Вход/Регистрация
Гронкі гневу
вернуться

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Бацька нерашуча запытаўся:

— Там што… там зусім нічога добрага няма?

— Чаму ж, ёсць, паглядзіш — вочы разбягаюцца, толькі вам з таго нічога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаіць апельсінавых дрэў з жоўтымі пладамі, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, і, як толькі дакранешся да апельсіна, ён цябе прыстрэліць — такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзін гаспадар, газетчык нейкі, дык у яго зямлі гэтай мільён акраў…

Кейсі стрэльнуў у яго вачамі:

— Цэлы мільён? Што ж ён робіць з мільёнам акраў?

— Хто яго ведае. Валодае імі, і ўсё. Трымае трохі жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнікі, нікога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабівальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такі, друзлы, вочкі маленькія, злосныя, а рот, як паддувала. Баіцца, каб не забілі. У самога мільён акраў зямлі, а ён смерці баіцца.

Кейсі зноў запытаўся:

— На чорта яму мільён акраў? Што ён з імі рабіць будзе?

Мужчына развёў рукамі з пабялелымі, зморшчанымі ад вады далонямі, прыкусіў ніжнюю губу і нахіліў набок галаву.

— А я ведаю? — адказаў ён. — Відаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. І на партрэце такі. З выгляду вар'ят. Вар'ят і зласлівец.

— Смерці, кажаш, баіцца? — сказаў Кейсі.

— Так ад людзей чуў.

— Баіцца, што да яго бог дабярэцца?

— Хто ведае. Баіцца, і ўсё.

— Што ж ён сабе думае? — сказаў бацька. — Не можа ж ён усё жыццё так пражыць — без ніякіх радасцей.

— А вось дзед наш нікога не баяўся, — сказаў Том. — Яму самая радасць была, калі яго вось-вось маглі ўкакошыць. Раз уначы ўдваіх з прыяцелем яны пайшлі на індзейцаў навахаў. Цудам жывымі засталіся, затое пацешыліся ўволю.

Кейсі сказаў:

— Так, відаць, заўсёды бывае. Калі чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласліўцы, адзінокія, старыя і расчараваныя баяцца смерці.

Бацька запытаўся:

— Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калі зямлі ў яго мільён акраў?

Прапаведнік усміхнуўся, але ў вачах у яго мільганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

— Калі чалавеку патрэбен мільён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой ніякія мільёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён і расчараваўся — адчувае, што няма ў яго багацця… таго багацця, што было ў місіс Уілсан, калі яна дала сваю палатку, як паміраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калі чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсім расчаруецца. — Кейсі шырока ўсміхнуўся: — Мімаволі, здаецца, як пропаведзь атрымалася.

Сонца паліла ўжо неміласэрна.

Бацька сказаў:

— Лепей зусім схавацца пад вадой. Так прыпякае — згарыш. — І ён адкінуўся назад, і лёгкая плынь абняла яго шыю. — А калі цяжкай працы не баішся, можна яе знайсці? — запытаўся ён.

Чалавек прыўзняўся ў вадзе і павярнуўся да яго тварам:

— Бачыце, містэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды і адразу знойдзеце сталую работу, і тады я акажуся брахуном. А магчыма, ніякай не знойдзеце і скажаце: ён нас папярэдзіў. Адно толькі ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. — Ён зноў апусціўся ў ваду. — А ўсяго ведаць нельга.

Бацька павярнуў галаву і глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:

— Ты ў нас гаваркі ніколі не быў, а як паехалі з дому, я ад цябе і двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?

Дзядзька Джон насупіўся:

— Анічога не думаю. Мы едзем туды, так? І ніякімі расказамі нас назад не павернеш. Прыедзем — пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падціснем. Ад размоў гэтых толку мала.

Том адкінуўся назад, набраў у рот вады, выпусціў яе фантанам і засмяяўся:

— Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далібог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?

— Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.

— Тады я пайду ў кусты і трохі пасплю. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накінуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнія пабрылі за ім.

Бацька і сын, застаўшыся ў вадзе, пазіралі ўслед Джоўдам, пакуль усе яны і прапаведнік не зніклі ў вербалоззі. Хлопчык сказаў:

— Хацеў бы я паглядзець на іх праз якія шэсць месяцаў. Ох, госпадзі!

Яго бацька працёр куткі вачэй указальным пальцам.

— Дарэмна я ім усё гэта нагаварыў, — сказаў ён. — Вось жа хочацца чалавеку паказаць, які ён разумны, другіх вучыць.

— Ну што ты, та! Яны ж самі прасілі.

— Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маіх слоў нічога не перамянілася, а ім ад іх толькі лішняе засмучэнне паперад часу.

Том увайшоў у зараснік вербалозу і лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за ім.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: