Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:

У тэлеглядзе прабіла чатырнаццатая гадзіна. Праз дзесяць хвілін яму трэба было выходзіць. У чатырнаццаць трыццаць ён мусіў быць на працы.

Са здзіўленнем ён адчуў, што бой гадзінніка зноў надаў яму адвагі. На гэтай зямлі ён быў самотным прывідам, што абвяшчае праўду, якую ніхто не пачуе. Але пакуль ён будзе яе абвяшчаць, нітка існавання не перарвецца. Спадчына перадаецца чалавецтву не тады, калі дамагаешся, каб цябе слухалі, а калі здолееш застацца жывы. Ён зноў вярнуўся да стала, абмакнуў пяро і напісаў:

Будучыні або мінуўшчыне, у якой запануе свабода думкі, у якой людзі будуць розніцца адзін ад аднаго і не будуць жыць самотна — таму часу, у якім будзе існаваць праўда, у якім з існага нельга будзе зрабіць няіснае, — з эпохі аднастайнасці і адчужанасці, эпохі Вялікага Брата, эпохі двухдумства — прывітанне!

«Я ўжо мёртвы», — падумаў ён. Яму здалося, што толькі цяпер, калі ён адчуў здольнасць выкладаць свае думкі, ён зрабіў вырашальны крок. Вынік кожнага дзеяння прысутнічае ўжо і ў самім дзеянні. Ён напісаў:

Думзлачынства не цягне за сабою смерць: думзлачынства само ўжо ЁСЦЬ смерць.

Аднак цяпер, калі ён прызнаў сябе за мёртвага, зрабілася вельмі важным як мага даўжэй заставацца ў жывых. Два пальцы правай рукі запэцкаліся ў чарніла. Якраз такая дробязь магла яго загубіць. Які-небудзь праніклівы фанатык у Міністэрстве (хутчэй нават жанчына — тая маленькая з пясочнымі валасамі або чарнявая з аддзела мастацкай літаратуры) мог бы зацікавіцца, чаму ён нешта пісаў пад час перапынку на абед, чаму ён ужыў для гэтага старасвецкае пяро і што ён пісаў — а пасля даў бы знак адпаведным органам. Ён пайшоў у ванны пакой і старанна адмыў плямы цёмна-рудым пясочным мылам, якое драла рукі, як наждачная папера, і таму цяпер як найлепей прыдалося.

Ён засунуў дзённік у шуфляду стала. Хаваць яго не было сэнсу, але ён мог, прынамсі, прыняць захады, каб даведацца, ці хто пад час яго адсутнасці не знайшоў яго дзённік. Закладзены між старонак волас занадта б кідаўся ў вочы. Ён падчапіў кончыкам пальца ледзь бачны белы драбочак пылу і паклаў яго на рог вокладкі — ён адразу ўпадзе, калі хто возьме альбом.

3

Ўінстан сніў маці.

Яму было гадоў дзесяць-адзінаццаць, калі яго маці знікла. Гэта была высокая, самавітая, даволі спакойная жанчына з павольнымі рухамі і цудоўнымі светлымі валасамі. Бацька прыгадваўся яму невыразна: чарнявы і худы, заўсёды ў густоўным чорным гарнітуры (асабліва добра Ўінстану запомніліся вельмі тонкія падэшвы бацькавых чаравікаў) і ў акулярах. Праўдападобна, абое сталіся ахвярамі адной з першых хваляў вялікіх чыстак 50-х гадоў.

У сне маці сядзела недзе далёка ўнізе і трымала на руках яго маленькую сястрычку. Ён помніў сястру толькі кволым, хваравітым, заўсёды маўклівым дзіцём з вялікімі ўважлівымі вачыма. Абедзве глядзелі з долу на яго. Яны былі глыбока ўнізе — на дне шахты або ў вельмі глыбокай магіле, і лапік зямлі, на якім яны сядзелі, апускаўся ўсё глыбей і глыбей. Яны былі ў каюце карабля, што ішоў на дно, і глядзелі ўгору на яго скрозь ваду, што ўсё болей і болей цямнела. У каюце яшчэ было паветра, яны яшчэ маглі бачыць яго, а ён іх, але ўвесь час яны апускаліся ўсё глыбей і глыбей у зялёныя воды, што праз нейкі момант павінны былі пахаваць іх назаўсёды. Вакол яго было святло і паветра, а яны паміралі, яны былі ўнізе, таму што ён застаўся наверсе. І ён і яны гэта ведалі, ён мог прачытаць гэтае веданне ў іх тварах. Але ні ў іх тварах, ні ў іх сэрцах не было папроку, толькі ўсведамленне таго, што яны павінны памерці, каб ён застаўся жыць, і што гэткі быў непазбежны лад рэчаў.

Ён не мог згадаць, што адбылося ў сапраўднасці, але ў сваім сне ён ведаў, што маці і сястра ахвяравалі сваім жыццём дзеля яго. Гэта быў адзін з тых сноў, якія, хоць і захоўваюць уласцівыя снам атрыбуты, з'яўляюцца працягам свядомых разумовых працэсаў і ў якіх выяўляюцца факты і думкі, што і пасля абуджэння здаюцца арыгінальнымі і каштоўнымі. Раптам Ўінстан зразумеў, што смерць маці амаль трыццаць гадоў таму несла з сабою трагізм і смутак — пачуцці, якія сёння ўжо не існавалі. Смутак, думаў ён, — гэта нешта з тых даўніх часоў, калі яшчэ існавалі чуллівасць, каханне і сяброўства і калі сямейныя дапамагалі адзін аднаму, не маючы на гэта асаблівае прычыны. Успаміны пра маці былі балючыя, бо яна памерла праз любоў да яго, калі сам ён яшчэ быў занадта малы і эгаістычны, каб адказаць на гэтую любоў. І яшчэ таму, што яна нейкім чынам — ён ужо не ведаў як — ахвяравала сабой дзеля непахіснае вернасці. Цяпер штосьці падобнае было немагчымае. Цяпер існавалі страх, нянавісць і боль, але не было годных пачуццяў, не было глыбокага і сапраўднага смутку. Здавалася, ён бачыў гэты смутак у вачах у маці і сястры, калі яны глядзелі на яго скрозь зялёную ваду, ужо далёка ўнізе, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей.

Раптам ён апынуўся на пругкім дзірване, быў летні вечар. Косыя промні сонца залацілі зямлю. Краявід гэты так часта вяртаўся да яго ў снах, што ён ужо не быў пэўны, ці не бачыў ён яго ў рэальным жыцці. Ён зваў яго Залатой Краінай. Гэта быў стары трусіны выган, сям-там паточаны кратавіннем, пасярод яго ў траве гублялася сцежачка. У здзічэлым жываплоце па той бок поля пяшчотна гайдаліся пад цёплым ветрыкам галінкі вязу, і лісце калыхалася густымі хвалямі, нібы валасы жанчыны. Недзе зусім блізка павольна цякла нябачная ручаінка, у якой пад ніцымі вербамі мітусіліся маленькія рыбкі.

Чорнавалосая дзяўчына ішла да яго праз поле. Адным рухам яна сцягнула з сябе адзенне і рашуча адкінула яго ўбок. Цела яе было белае і гладкае, аднак яно не абуджала ў ім ніякага жадання, ён нават не надта ўважліва на яго глядзеў. Ён быў зачараваны тым рухам, якім яна адкінула адзенне. Здавалася, што яе павабнасць і бестурботнасць здольныя знішчыць цэлую цывілізацыю, цэлую сістэму ідэй, быццам ад аднаго гэткага ўзмаху рукі могуць знікнуць назаўсёды і Вялікі Брат, і Партыя, і Паліцыя Думак. Гэты ўзмах рукі таксама быў са старых часоў. Ўінстан прачнуўся са словам «Шэкспір» на вуснах.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: