець недахопу ў вадзе: калі вораг стаяў пад вонкавым валам, праблемы ўвогуле не было, бо выручалі магутныя крыніцы Здароўца ў яры з паўднёва-заходняга боку, там можна напаіць хоць бы й сотню сланоў. А калі вораг абкладаў непасрэдна Замак — выручала вось гэтая вада, што так хутка запоўніла раскоп і не высыхае: тут або таксама блізкі да паверхні вадзяны слой, або на глыбіні ляжыць моцны воданепранікальны пласт гліны, які не дазваляе дажджам усмоктвацца ў зямлю).

Грэшны чалавек, я ўзрадваўся за Мсціслаў, што археолагі раскапалі так мала. Хай астатняя, большая частка Замчышча чакае лепшых часоў, больш дасканалых метадаў, сродкаў на ўзвядзенне над раскопам павільёна. Хай Замчышча пакуль што застаецца некранутай скарбніцай. Бо археолагам з Мсціслаўскім Замчышчам пашанцавала. З XVII стагоддзя тут, відаць, амаль не сяліліся, не капалі, не варочалі грунт. На сценцы раскопа відаць выразна: пласт зямлі толькі зверху крыху падрапаны рыдлёўкай гародніка, ніжэй — пласт пажару і разгрому, а яшчэ ніжэй некрануты культурны слой. Гэта не тое што, скажам, Тураўскае гарадзішча, дзе і ўзводзілі будынкі земскай бальніцы, і дарогу перакладалі, і кіно здымалі, і капалі, і чорт ведае што яшчэ рабілі.

А тут нават стромы яроў, што абкружаюць Замчышча, некранутыя.

І ўвогуле трэба помніць, што пастановай Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах будаўніцтва і калегіі Міністэрства культуры БССР 7 ліпеня 1971 года Мсціслаў уваходзіць у лік гарадоў, што маюць каштоўныя горадабудаўнічыя ансамблі і комплексы, прыродныя ландшафты і старажытны культурны слой, а тым самым уваходзіць у лік гарадоў, праекты планіроўкі і забудовы якіх павінны ўзгадняцца з органамі аховы помнікаў культуры.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: