Стейнбек Джон Эрнст
Шрифт:
А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлі.
Раздзел пятнаццаты
Уздоўж шашы № 66 стаяць прыдарожныя бары: «Дом Эла і Сузі», «Снеданне ў Карла», «Джо і Міні», «Закусачная Ўіла». Халупкі з лямцавай пракладкай між дошак. Дзве бензінавыя калонкі каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокія табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло відаць, якое багацце ў пяціцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з імі патэфон, які іграе за пяціцэнтавік, і наваленыя горкай, як бліны, пласцінкі, гатовыя ў любы момант слізгануць на дыск, і тады загучыць танцавальная музыка — факстроты «Ці-пі-ці-пі-цін», «Дзякуй за памяць», шлягеры Бінга Кросбі, джаз Бені Гудмэна. На адным канцы стойкі пад шкляным каўпаком — дражэ ад кашлю, серна-кафеінавыя таблеткі пад назвай «Бяссонныя», «Не драмаць»; цукеркі, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспірын, белыя шарыкі «Брома-Сельтэр» і «Алька-Сельтэр» для шыпучкі. На сценах плакаты: купальшчыцы — пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзінкі з васковымі тварамі, у белых купальніках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усміхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальніцы, перачніцы, гарчычніцы і папяровыя сурвэткі. За стойкай піўныя краны, а каля самай сцяны бліскучыя, ахутаныя парай кававаркі з зашклёнымі акенцамі, якія паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымі накрыўкамі, апельсіны пірамідамі па чатыры штукі. Невысокія слупкі кардонак з крэкерамі і кукурузнымі шматкамі — раскладзены ўзорам.
Надпісы на картках меню з вялікімі бліскучымі літарамі са слюды: «Такія пірагі пякла твая мама». «Крэдыт вядзе да сваркі, лепш застанемся сябрамі». «Дамам можна курыць, толькі акуркі глядзіце, куды кладзяце». «Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку».
На другім канцы стойкі — сталовы посуд, бляхі з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавічынай, шэрай бужанінай — засталося толькі скрылікамі нарэзаць.
Міні, ці Сузі, ці Мэй старыцца за стойкай — валасы завітыя, на спацелым твары пудра і румяны. Бярэ заказы, размаўляе з кліентам ціха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўліна, голасам. Выцірае стойку анучай кругамі, начышчае вялікія бліскучыя кававаркі. Повару — Джо, ці Карлу, ці Элу — горача ў белым кіцелі і фартуху: на белым ілбе пад белым каўпаком пацеркі поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнікаў. Націрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Ціха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працірае джутавай анучкай. Пануры, маўклівы.
Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнікамі, усміхаецца ім, а сама ледзь стрымлівае раздражненне; усміхаецца, а вочы глядзяць міма, калі госць не вадзіцель грузавіка. Шафёры — касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там кліенты. Іх не абдурыш, яны разбіраюцца, што да чаго. Шафёры — гэта заказы. Яшчэ ого як разбіраюцца! Паспрабуйце падаць ім спітую каву, і больш нагі іхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзіцеляў грузавікоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патыліцы валасы, і ўслед за рукамі крыху падымаюцца пад сукенкай угору і грудзі; ветла вітае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досціпы. Эл ніколі ні з кім з наведнікаў не загаворвае. Не кантактуе з імі. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллівыя ноткі ў яе голасе, і зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля пліты. Ён прыціскае лапаткай катлету, яна шыпіць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльні колцы цыбулі, кладзе на фарш, прыціскае лапаткай, накрывае паловай булачкі, другую палову змазвае растопленым маслам і вострай прыправай. Прытрымліваючы пакладзеную на катлету паўбулачкі, падчэплівае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай і скідае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка і дзве чорныя масліны. Пускае талерку па стойцы, як кідальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню і панура пазірае на жароўню з тушаным мясам.
Легкавыя машыны імкліва праносяцца па шашы № 66. Нумарныя знакі з Масачусетса, з Тэнесі, Род-Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кіруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць — шэсцьдзесят пяць міль у гадзіну.
Вунь «корд» ідзе. Труна на колах.
Але ж, глянь, які ход! Бачыш «ласаль»? Мне б такую. Я не з ганарлівых. Узяў бы і «ласаль».
Калі ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не «кадзілак»? Ён трохі большы і хутчэйшы.
А сабе я выбраў бы «зефір». Не такі ўжо і шык, затое клас, хуткасць! Мне дай «зефір».
І ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькі я стаю за «б'юік-п'юік». Даволі добрая машына.
Дык яна ж, халера, цаной, як «зефір», а цягне слабавата.
Ну і няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нічога не трэба. Не люблю я Форда. Ніколі не любіў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькі паслухаў, што ён расказваў.
І ўсё-такі «зефір» — сіла!
На шашы вялікія легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачыні дамы, вакол іх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круціцца безліч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкі з фарбамі — чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з іх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеі, пілюлі — каб добра працаваў страўнік. Сумка з бутэлечкамі, спрынцоўкамі, таблеткамі, прысыпкамі, растворамі, мазямі — каб унікнуць усякай рызыкі пры інтымных зносінах, зняць пахі, засцерагчыся ад нежаданых вынікаў. А яшчэ адзенне… Адна марока!
Маршчынкі стомы вакол вачэй, складкі раздражнення па кутках рота, грузныя грудзі ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугія жываты і клубы пад гумавымі гарсэтамі. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлі, агіда да ежы, злосць на знямогу, нянавісць да самога часу, які рэдка калі маладзіць, а старыць — заўсёды.
Побач з жанчынамі кароткія пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах і панамах — чысценькія ружовыя мужчыны з неспакойнымі, разгубленымі вачамі, поўнымі трывогі. Ім неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекі, але адчуваюць, што яна знікае з твару зямлі. На лацканах пінжакоў у іх значкі розных суполак і клубаў — тых месцаў, куды можна пайсці і ў натоўпе такіх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя — занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя і дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыі; што жыццё ў іх паўнацэннае, а не ўбогая і стомная руціна; і што блізкі ўжо той час, калі нічога ім не будзе страшна.
Гэта сямейная пара таксама едзе ў Каліфорнію; там, у холе галівудскага гатэля «Беверлі Ўілтмар» яны з зайздрасцю будуць глядзець на людзей, будуць пазіраць на горы — вы разумееце, на горы! — і на высокія дрэвы, ён з ранейшым неспакоем у вачах, а яна — з апаскай, каб сонца не апаліла скуру. Будуць пазіраць на Ціхі акіян, і стаўлю сто тысяч супраць нічога, што ён скажа: «Я думаў, ён большы». А яна будзе кідаць зайздрослівыя позіркі на круглявыя маладыя дзявочыя целы на пляжы. Яны едуць у Каліфорнію толькі дзеля таго, каб потым, вярнуўшыся дамоў, сказаць: «Такая вось і такая сядзела ў Тракадэра побач з намі, за суседнім столікам. Ну і страшыдла! Але апранаецца з густам». А ён скажа: «Я там гутарыў з саліднымі дзелавымі людзьмі. Яны лічаць, што пакуль мы не збавімся ад гэтага тыпа ў Белым доме, дабра не чакай». І яшчэ: «Ад аднаго дасведчанага чалавека я чуў, што ў яе сіфіліс. Яна здымалася ў фільмах братоў Уорнераў. Кажуць, спала з кім папала, абы ролю атрымаць. Што ж, знайшла, чаго шукала». Але ўстрывожаныя вочы ўсё роўна не ведаюць спакою, надзьмутыя губы не ведаюць радасці. Вялікая легкавая машына імчыцца з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну.
Я выпіла б чаго-небудзь халодненькага.
Вунь наперадзе нешта віднеецца. Спыніцца?
Думаеш, у іх чыста?
Не брудней, чым дзе ў іншым месцы ў гэтым богам забытым краі.
Ну, бутэльку содавай, я думаю, можна.
Вялікая машына скрыгоча тармазамі і спыняецца. Неспакойны таўстун дапамагае жонцы вылезці з кабіны.
Калі яны ўваходзяць, Мэй глядзіць спярша на іх, потым паўз іх. Эл на імгненне адрывае вочы ад пліты. Мэй ведае, што будзе далей. Яны вып'юць бутэльку содавай за пяць цэнтаў і бурчліва паскардзяцца, што вада цеплаватая. Жанчына скамечыць шэсць папяровых сурвэтак і кіне на падлогу. Мужчына папярхнецца і зваліць віну на Мэй. Жанчына пачне прынюхвацца, быццам пачула пах тухлага мяса, а пасля яны пойдуць і да канца сваіх дзён будуць усім гаварыць, што народ на Захадзе няветлы. А Мэй, зноў застаўшыся адна з Элам, падбярэ ім адпаведнае слоўца — абзаве іх задрыпамі.