Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Выйдзем на паветра, — сказала Сэйры.

— Ага, я ўсё, што трэба, зрабіла.

Сэйры задзьмула свечку, і жанчыны выйшлі з палаткі.

На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнішча. Том убіў у зямлю калкі, падвесіў на дроце два кацялкі, і вада цяпер у іх бурна кіпела, з-пад накрывак выбівалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што маці выйшла з палаткі, яна паднялася і падышла да яе.

— Ма, — сказала яна, — хачу ў цябе пра нешта спытацца.

— Зноў спалохалася? — запыталася маці. — Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.

— А дзіцяці не пашкодзіць?

Маці адказала:

— Ёсць такая прымаўка: «Дзіця, што ў смутку родзіцца, у жыцці са шчасцем водзіцца». Здаецца, так, місіс Уілсан?

— Чула такую, — адказала Сэйры. — А яшчэ я ведаю і другую: «У залішняй радасці радзіцца, увесь свой век смуціцца».

— У мяне ўсё ўсярэдзіне падскочыла ад страху, — сказала Ружа Сарона.

— Ад весялосці ў нас нічога не скача, — прамовіла маці. — Ты лепш глядзі кацялкі.

Мужчыны сабраліся на краі светлага круга ад вогнішча. З прылад у іх была рыдлёўка і матыка. Бацька адмераў месца для магілы — восем футаў у даўжыню і тры футы ў шырыню. Працавалі па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкідаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Коні. Работа ішла без перапынку, і магіла рабілася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:

— На якую глыбіню капаць, та?

— Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзі напішы тую запіску.

Том вылез, і яго месца заняў Ной. Том падышоў да маці, якая падтрымлівала агонь.

— У нас, ма, ёсць папера і пяро?

Маці пакруціла галавой:

— Н-не. Што іншае, а гэтага з сабой не ўзялі. — Яна глянула на Сэйры, і маленькая жанчына паспешліва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бібліяй у руках і напалову спісаным алоўкам.

— Вось, — сказала яна. — Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напішы на ёй і вырві. — Сэйры падала Біблію і аловак Тому.

Том сеў каля вогнішча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы і нарэшце няспешна вывеў буйнымі выразнымі літарамі на чыстай частцы старонкі: «Тут спачывае Ўільям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусім старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго ніхто не забіваў. З ім здарыўся ўдар, і ён памёр». — Том адняў аловак ад паперы. — Паслухай, ма, — сказаў Том і паволі прачытаў услых напісанае.

— Што ж, гучыць нядрэнна, — ухваліла маці. — А ты яшчэ што-небудзь і набожнае падабраў бы з Пісання. Пагартай Біблію, пашукай якое выслоўе.

— Трэба, каб карацей, — сказаў Том. — А то месца амаль не засталося.

Сэйры сказала:

— А што, калі напісаць: «Супакой, госпадзі, душу яго»?

— Не, — запярэчыў Том. — Атрымліваецца, быццам ён вісельнік. Я спішу што-небудзь адсюль. — Ён гартаў старонкі Бібліі і чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамі. — Ну вось, і добра, і коратка, — сказаў ён уголас. — «І Лот сказаў ім: не, Уладыка».

— Ніякага сэнсу, — сказала маці. — Калі ўжо пісаць, дык каб хоць сэнс які быў.

Сэйры параіла:

— Пагартай далей, там, дзе псалмы. З іх заўсёды ёсць што выбраць.

Том хутка перагортваў старонкі і прабягаў вачамі вершы.

— Ёсць! — нарэшце сказаў ён. — І прыгожа, і так і дыхае набожнасцю: «Шчаслівы той, каму адпушчаны беззаконні і чые грахі выкупленыя». Ну як?

— Сама раз, — сказала маці. — Спішы.

Том старанна перапісаў радок на паперу. Маці спаласнула і выцерла фруктовы слоік. Том шчыльна закруціў крышку.

— Можа, лепш было прапаведніку пісаць, — сказаў ён.

— Не, прапаведнік нам не сваяк, — сказала маці, узяла ў яго слоік і пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькі шпілек з шарсцяной коўдры, усунула слоік пад халодныя тонкія рукі і зноў зашпіліла. Тады вярнулася да вогнішча.

Мужчыны адышлі ад ямы, твары ў іх блішчалі ад поту.

— Гатова, — сказаў бацька і разам з дзядзькам Джонам, Ноем і Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслі адтуль доўгі, зашпілены з усіх бакоў скрутак і панеслі да магілы. Бацька скочыў уніз, пераняў цела і асцярожна апусціў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: