Вход/Регистрация
1984
вернуться

Оруэлл Джордж

Шрифт:
ВАЙНА ГЭТА МІР
СВАБОДА ГЭТА РАБСТВА
НЯВЕДАННЕ ГЭТА СІЛА

Частка другая

1

Да абеду яшчэ заставаўся час, і Ўінстан пакінуў кабінет і пайшоў у прыбіральню.

З другога канца доўгага, ярка асветленага калідора яму насустрач рухалася самотная постаць. Гэта была чорнавалосая дзяўчына. Прайшло чатыры дкі з таго вечара, калі ён напаткаў яе каля антыкварнай крамы. Калі яна падышла, ён убачыў, што правая рука ў яе на перавязі, якой здалёк не было відно, бо яна аднаго колеру з камбінезонам. Напэўна, яна зашчаміла руку, калі круціла адзін з вялікіх калейдаскопаў, у якіх рабілі накіды раманаў. Тыповае здарэнне ў аддзеле мастацкай літаратуры.

Паміж імі заставалася нейкіх чатыры метры, як раптам дзяўчына спатыкнулася і ўпала ніцма. Яна закрычала ад болю. Напэўна, яна ўпала якраз на пашкоджаную руку. Ўінстан рэзка спыніўся. Дзяўчына ўжо стаяла на каленях. Яе твар зрабіўся малочна-белы, і ад гэтага вусны пунсавелі яшчэ ярчэй, чым звычайна. Яна глядзела на Ўінстана ўмольным позіркам, у якім адчувалася болей страху, чым болю.

Ўінстана ахапіла дзіўнае пачуццё. Перад ім быў вораг, які шукаў нагоды забіць яго; перад ім была таксама чалавечая істота, якая пакутавала ад болю, бо, можа, нешта сабе зламала. Ён міжвольна кінуўся ёй дапамагаць. Калі ён убачыў, як яна ўпала на забінтаваную руку, яму здалося, што ён адчувае боль у сваім целе.

— Вы не пабіліся? — спытаўся ён.

— Нічога страшнага. Вось толькі рука. Зараз пройдзе.

Здавалася, што яе сэрца зараз выскачыць з грудзей. Ва ўсялякім разе, яна была вельмі бледная.

— Вы нічога сабе не зламалі?

— Не, усё ў парадку. Толькі хвілінку пабалела, і ўсё. Яна працягнула яму здаровую руку, і ён дапамог ёй устаць. Твар яе паружавеў, ёй зрабілася відавочна лягчэй.

— Нічога, — паўтарыла яна. — Толькі трошкі ўдарыла руку. Дзякуй, таварыш!

І яна хуценька пайшла далей, быццам і сапраўды нічога не здарылася. Увесь выпадак заняў не болей за паўхвіліны. Не выстаўляць сваіх пачуццяў напаказ стала ўжо інстынктыўнай звычкай, тым болей што яны ўвесь гэты час знаходзіліся перад самым тэлеглядам. І ўсё ж Ўінстану было вельмі цяжка прыхаваць сваё раптоўнае здзіўленне, бо за дзве ці тры секунды, пакуль ён дапамагаў дзяўчыне ўстаць, яна паспела незаўважна ўсунуць яму нешта ў руку. Безумоўна, яна зрабіла гэта наўмысна. Гэта было нешта маленькае і пляскатае. Праходзячы праз дзверы ў прыбіральню, ён схаваў прадмет у кішэню і цяпер абмацваў яго кончыкамі пальцаў. Гэта быў кавалак паперы, складзены квадрацікам.

Стоячы перад пісуарам, ён здолеў разгарнуць цыдулку ў кішэні. Вядома, там нейкае паведамленне. На нейкі момант яго ахапіла жаданне зайсці ў кабіну і там яго прачытаць. Але ён добра ведаў, што гэта было б страшэннае глупства. Тут хутчэй, чым дзе ў іншым месцы, можна было быць пэўным, што ўвесь час за табою сочаць тэлегляды.

Ён вярнуўся ў сваю нішу, сеў, нядбайна кінуў паперку на стол да кучы з іншымі, надзеў акуляры і прысунуў да сябе мовапіс. «Пяць хвілін, — сказаў ён сабе, — як найменей пяць хвілін!» Сэрца ў грудзях стукала, як молат. На шчасце, ён выконваў цяпер звычайную нудлівую працу — выпраўленне доўгага спісу лічбаў, — што не патрабавала асаблівае засяроджанасці.

Што б ні было напісана ў цыдулцы, яно мела нейкае палітычнае значэнне. Наколькі ён мог прадбачыць, існавала дзве магчымасці. Першая і найбольш верагодная: дзяўчына агент Паліцыі Думак, чаго ён і баяўся. Ён не ведаў, чаму Паліцыя Думак перадае свае пасланні менавіта такім спосабам, але, можа, на гэта меліся нейкія падставы. Тэкст цыдулкі мог быць пагрозай, выклікам, загадам аб самагубстве, а магчыма, і нейкай пасткай. Але была яшчэ адна, амаль неверагодная магчымасць, думка пра якую не давала спакою Ўінстану, хоць ён і стараўся выгнаць яе з галавы. А што, калі гэтае пасланне было не ад Паліцыі Думак, а ад нейкай падпольнай арганізацыі? Можа, тое самае Братэрства ўсё ж існуе! Можа, дзяўчына да яго належыць! Без сумнення, думка была абсурдная, але яна адразу прыйшла яму ў галаву, у той самы момант, як ён адчуў у руцэ паперку. Толькі праз некалькі хвілін яму ў галаву прыйшло іншае, больш верагоднае тлумачэнне. Нават цяпер, хоць розум і падказваў яму, што гэтае пасланне напэўна азначае для яго смерць, ён усё ж не хацеў у гэта верыць і чапляўся за неразумную надзею. Сэрца шалёна білася, і ён упарта змагаўся з трымценнем у голасе, мармычучы лічбы ў мовапіс.

Ён скруціў стос апрацаваных папер трубкай і ўсунуў іх у пнеўматычную пошту. Прайшло ўжо восем хвілін. Ён паправіў акуляры на носе, уздыхнуў і падсунуў да сябе наступны пачак паперы, на якім зверху ляжала цыдулка. Ён разгладзіў яе. На ёй вялікімі нязграбнымі літарамі было напісана:

Я цябе кахаю.

Некалькі секунд ён быў такі агаломшаны, што не здолеў адразу кінуць небяспечную паперку ў дзіру памяці. Калі ён урэшце гэта зрабіў, ён — хоць і ведаў вельмі добра, як небяспечна было выявіць залішнюю цікаўнасць, — не мог пераадолець спакусы яшчэ раз перачытаць напісанае, каб упэўніцца, што гэтыя словы сапраўды стаялі там.

Астатні да абеду час яму працавалася вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй, чым засяродзіць увагу на бясконцай нуднай працы, было схаваць ад тэлегляда сваё хваляванне. Яму здавалася, што ў жываце ў яго гарыць агонь. Абед у задушлівай, тлумнай, шумнай сталоўцы быў сапраўдным катаваннем. Ён спадзяваўся пабыць адзін пад час перапынку на абед, але, на няшчасце, побач з ім на крэсла пляснуўся бязглузды Парсанс, і рэзкі пах поту амаль перабіў металічны смурод поліўкі. Ён няспынна балбатаў пра падрыхтоўку да Тыдня Нянавісці і асабліва захапляўся двухметровай галавой Вялікага Брата з пап'е-машэ, якая была падрыхтавана для ўрачыстасцяў шпіёнскім атрадам яго дачкі. Ўінстана раздражняла, што ў такой гамане галасоў ён ледзь чуў, што кажа Парсанс, і таму быў увесь час вымушаны прасіць, каб той паўтараў тую ці іншую са сваіх нікому не патрэбных заўваг. Толькі адзін раз ён здолеў кінуць паспешлівы позірк на дзяўчыну, што сядзела ў другім канцы залы за адным столікам з дзвюма сяброўкамі.

Здаецца, яна яго не бачыла, а ён не рызыкнуў яшчэ раз глянуць у тым кірунку.

Па абедзе зрабілася трохі лягчэй. Якраз надарылася даволі складаная праца, на якую патрабавалася некалькі гадзін, пры гэтым усё астатняе трэба было адкласці ўбок. Ён павінен быў сфальшаваць справаздачы аб прамысловай прадукцыі за два гады такім чынам, каб выклікаць недавер да аднаго важнага сябры Ўнутранай Партыі, які цяпер страціў ласку. Гэта была праца, да якой Ўінстан быў асабліва здатны. І на нейкія дзве гадзіны ён здолеў цалкам выключыць дзяўчыну са сваіх думак. Тады яму зноў прыгадаўся яе твар, і разам з гэтым з'явілася шалёнае, амаль нясцерпнае жаданне пабыць аднаму. Пакуль ён не застанецца адзін, было немагчыма як след падумаць пра гэты новы паварот падзей. Сёння ў яго быў абавязковы вечар у Доме Культуры. Ён праглынуў у сталоўцы нясмачную вячэру і адтуль пайшоў адразу ў Дом Культуры. Там ён узяў удзел ва ўрачыста-бязглуздым сходзе «дыскусійнага клуба», згуляў дзве партыі ў настольны тэніс, кульнуў некалькі шклянак джыну і адседзеў паўгадзінную лекцыю на тэму «Ангсоц і шахматы». У душы ён паміраў ад нудоты, але ўпершыню за нейкі час ён не адчуваў жадання ўцячы з вечара ў Доме Культуры. Словы «Я цябе кахаю» зноў абудзілі ў ім прагу да жыцця, і яму здалося бессэнсоўным дзеля дробязяў падстаўляць сваё жыццё небяспецы. Толькі ў дваццаць тры нуль-нуль, калі ён быў ужо дома і ляжаў у ложку — у цемры, дзе можна нават не баяцца тэлегляда, калі ляжаць ціха, — ён мог нарэшце спакойна паразважаць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: