Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Том пакруціў галавой:

— Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа… — ён глянуў на двор, на залітую гарачымі сонечнымі промнямі зямлю.

— Што — «можа»?

— Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знік? Дзе прапаведнік?

Маці пайшла з кухні, несучы ў абярэмку памытую бялізну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсці.

— Прапаведнік сказаў, пахадзіць хоча. А дзед спіць у пакоі. Ён іншы раз сярод дня заходзіць у дом крышачку паляжаць. — Маці выйшла на двор і стала накідваць на дрот выцвілыя сінія камбінезоны і доўгія шэрыя споднікі і кашулі.

Том пачуў у сябе за спінай шаркатлівыя крокі і азірнуўся. Са спальні выходзіў дзед і, як і раніцай, вазіўся з гузікамі на штанах.

— Чую, тут гамоняць, — сказаў ён. — Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. — Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.

Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.

— Думала, ты спіш, — сказала яна. — Дай зашпілю. — І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. — А то ходзіш — адна любата! — сказала яна і адпусціла старога.

Ён злосна замармытаў:

— Дажыў-ткі, дажыў чалавек — ужо зашпільваюць яго. Дайце мне самому зашпільваць свае штаны.

Маці жартаўліва сказала:

— У Каліфорніі не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.

— Не дадуць? Ха! Дык я ім пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу — з голым перадам расхаджваць буду, калі ўжо на тое пайшло.

Маці сказала:

— Такі вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш і горш. Перад табой, відаць, казырыцца, Том.

Стары выпнуў шчаціністы падбародак і ўставіў на дачку хітрыя, калючыя, гарэзлівыя вочкі.

— Так, сэр, — сказаў ён, — хутка ўжо ў дарогу рушым. І, далібог, праўда, вінаград там проста гронкамі вісіць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз і сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, і няхай сок пацячэ па калашынах.

Том засмяяўся:

— Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?

Стары падцягнуў да сябе скрынку і цяжка апусціўся на яе.

— Так, сэр, — сказаў ён. — Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго ні гуку. Прайдзісвет быў, сукін кот. Ніхто яго не любіў. Уцёк з маім адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з ім або з яго дзецьмі, калі ён імі абзавёўся ў Каліфорніі, і запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калі дзеці ў яго і былі, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён іх падкінуў, так у чужых і жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Каліфорнію. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду — адразу на збор фруктаў.

Маці кіўнула галавой:

— Дзед гэтак і зробіць. Ён толькі апошнія тры месяцы не працуе — з таго дня, як бядро сабе скруціў.

— Святая праўда, — пацвердзіў дзед.

Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.

— Вунь і прапаведнік ідзе, аднекуль з-за свірна.

Маці сказала:

— Ніколі не чула такой незвычайнай малітвы, як сёння раніцай. Гэта ж не малітва была. Проста гаварыў, але гучала, як малітва.

— Нейкі ён дзівакаваты. І гаворыць дзіўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць і набіць сабе цану.

— А ты глянь на яго вочы, — сказала маці. — Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзіць, апусціўшы галаву, і ўсё пад ногі сабе пазірае. На ім нябеснае бласлаўленне. — Яна змоўкла, бо Кейсі падыходзіў ужо да дзвярэй.

— Сонечны ўдар схопіш — расхаджваеш па такой спёцы, — сказаў яму Том.

Кейсі адказаў:

— Ага… усё можа быць… — І раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсіх разам, — да маці, да дзеда, да Тома. — Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? — Ён сам здзівіўся з сваіх слоў і застыў на месцы перад імі.

Маці пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павінен быў ён — мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, маці нарэшце сказала:

— Нам гэта вялікі гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нічога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць і вырашаць, калі ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца — і Джон, і бацька, і Ной, і Том, і дзед, і Эл з Коні. Усё і вырашаць, як толькі ўсе вернуцца. Калі месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялікі гонар.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: