Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

М'юлі сарамліва адказаў:

— Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабіць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сілкі на праторынах у сухім хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то і цяцерка пападзецца. Здараецца — скунсы, яноты. — Ён нахіліўся, падняў свой мяшок і вываліў з яго ўсё на ганак. Два трусы і заяц глуха шмякнуліся на дошкі мяккімі пушыстымі камячкамі.

— Божа мілы! — усклікнуў Джоўд. — Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзічыны.

Кейсі падняў аднаго труса і спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

— Падзелішся з намі, М'юлі Грэйуз?

М'юлі неяк няёмка пакруціўся.

— Выбіраць не даводзіцца, — сказаў ён і змоўк, збянтэжаны недалікатнасцю сваіх слоў. — Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе… — ён запнуўся, — я вось што меў на ўвазе: калі ў аднаго чалавека ёсць харч, а другі стаіць побач галодны… дык тут выбіраць не даводзіцца. Ну дапусцім, я забяру сваіх трусоў, адыду ўбачок і сам іх праглыну, адзін… Разумееш?

— Разумею, — адказаў Кейсі. — Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлі да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапіўся, толькі яно задужа цяжкое яго разуменню, і майму таксама.

Том радасна пацёр рукі:

— У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы іх разбяром!

М'юлі ўсунуў руку ў кішэню штаноў і выняў вялікі складаны нож з рагавымі тронкамі. Том Джоўд узяў яго, адсланіў адно лязо і панюхаў. Потым некалькі разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну і паспрабаваў вастрыё вялікім пальцам.

З задняй кішэні штаноў М'юлі дастаў вялікую пляшку з вадой і паставіў на ганак.

— На ваду не вельмі налягайце, — сказаў ён. — Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалілі.

Том узяў труса.

— Схадзіце хто ў свіран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалім з паламаных дошак абшыўкі. — Ён агледзеў труса. — Труса разабраць няма лягчэй. — Ён адцягнуў шкурку на спінцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзірку пальцы і рвануў. Скура знялася, як панчоха, — саслізнула з цельца да самай шыі, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вываліў на шкурку вантробы і кінуў усё ў бавоўнік. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымі мышцамі. Джоўд адсек усе чатыры нагі і разрэзаў удоўж мясістую спінку. Калі ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсі са зблытаным скруткам дроту. — Цяпер раскладзіце агонь і ўваткніце ў зямлю калю, — сказаў Джоўд. — Божа, які ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! — Ён выпатрашыў другога труса і зайца, парэзаў іх і нанізаў кавалкі мяса на дрот. М'юлі з Кейсі адарвалі ад развернутага вугла некалькі дошак, распалілі вогнішча і з двух яго бакоў усадзілі ў зямлю па калку для дроту.

М'юлі падышоў да Джоўда.

— Глянь, ці няма на зайцы гнайнікоў, — сказаў ён. — Не люблю есці зайцоў са скуламі. — Ён выняў з кішэні маленькі мяшэчак і паклаў на ганак.

Джоўд сказаў:

— Заяц чысценькі, як яблычак. Ох, М'юлі, ты і соллю запасся! У цябе ў кішэні, можа, і талеркі выпадкам знойдуцца і палатка? — Ён адсыпаў сабе на далонь солі і пасаліў кавалкі мяса, насаджаныя на дрот.

Затрапяталіся высокія языкі полымя, адкідваючы цені на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала і страляла. Неба ўжо амаль зусім пачарнела, на ім выразна вылучаліся зоркі. Шэрая кошка выйшла са свірна і, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнішча скіравала ў кусты бавоўніку, да кучкі вантробаў. Яна кусала і прагна глытала, і з яе рота звісалі доўгія кішкі.

Кейсі сеў каля вогнішча, кідаў у агонь трэскі і падсоўваў у яго доўгія дошкі, калі яны абгаралі на канцах. Кажаны гойсалі ўзад і ўперад у слупе святла над вогнішчам. Кошка, нізка прыпаўшы да зямлі, выйшла з кустоў, села і пачала аблізвацца, мыць пыску, чысціць вусы.

Джоўд узяў аберуч дрот з нанізанымі на яго кавалкамі мяса і падышоў да вогнішча.

— Ану, М'юлі, бярыся за адзін канец. Накруці вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне ніякага ўжо цярпення. — Ён напяў дрот, падняў з зямлі палачку і перасунуў кавалкі мяса так, каб яны апынуліся над самым агнём. Агонь пачаў лізаць мяса, яно зацвярдзела і пакрылася глянцавітай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю і стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. — Зараз пабалюем! — сказаў ён. — У М'юлі ўсё ёсць — і соль, і вада, і трусяціна. Вось каб яшчэ і гаршчэчак мамалыгі знайшоўся ў яго ў кішэні! Гэта верх майго жадання.

М'юлі сказаў цераз вогнішча:

— Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны і што гэтак жыць нельга.

— Яшчэ чаго — ненармальны! — сказаў Джоўд. — Калі ты ненармальны, дык хай бы ўсе былі такія.

М'юлі гаварыў далей:

— Вось што дзіўна, панове. Калі мне загадалі з месца знімацца, са мной сам не ведаю што такое зрабілася. Спачатку вырашыў: пайду і пераб'ю ўсіх без разбору. Потым мае ўсе паехалі на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлі. Усё недзе тут. Далёка не адыходзіў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым і прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: «Трэба і наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калі людзі вернуцца». Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. І ніхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могілках.

— Чалавек прывыкае да месца, яму з ім цяжка расстацца, — сказаў Кейсі. — І да думак сваіх таксама прывыкаеш, ніяк ад іх не пазбавішся. Я ўжо больш не прапаведнік, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малітвы кажу.

Джоўд перавярнуў кавалкі мяса на дроце. З іх ужо капаў сок, і ў тым месцы, куды падалі кроплі, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчыніцца і рабіцца бледна-карычняватай.

— Панюхайце, — сказаў Джоўд. — Вы толькі гляньце і панюхайце!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: