Шрифт:
Умомант твар яго пачырванеў, у вачах заблішчалі слёзы. Пітво было моцнае, як азотная кіслата, і, як глынеш, здавалася, што нехта выцяў цябе па патыліцы гумовым кіем. Праз хвіліну, аднак, пякотка ў страўніку сунялася, і свет зрабіўся весялейшы. Ён выцягнуў цыгарэту са скамечанага пачка з надпісам ЦЫГАРЭТЫ ПЕРАМОГА, але, праз неасцярожнасць, узяў яе старчма, і тытунь высыпаўся на падлогу. З наступнай цыгарэтай яму пашэнціла болей. Ён вярнуўся ў пакой і сеў за маленькі столік злева ад тэлегляда. Сеўшы, дастаў з шуфляды асадку з пяром, чарніла, чысты тоўсты том ін-кварта з мармуроваю вокладкай і чырвонаю спінкай.
Тэлегляд у пакоі быў чамусьці ўсталяваны ў нязвыклым месцы. Замест таго каб быць, як гэта здавалася б нармальным, у дальняй сцяне, адкуль ён ахапляў бы зрокам і слыхам увесь пакой, ён мясціўся ў даўжэйшай сцяне, насупраць акна. Збоку, там, дзе цяпер сядзеў Ўінстан, была неглыбокая ніша, якая, відаць, планавалася пад кніжныя паліцы. Усунуўшыся як мага далей у гэтую нішу, Ўінстан мог заставацца па-за дасягальнасцю тэлегляда. Яго можна было пачуць, але пакуль ён так сядзеў, ён быў нябачны. Гэтыя асаблівасці пакоя таксама нейкім чынам прычыніліся да нараджэння ідэі, якую ён збіраўся зараз ажыццявіць.
Але ідэя гэтая была выклікана яшчэ й існаваннем альбома, які ён дастаў з шуфляды. Гэта была надзвычай прыгожая кніга. Гладкая, ільсняная папера, трохі пажоўклая ад часу, была незвычайнае якасці, такое не выраблялі ўжо гадоў сорак. Ўінстан, аднак, меркаваў, што кніга гэтая значна старэйшая. Аднаго дня, праходзячы старым брудным кварталам (ён ужо не памятаў, дзе дакладна гэта было), ён убачыў гэтую кнігу ў вітрыне занядбанай антыкварнай крамы, і яго ахапіла неадольнае жаданне яе займець. Сябрам Партыі не дазвалялася заходзіць у простыя крамы (гэта называлася «купляць на вольным рынку»), але правіла гэтае строга не выконвалася, бо былі рэчы, як, напрыклад, матузкі да чаравікаў, лёзы, якія немагчыма было здабыць інакш. Ўінстан кінуў паспешлівы позірк у адзін і другі бок вуліцы, пасля хуценька ўвайшоў у краму і купіў гэты тоўсты альбом за два з паловай даляры. Тады ён яшчэ не ведаў, што будзе з ім рабіць. Нібы некага саромеючыся, ён схаваў яго ў партфель і прынёс дадому. Альбом, нават чысты, быў ужо сам па сабе рэччу, небяспечнай для захавання.
Пачаць дзённік — вось што ён збіраўся цяпер зрабіць. Гэта не было незаконна (нічога не было незаконна, бо ніякіх законаў ужо не існавала), але калі б пра гэта нехта даведаўся, Ўінстана, без сумнення, чакала б смерць або, прынамсі, дваццаць пяць гадоў лагера прымусовай працы. Ён уставіў сталёвае пяро ў асадку і намачыў яго языком. Пяро было старасвецкаю прыладай, ім ужо рэдка карысталіся, нават каб паставіць подпіс. Патаемна, з вялікімі цяжкасцямі ён набыў адно пяро, бо адчуваў, што гэтая цудоўная гладкая папера заслугоўвае на тое, каб на ёй пісала сапраўднае пяро, а не крэмзаў нейкі чарнакрэс. Праўда, ён ужо даўно адвык пісаць рукой; за выключэннем зусім кароткіх нататак, ён звычайна дыктаваў усё на мовапіс, але ж цяпер, вядома, пра гэта не магло быць і гаворкі. Ён абмакнуў пяро ў чарніла і на хвілінку задумаўся. Па спіне прабеглі дрыжыкі. Першая рыска на паперы была адважным учынкам. Ён вывеў маленькімі нязграбнымі літарамі:
4 красавіка 1984
Ён адхіліўся на більца крэсла. Пачуццё поўнай бяздарнасці агарнула яго. Па-першае, ён зусім не быў пэўны, што цяпер сапраўды быў 1984 год. Але мусіла быць нешта блізкае да гэтага, бо ён з пэўнасцю ведаў, што яму самому трыццаць дзевяць гадоў, а нарадзіўся ён у 1944 або 1945 годзе. І ўсё ж цяпер было немагчыма вызначыць дату з дакладнасцю да аднаго ці двух гадоў.
Дзеля каго ён піша гэты дзённік, раптам узнікла ў галаве пытанне. Дзеля будучыні, дзеля нашчадкаў. Яго думкі круціліся яшчэ нейкую хвіліну вакол гэтае няпэўнае даты на першай старонцы і раптам наткнуліся на навамоўнае слова двухдумства. І ён упершыню адчуў усю значнасць свайго намеру. Як можна зносіцца з будучыняй? Паводле яе сутнасці, гэта немагчыма. Калі б будучыня была падобная да сучаснасці, дык тады б яна не стала яго слухаць; калі ж будучыня — нешта зусім іншае, дык тады яго цяперашняе замяшанне не мае ніякага сэнсу.
Нейкі час ён сядзеў, ачмурэла ўтаропіўшы вочы ў паперу. Тэлегляд трансляваў грымлівую вайсковую музыку. Дзіўна, але Ўінстану здавалася, што ён не толькі страціў здольнасць выказвацца, але забыўся нават на тое, пра што збіраўся сказаць. Тыднямі рыхтаваўся ён да гэтага, і ніколі яму не прыходзіла ў галаву, што ў гэты момант аднае толькі адвагі будзе недастаткова. Само пісанне раней не здавалася цяжкім. Яму заставалася толькі запісаць на паперы бясконцы ўнутраны маналог, што гадамі гучаў у яго ў галаве. Але цяпер змоўк і той маналог. Да таго ж Ўінстан адчуў нясцерпны сверб у назе, але не наважыўся дакрануцца, каб не засвярбела яшчэ болей. Міналі секунды. Ён адчуваў адно некранутую бель аркуша, што ляжаў перад ім, сверб у назе, грымлівую музыку і лёгкую млявасць ад выпітага джыну.
Раптам ён спахапіўся і пачаў паспешліва пісаць, нават не ўсведамляючы дакладна, што ён піша. Яго дробны дзіцячы почырк радок за радком пакрываў аркуш. Хутка ён перастаў зважаць на пачатковыя вялікія літары, а пасля і на знакі прыпынку:
4 красавіка 1984. Учора вечар у кіно. Адны ваенныя фільмы. Адзін вельмі добры пра карабель з уцекачамі, бамбаваны недзе ў Міжземным моры. Усім вельмі спадабаліся кадры пра тоўстага мужчыну, за якім ляціць верталёт, спачатку ён валтузіцца ў вадзе. як бегемот, пасля яго відаць праз аптычны прыцэл верталёта, тады ён раптам увесь у дзірках, і мора робіцца ружовае, і ён тоне так хутка, быццам вада набралася праз дзіркі. Гледачы раўлі ад смеху, калі ён ішоў на дно. Пасля паказвалі ратавальны карабель поўны дзяцей і над ім верталёт, жанчына сярэдняга веку, напэўна жыдоўка, сядзіць з хлопчыкам гадоў трох на носе карабля. Хлопчык крычыць ад страху і хавае галаву на грудзях у жанчыны, а жанчына закрыла яго рукамі і суцяшае яго хоць яна і сама калоціцца ад страху хавала як магла быццам верыла што яе рукі могуць закрыць ад куль. тады верталёт скінуў бомбу 20 кг страшны выбух і ўвесь карабель разлятаецца як кучка запалак. тады былі яшчэ выдатныя кадры з дзіцячай рукой што ляцела ўгору ўгору ўгору ўсё вышэй і вышэй у паветра напэўна верталет з камерай у кабіне ляцеў за ёй і было шмат воплескаў з партыйных ложаў але адна жанчына ўнізе дзе сядзяць пролы ўзняла гвалт і пачала крычаць што гэткае нельга паказваць дзецям гэткае дзеці не павінны бачыць пакуль паліцыя не выкінула яе вонкі я не думаю што з ёй нешта асаблівае здарылася ніхто не зважае на тое што кажуць пролы тыповая пролаўская рэакцыя яны ніколі…
Ўінстан спыніўся, бо ў яго здранцвелі пальцы. Ён не ведаў, што прымушала яго выліваць з сябе гэты бязладны паток слоў. Але дзіўным было тое, што, пакуль ён гэта рабіў, у яго ў галаве прасвятліўся зусім іншы ўспамін, ды так выразна, што ён амаль быў здольны яго запісаць. Цяпер ён зразумеў, што якраз тое другое здарэнне было прычынай яго раптоўнага вяртання дадому і намеру пачаць пісаць дзённік сёння.
Гэта адбылося таго самага дня раніцай у Міністэрстве, калі ўвогуле можна сказаць «адбылося» пра нешта няяснае, няўлоўнае, неакрэсленае.