Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том падняўся.

— Правільна кажаш, далібог, — сказаў ён. — Будзе так ці гэтак, мне ўсё роўна нічога не свеціць.

— Дык гайда. Вось сюды. — М'юлі абагнуў дом і вывеў іх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. — Гэтага досыць, — сказаў ён. — Галаву толькі ніжэй апускайце, калі фары на вас накіруюць — і ўсё. Во будзе пацеха! — Усе трое разлегліся на ўвесь рост на зямлі і аблакаціліся. Раптам М'юлі ўскочыў на ногі, кінуўся да дома, праз момант-другі вярнуўся і кінуў у кусты скрутак — пінжак і загорнутыя ў яго чаравікі. — А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, — паясніў ён. Святло фар паднялося па схіле, потым нырнула ўніз і скіравалася проста на дом.

Джоўд запытаўся:

— А не пойдуць яны з кішэннымі ліхтарыкамі шукаць нас тут? Шкада, палкі няма.

М'юлі хіхікнуў:

— Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўілі паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Зваліўся, як калода. Пасля ўсім расказваў, што на яго пяцёра напалі.

Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар.

— Галовы ніжэй, — сказаў М'юлі. Паласа халоднага белага святла працягнулася над імі і пачала гойсаць па полі. Уцекачы не бачылі, што робіцца каля дома, але пачулі, як бразнулі дзверцы машыны, і галасы. — На святло пабаяцца выходзіць, — прашаптаў М'юлі. — Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уілі асцярожны. Сёння не адзін прыехаў. — Яны пачулі скрып маснічын, потым убачылі святло ліхтарыка ў доме. — Можа, пальнуць? — шэптам спытаўся М'юлі. — Яны не ўбачаць, адкуль стралялі. Няхай галаву пачэшуць.

— Не трэба, — прашаптаў Кейсі. — Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабіць, каб ва ўсім сэнс быў.

Недзе каля дома пачуліся рыплівыя гукі і шолах.

— Жар топчуць падэшвамі, — шапнуў М'юлі. — Пяском засыпаюць. — Зноў бразнулі дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабіла паўкруг і скіравалася на дарогу. — Ніжэй! — сказаў М'юлі, і ўсе трое ўткнуліся галовамі ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над імі і прачарціў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка і знікла з вачэй.

М'юлі сеў на градку.

— Уілі заўсёды робіць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, і я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хітры.

Кейсі сказаў:

— Можа, хто-небудзь прытаіўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць.

— Усё можа быць, — адказаў М'юлі. — Вы тут пачакайце. Я ўсе іхнія штучкі ведаю. — Ён асцярожна пайшоў да дома — толькі лёгка пахруствалі сухія камякі зямлі пад нагамі. Кейсі і Джоўд напружана ўслухоўваліся, але там, куды пайшоў М'юлі, было ўсё ціха. Праз колькі хвілін з боку дома да іх данёсся яго голас: — Няма нікога! Ідзіце сюды!

Яны адарваліся ад зямлі, падняліся і пакіравалі да чорнай пляміны дома. М'юлі чакаў іх каля кучкі пяску, з якой выбіваліся струменьчыкі дыму, — усё, што засталося ад іхняга вогнішча.

— Я так і ведаў — нікога ў засадзе не пакінулі, — сказаў М'юлі з гордасцю. — Уілі я тады з ног збіў, па фарах разок-другі стрэльнуў — цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль ім ведаць, хто тут хаваецца. А я ім так проста ў рукі не дамся. Каля жытла не начую. Калі хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас ніхто не спатыкнецца.

— Вядзі, — пагадзіўся Джоўд. — Мы пойдзем з табой. Ніколі і ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь.

М'юлі выйшаў у поле, Джоўд з Кейсі пайшлі следам. Ступалі проста па кустах бавоўніку.

— Табе яшчэ шмат ад чаго і ад каго давядзецца хавацца, — сказаў М'юлі. Яны ішлі адзін за адным цераз грады. Неўзабаве апынуліся перад глыбокай прамыінай і саслізнулі на падэшвах на самае дно.

— Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу! — усклікнуў Джоўд. — Пячора ў адхоне?

— Правільна. А як ты здагадаўся?

— Сам яе капаў, — адказаў Джоўд. — Разам з братам Ноем. Усім гаварылі, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалі пячоры, як усе малыя. — Берагі былі цяпер вышэй іх галоў. — Недзе тут, ужо блізка. Помніцца, павінна быць ужо зусім блізка.

М'юлі сказаў:

— Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлі. — Дно яра выраўнялася, ногі цяпер ступалі па пяску.

Джоўд сеў на чысты пясок.

— У пячору я спаць не пайду, — сказаў ён. — Лягу вось тут. — Ён згарнуў пінжак і падклаў пад галаву.

М'юлі рассунуў рукамі сухое галлё і запоўз у пячору.

— А мне добра тут! — крыкнуў ён адтуль. — Прынамсі, адчуваеш сябе ў бяспецы.

Джым Кейсі сеў на пясок каля Джоўда.

— Паспі крыху, — сказаў яму Джоўд. — Як толькі развіднее, рушым да дзядзькі Джона.

— Я спаць не буду, — адказаў прапаведнік. — Ёсць над чым галаву паламаць. — Ён сагнуў ногі ў каленях, абняў іх рукамі, падняў вочы ў неба і ўтаропіўся на яркія зоры. Джоўд пазяхнуў і закінуў руку за галаву. Абодва маўчалі, і мала-памалу зноў ажыло мітуслівае жыццё зямлі — норак, падземных хадоў і хмызу: зашнарылі суслікі, асцярожна падкрадаліся да зялёнага лісця трусы, снавалі мышы паміж камякамі зямлі, а крылатыя драпежнікі бязгучна ляталі ў небе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: