Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Вячэрні прыцемак рабіўся ўсё мякчэйшым, і нейкі час члены сям'і — тыя, што сядзелі, і тыя, што стаялі, — маўчалі. Нарэшце бацька, звяртаючыся не да каго-небудзь аднаго, а да ўсіх разам, пачаў сваю справаздачу:

— Абадралі нас як ліпку. Шэльма той ведаў, што чакаць нам часу няма. Выручылі ўсяго васемнаццаць даляраў.

Маці неспакойна калыхнулася, але змоўчала.

Старэйшы сын, Ной, сказаў:

— Колькі ж усяго ў нас грошай?

Бацька пачаў выводзіць лічбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў:

— Сто пяцьдзесят чатыры. Але Эл вось кажа, што трэба пакрышкі змяніць. Гэтыя, кажа, доўга не паслужаць.

Эл першы раз у жыцці прымаў удзел у сямейнай радзе. Раней ён заўсёды стаяў за спінамі жанчын. Даклад яго гучаў салідна:

— Машына старая, барахляная. Я ўсю яе агледзеў, перш чым купіць. Гаспадар мне зубы загаворваў, усё хваліў яе, але я яго не слухаў. Запусціў палец у дыферэнцыял — пілавіння няма. Адкрыў каробку перадач — таксама няма. Праверыў счапленне, пракруціў колы — ці ёсць васьмёрка. Падлез пад кузаў — рама не скошаная. Відаць, ніколі не выгіналася. Заўважыў: адзін акумулятар з трэшчынай, сказаў замяніць. Пакрышкі ні к чорту не вартыя, затое размер распаўсюджаны — такія заўсёды дастанеш. Ход не вельмі рэзвы, затое масла не працякае. Чаму я сказаў купляць? Таму што мадэль самая хадавая. Гэтых «гудзонаў супершэсць» на аўтамабільных звалках хоць гаць гаці, і запасныя часткі танна прадаюцца. Можна было б выбраць за тыя грошы і большую машыну, і прыгажэйшую, але часткі да іх цяжэй знайсці, ды просяць за іх дорага. Вось як я тады разважаў. — Апошняя фраза азначала, што ён аддае сябе на суд сям'і. Ён змоўк, чакаючы, што скажуць.

Дзед усё яшчэ быў намінальным галавой сям'і, але ўлады ўжо не меў. Становішча, якое ён займаў, было ганаровым, асвячоным звычаем. Аднак права на першае слова, незалежна ад таго, якое глупства ён можа сказаць, у яго засталося. І мужчыны, што сядзелі на кукішках, і жанчыны, што стаялі ззаду, чакалі яго слова.

— Усё правільна, — сказаў ён. — Я быў такі ж шчанюк, як ты, бегаў, задраўшы хвост, але ад справы ніколі не адвільваў. Ты робішся дарослым. — Заключныя словы прагучалі як блаславенне, і Эл паружавеў ад задавальнення.

Бацька сказаў:

— Гучыць пераканаўча. Каб гэта быў конь, мы б не звальвалі віну на Эла. Але ж сярод нас толькі адзін ён аўтамабіліст.

Том сказаў:

— Я крыху разбіраюся. Вадзіў грузавік у Макалестары. Эл правільна зрабіў. Усё як трэба. — Цяпер ужо Эл зусім расчырванеўся ад пахвалы. Том гаварыў далей: — І вось што я хацеў яшчэ сказаць… ну, прапаведнік… ён просіцца з намі. — Том змоўк. Яго словы дайшлі да людзей, што сядзелі і стаялі, але яны сустрэлі іх маўчаннем. — Ён чалавек добры, — дадаў Том. — Мы даўно яго ведаем. Іншы раз загаворваецца, але словы яго разумныя. — І ён пакінуў гэтае пытанне на вырашэнне сям'і.

Святло паступова ўбывала. Маці адышла ад групы і зайшла ў дом, з якога неўзабаве пачулася, як бразнулі дзверцы пліты. Праз момант яна вярнулася да рады, паглыбленай у роздум.

— Тут усяляк можна вырашыць, — сказаў дзед. — Некаторыя думаюць, што прапаведнікі могуць наклікаць бяду.

Том сказаў:

— Ён кажа, што ўжо больш не прапаведуе.

Дзед памахаў рукой:

— Хто ўжо быў прапаведнікам, той прапаведнікам і застанецца. Ад гэтага нічым не адгародзішся. Некаторыя лічаць за гонар трымаць сабе прапаведніка. Калі хто памрэ, прапаведнік пахавае. Вяселле, своечасовае ці запозненае, — прапаведнік тут як тут. Дзіця народзіцца — хрысціцель у вас пад дахам. Я заўсёды казаў: прапаведнікі ёсць розныя. Да іх з разборам падыходзіць трэба. Гэты мне даспадобы. Ён без гонару.

Бацька ўваткнуў пруток у пыл і, пакручваючы яго між пальцаў, вырыў у пыле ямку.

— Тут не ў тым справа, добры ён ці дрэнны, а прынясе ўдачу ці няшчасце, — сказаў ён. — Трэба ўсё добра разлічыць. Радасці мала. Зараз паглядзім. Дзед з бабкай — двое. Я, Джон і маці — пяцёра. Ной, Том і Эл — восем. Разашарна з Коні — дзесяць. Руці з Уінфілдам — дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як іх тут пакінеш? Сабакі добрыя, прыстрэліць рука не паднімецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.

— Гэта не лічачы курэй, якія яшчэ засталіся, і дзвюх свіней, — уставіў Ной.

— Свіней засолім на дарогу, — сказаў бацька. — Без мяса не паедзеш. Павязём саланіну ў бачурках. Вось і не ведаю, куды ж мы ўсіх пасадзім, а тут яшчэ прапаведнік. І ці зможам мы пракарміць лішні рот. — Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: — Як ты думаеш, маці?

Тая адкашлялася і цвёрда сказала:

— Хіба справа ў тым — ці зможам? Вось ці захочам? Змагчы мы нічога не зможам — да Каліфорніі нават не даедзем ці куды. А калі добра захочам, дык так і зробім. І калі ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'і даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлітаў адмаўляўся накарміць, прытуліць ці падвезці чалавека, калі ён просіць. Сярод Джоўдаў пападаліся жмінды, але такіх яшчэ ніколі не было.

Бацька перабіў:

— А калі месца няма? — Выкруціўшы шыю, ён глянуў на яе, і яму зрабілася сорамна. Яму стала сорамна ад яе слоў. — Ну праўда ж, а калі месца не хопіць у грузавіку, што тады?

— Месца і так не хапае, — адрэзала маці. — Месца ёсць толькі шасцярым, а нас дванаццаць. Адным больш ці менш — невялікая розніца. Моцны, здаровы мужчына ніколі не будзе абузай. І другі раз, калі так здарыцца, што ў нас будуць дзве свінні і больш за сто даляраў грошай і мы задумаемся, ці зможам пракарміць чалавека… — Яна не дагаварыла, і бацька адвярнуўся ад яе, пакрыўджаны такой праборкай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: