Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том Джоўд і прапаведнік Кейсі глядзелі, як чарапаха ідзе, — няспешна перабірае нагамі і штурхае свой цяжкі выпуклы панцыр дакладна ў адным кірунку. Кошка нейкі час кралася за ёю, потым тугім лукам выгнула спіну, пазяхнула і, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелі на ганку.

— І куды яе панесла? — запытаўся Джоўд. — Колькі я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваім вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды ім кудысьці трэба.

Шэрая кошка зноў села між імі, крыху ззаду. Павекі яе раз-пораз зліпаліся. Шкурка на спіне торгнулася да шыі ад блышынага ўкусу і паволі адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусціла кіпцюры, схавала іх і лізнула падушачкі бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту і распаўзлося, як медуза, небасхіл над ім пасвятлеў і нібы ажыў. Джоўд разгарнуў пінжак і ўзяў свае новыя жоўтыя чаравікі. Перш чым надзець іх на ногі, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў.

Раптам прапаведнік, які ўглядаўся праз палі ўдалячынь, сказаў:

— Сюды нехта ідзе. Глядзі! Вунь, проста праз бавоўнік.

Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсі.

— Ага, праўда нехта ідзе, — сказаў ён. — Такі пыл падняў, што і не разгледзіш. Каго гэта чорт нясе? — Яны сачылі за постаццю, што набліжалася да іх у вячэрнім святле, і пыл, які ўзнімаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. — Мужчына, — сказаў Джоўд. Чалавек падыходзіў усё бліжэй, і, калі ён параўняўся са свірнам, Джоўд сказаў: — Гэ, я яго ведаю. І ты яго ведаеш — гэта М'юлі Грэйуз. — І гукнуў: — Гэй, М'юлі! Здарова!

Чалавек раптам спыніўся — спалохаўся вокліку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нізкаваты ростам. Рухі яго былі рэзкія і хуткія. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сінія джынсы на каленях і ззаду злінялі, стары чорны пінжак ад былога гарнітура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдраліся з проймаў, на локцях працерліся да дзірак. Чорны капялюш быў такі ж брудны, як і пінжак, і стужка трымалася толькі адным канцом — другі матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлі быў гладкі, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзіцяці, губы сцяліся ў вузкую шчылінку, у маленькіх вочках ці то гнеў, ці то горыч.

— Ты памятаеш М'юлі? — запытаўся Джоўд у прапаведніка.

— Вы хто такія? — крыкнуў ім на хаду М'юлі Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлі падышоў бліжэй, яшчэ бліжэй і нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. — Тфу ты, чорт! — выгукнуў ён. — Гэта ж Томі Джоўд! Калі цябе выпусцілі, Томі?

— Два дні назад, — адказаў Джоўд. — Дабіраўся дамоў на спадарожных машынах. І глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлі? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?

— Дзякуй богу, што я міма ішоў, — сказаў М'юлі. — Стары Том вельмі непакоіўся за цябе. Калі твае сабраліся выязджаць, я тут у вас на кухні сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нікуды не пайду, так і сказаў, далібог, праўда, а Том мне кажа: «Баюся я дужа за Томі. Раптам ён вернецца, а нас нікога няма. Што ён падумае?» Я кажу: «Можа б, ты яму пісьмо напісаў?» А Том мне: «Можа, і напішу. Падумаю. А калі не, дык ты ўжо на ўсялякі выпадак паглядай, калі застанешся: Томі, можа, вернецца». «Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрці ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які згоніць М'юлі Грэйуза з гэтай зямлі». І так і не сагналі пакуль што.

Джоўд нецярпліва перабіў яго:

— Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзеліся?

— Калі банк пачаў усё заворваць трактарамі, яны таксама вырашылі не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць і пацэліў у фару, а трактар усё роўна ідзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забіваць і не думаў, а гэта быў Уілі Філі, і Ўілі ведаў, што баяцца яму няма чаго — папёр проста на дом і як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго і перакруціла. Нешта з ім сталася. З таго часу сам не свой зрабіўся.

— Дзе ж яны цяпер?

— Дык я ж расказваю. Тры разы ганялі фургон дзядзькі твайго Джона. Пліту вывезлі, помпу і ўсе ложкі. Ты толькі паглядзеў бы, як ложкі везлі, — разам з малымі, бабка з дзедам прымасціліся ў галавах, а брат твой Ной сядзіць сабе, пакурвае цыгарэтку і сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. — Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлі апярэдзіў яго: — Яны ўсе ў дзядзькі Джона.

— А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвілінку, М'юлі, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?

— Бавоўну акучваюць — усе, нават малыя і дзед твой. Грошы збіраюць, машыну хочуць купіць і на Захад ехаць — там лягчэй жывецца. Тут зусім кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ і такую работу трэба вымольваць.

— Яны яшчэ не паехалі?

— Не, — адказаў М'юлі. — Думаю, не. Апошні раз чуў пра іх дні чатыры назад: Ноя сустрэў — ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збіраюцца ехаць тыдні праз два. Джона таксама папярэдзілі, каб выязджаў. Ты да Джона ідзі — усяго восем міль. Усе яны там — набіліся ў хату, як на зіму суслікі ў нару.

— Ну добра, — сказаў Джоўд. — Цяпер садзіся на свайго канька і давай. Ты ні кропелькі не перамяніўся, М'юлі. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое — тыцкаешся то туды, то сюды.

М'юлі агрызнуўся:

— І ты ж не перамяніўся. Малым як быў развязны нахаба, такі і застаўся. Ці не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?

— Не, ані. Калі табе закарціць усунуцца галавой у кучу бітага шкла, ніхто ўжо цябе не адгаворыць — усё роўна палезеш. А прапаведніка нашага ты пазнаеш, М'юлі? Гэта ж яго прападобнасць Кейсі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: