Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Містэр Уілсан, машына ваша. Вы нічога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?

— Не маю нічога, — адказаў Уілсан. — Вы ўжо зрабілі нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.

— Калі мы вас і не так хутка дагонім, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроіцца і грошай крыху ў кішэню пакласці, — сказаў Том. — А што будзе, калі ўсе мы тут засядзем? Вады паблізу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцім, усе вы даедзеце і на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, які сабе купіце. Кейсі, ты як? Застаешся са мной, паможаш?

— Як вам, людзі, лепш, так я і зраблю, — адказаў Кейсі. — Вы мяне пасадзілі ў машыну, везлі. Я што заўгодна зраблю.

— Глядзі, застанешся — будзеш валяцца на спіне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, — папярэдзіў Том.

— Не страшна.

Бацька сказаў:

— Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню міль выціснуць.

Маці ступіла крок і стала перад ім:

— Я не еду.

— Як гэта — не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе і трэба ехаць. Уся сям'я на табе. — Бацька не чакаў такога бунту.

Маці падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднім сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата і лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.

— Я не еду, — паўтарыла яна.

— Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.

Губы ў маці моцна сцяліся, і яна спакойна сказала:

— Мяне толькі сілай адсюль павязеш. — Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем. — Глядзі, бацька, сораму не абярэшся. Біць сябе я не дазволю, плакаць і літасці прасіць не буду. Я табе так засвячу! Ці ты справішся са мной? А калі наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся — павернешся да мяне спінай ці на кукішкі дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.

Бацька бездапаможна абвёў вачамі прысутных.

— Во расхрабрылася! — сказаў ён. — Ніколі яе такой яшчэ не бачыў.

Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў маці.

— Давай падыходзь! — сказала маці. — Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бі. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькі я не паеду, а калі сілай пацягнеш, дык ты ніколі ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярпліва чакаць, доўга чакаць, і як толькі сон стуліць табе павекі, я паленам — трах!

— Гэта ж трэба, якая баявая, — прабурчаў бацька. — Здаецца, і не маладая ўжо.

Астатнія моўчкі сачылі за гэтым бунтам. Пазіралі на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылі за яго рукамі, якія раптоўна маглі сціснуцца ў кулакі. Але бацька не даў волі гневу, рукі яго спакойна віселі па баках. І неўзабаве ўсе зразумелі, што маці перамагла. І сама яна зразумела гэта.

Том сказаў:

— Якая цябе, ма, муха ўкусіла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?

Твар у маці крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:

— Вы вырашылі, а як след не падумалі. Што ў нас на свеце засталося? Нічога, толькі мы самі. Толькі сям'я і засталася, больш нічога. Ледзь з месца зрушылі, і дзед лёг у зямлю. А цяпер вось вы самі сям'ю разбіваеце.

Том усклікнуў:

— Мы ж вас дагонім, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.

Маці павяла рычагом ад дамкрата.

— Дапусцім, мы зробім прывал, а вы міма праедзеце, што тады? Дапусцім, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакінуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць? — Памаўчаўшы, маці дадала: — Горкая нас чакае дарога. Бабка зусім хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавіку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сілы яе пакідаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.

Умяшаўся дзядзька Джон:

— Але ж там можна грошай зарабіць. Паспелі б крыху нават і сабраць, пакуль астатнія пад'едуць.

Позіркі ўсіх зноў скіраваліся на маці. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.

— Адны тыя грошы, што мы заробім, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калі ваўкі нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, ціснуцца адна да адной. Мне нічога не страшна, пакуль мы ўсе разам, — усе, хто жывы яшчэ, і разбіваць сям'ю я не дазволю. З намі Ўілсан, з намі прапаведнік. Калі яны захочуць ехаць, што я ім скажу? Але калі дзеці мае пачнуць адбівацца ад сям'і, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезіну. — У голасе яе гучалі жорсткасць і рашучасць.

Том супакойліва сказаў:

— Тут нам, ма, усім нельга заставацца. Вады няма. І нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цяні пакласці.

— Ну што ж, добра, — сказала маці, — паедзем далей. Спынімся там, дзе будзе цень і вада. Грузавік вернецца і павязе цябе ў горад. Купіш там тое, што трэба, і на грузавіку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. І наогул аднаго цябе я не адпушчу — раптам арыштуюць, а заступіцца не будзе каму.

Том падціснуў губы і гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамі і ляпнуў сябе па бёдрах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: