Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Ной ляніва прамовіў:

— Застацца б тут назусім. Ляжаць вось так вечна і не ведаць ні голаду, ні бяды ніякай. Увесь свой век так праляжаць і песціцца, як свіння ў гразі.

А Том, пазіраючы на зубчастыя вяршыні за ракой і на вострыя пікі ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:

— Такіх стромых гор я зроду не бачыў. Гіблы край. Усё роўна як косці шкілета. Ці даедзем мы калі-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем і скаламі? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды ні глянь домікі, як ма кажа, беленькія. Ма спіць і бачыць такі беленькі домік. А я ўжо і не веру, што ёсць такі край. Хіба толькі на малюнках.

Бацька сказаў:

— Пачакай, вось прыедзем у Каліфорнію, тады і ўбачыш прыгажосць.

— Ты што, та? Мы ж ужо ў Каліфорніі!

З вербняку выйшлі двое ў джынсах і сініх прапацелых кашулях і спыніліся, пазіраючы на голых людзей у вадзе.

Старэйшы запытаўся:

— Паплаваць тут можна?

— Хто яго ведае, — адказаў Том. — Мы яшчэ не спрабавалі. А пасядзець у вадзе прыемна.

— І нам дазволіце?

— Рэчка не наша. Але так і быць, мы ўступім вам кавалачак.

Прышлыя знялі штаны, сцягнулі з плячэй кашулі і ўвайшлі ў ваду. Ногі ў іх да калень былі ў пыле, ступні бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусціліся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямі бакі. Гэта былі бацька і сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалі і стагналі, плёскаючыся ў вадзе.

Бацька Джоўд далікатна пацікавіўся:

— На Захад кіруеце?

— Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабіць.

— А дом ваш дзе? — запытаўся Том.

— Пэнхендл у Тэхаскім выступе, непадалёк ад Пампы.

Запытаўся бацька:

— А дома што, пражыць можна?

— Дзе там! Толькі калі ўжо з голаду паміраць, дык хоць сярод сваіх. А галадаць і адчуваць нянавісць да сябе мы не хочам.

Бацька сказаў:

— Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавідзяць?

— Хто іх ведае, — адказаў чалавек, зачарпнуў далонямі ваду і пачаў мыць галаву і твар, крэхчучы і пырхаючы. З валасоў палілася на шыю брудная вада.

— А ўсё ж цікава было б паслухаць, — сказаў бацька.

— Нам таксама, — далучыўся Том. — Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавісць адчуваюць да нас?

Мужчына пільна паглядзеў на Тома.

— Вы на Захад едзеце?

— Туды.

— Ніколі яшчэ ў Каліфорніі не былі?

— Не, не даводзілася.

— Дык што ж вам маё слова. Едзьце і самі ўбачыце.

— То так, — сказаў Том, — але ўсё ж такі хацелася б ведаць, на што едзем.

— Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу — я і сам распытваў людзей і нямала разважаў. Краіна цудоўная. Толькі яе даўно ўжо ўсю раскралі. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфілд, і вакол яго такая мясцовасць прыгожая — вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вінаграднікі. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей — мясціны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў — і ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты ні кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі. Не захочуць яе апрацоўваць, так і застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей які ўчастачак кукурузай — у турму запратораць!

— Зямля добрая, кажаш? І нічога на ёй не сеюць?

— Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаіць. Людзі глядзяць там такімі вачамі — зірнуць на цябе, а ў саміх на тварах нібы напісана: «Бачыць цябе не магу, сукін ты сын!» А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя — яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробіш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары відаць, як ён цябе ненавідзіць. І вось што я вам скажу: нянавісць у іх ад страху. Бо ведаюць: калі ў галоднага няма чаго есці, ён і на зладзейства пайсці можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой — каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас ніхто яшчэ не абзываў «Окі»?

Том запытаўся:

— Окі? А што гэта значыць?

— Раней азначала аклахомца. А цяпер — проста «сволач». Окі — гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нічога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хіба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такіх, як мы, туды трыста тысяч наехала… жывуць, як быдла, бо ў Каліфорніі ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. І нічога не засталося. А людзі, якія ўсім гэтым валодаюць, так учапіліся за сваё дабро, што забіць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх іх разбірае, таму і кіпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самім усё пачуць. Надзіва прыгожы край, а людзі нядобрыя, зласлівыя. І так ужо ім страшна, што нават адзін аднаго гатовыя з'есці.

Том глядзеў у ваду і разграбаў пяткамі пясок.

— Ну, а калі знойдзеш працу і збярэш крыху грошай, можна ўсё-такі невялікі ўчастак купіць?

Мужчына засмяяўся і глянуў на сына, і твар маўклівага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

— Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабіць сабе на абед. І працаваць будзеце з людзьмі, якія на вас коса глядзяць. А бавоўну збіраць будзеце, вам здасца, што вагі няправільныя. Вагі бываюць і правільныя і няправільныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскія, а як праверыш? І нічога з гэтым не зробіш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: