Шрифт:
— Наверсе ёсць яшчэ адзін пакой. Можа, вам было б цікава паглядзець, — сказаў ён. — У ім няшмат рэчаў. Толькі сёе-тое з мэблі. Калі пойдзем наверх, трэба захапіць святло.
Ён запаліў яшчэ адну лямпу і пайшоў, сагнуўшы спіну, наперад, наверх па стромых стаптаных сходах, пасля праз маленькі калідорчык. Яны ўвайшлі ў пакой, праз вокны якога можна было ўбачыць брукаваны дворык і цэлы лес комінаў. Ўінстан заўважыў, што мэбля стаяла так, быццам у пакоі нехта жыў. На падлозе ляжаў дыван, на сценах вісела колькі карцін, каля каміна стаяў глыбокі, неахайны фатэль. На каміннай паліцы цікаў старамодны гадзіннік са шкляным вечкам і дванаццацігадзінным цыферблатам. Пад акном стаяў, займаючы амаль чвэрць пакоя, вялізны ложак, на якім яшчэ ляжаў матрас.
— Мы жылі тут, пакуль не памерла мая жонка, — сказаў стары, быццам просячы прабачэння. — А цяпер я патроху прадаю мэблю. Гэта вось — шыкоўны ложак з чырвонага дрэва, ці, хутчэй, ён быў бы шыкоўны, калі б з яго выгналі клапоў. Але вам, напэўна, здаецца, што ён займае шмат месца.
Ён трымаў лямпу высока, каб асвятліць усё памяшканне, і ў мяккім прыглушаным святле пакой выглядаў надзіва прывабліва. У галаве ў Ўінстана прамільгнула думка, што, напэўна, было б даволі лёгка наняць гэты пакой за пару даляраў у тыдзень, калі б толькі наважыцца на такую рызыку. Гэта была немагчымая, вар'яцкая ідэя, якую адразу трэба было выкінуць з галавы; але пакой будзіў у ім нейкую настальгію, нейкую памяць продкаў. Яму здалося, што ён дакладна ведае, што адчуваеш, калі сядзіш у такім пакоі ў фатэлі каля агню, абапершы ногі на камінную кратку, а на каміне грэецца імбрык: поўная адзінота, поўны спакой, ніхто за табой не сочыць, нічый голас табе не назаляе — не чуваць нічога, акрамя спеву імбрыка і прыязнага цікання гадзінніка.
— Тут няма тэлегляда! — мімаволі прашаптаў ён.
— О, — сказаў стары. — У мяне ніколі не было такіх рэчаў. Занадта дорага. Ды я, напэўна, і не адчуваў ніколі такой патрэбы. Унь там у куце цудоўны складны столік. Трэба толькі паставіць новыя завесы, тады ён будзе добра раскладацца.
У другім куце стаяла маленькая кніжная палічка, і Ўінстана міжволі пацягнула да яе. Але на ёй не было нічога, апроч рознай нявартай драбязы. Вышукванне і знішчэнне кніг у пролаўскіх кварталах праводзілася гэтак жа грунтоўна, як і ў іншых месцах. Наўрад ці дзе ў Акіяніі захаваўся хоць адзін асобнік кнігі, выдрукаванай да 1960 года. Усё яшчэ трымаючы ў руцэ лямпу, стары стаяў перад карцінай у палісандравай раме, што вісела па другі бок ад каміна, насупраць ложка.
— Можа, вас выпадкам цікавяць старыя гравюры… — асцярожна пачаў ён.
Ўінстан падышоў бліжэй, каб лепш разгледзець карціны. Гэта была гравюра на сталі, на якой была авальная пабудова з прастакутнымі вокнамі і маленькай вежачкай пасярэдзіне. Вакол будынка ішла сталёвая агароджа, а на заднім плане стаяла нешта падобнае да статуі. Ўінстан на некалькі імгненняў затрымаў позірк на карціне. Яна чамусьці здалася яму знаёмай, хоць статую ён пазнаць не мог.
— Рама прымацаваная да сцяны, — сказаў стары. — Але я магу яе адкруціць для вас, калі дазволіце.
— Я ведаю гэты будынак, — сказаў урэшце Ўінстан. — Цяпер там руіны. Пасярод вуліцы, уздоўж Палаца Справядлівасці.
— Менавіта так. Каля Вялікага судовага двара. Будынак быў разбураны бомбай у… — а, шмат гадоў таму. Калісьці гэта была царква. Яна звалася царквой Святога Клемана, — ён вінавата ўсміхнуўся, быццам адчуваў, што кажа нешта смешнае, і дадаў: «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана…»
— Што гэта? — спытаўся Ўінстан.
— Ат… «Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана». У нас быў такі вершык, як я быў маленькім хлопчыкам. Як там далей — я ўжо не памятаю. Ведаю толькі, што канчаецца яна так:
Вось і свечка, — каб спаткі давесці,
Вось сякера — галованьку знесці.
Гэта было нешта накшталт таночка. Дзеці трымалі рукі, паднятыя ўгару, каб можна было прайсці пад імі, а калі даходзіла да:
Вось сякера — галованьку знесці, —
рукі апускаліся і некага хапалі. У вершыку былі назвы цэркваў. Там былі ўсе лонданскія цэрквы — усе самыя вядомыя.
Ўінстан падумаў, у якім стагоддзі магла быць пабудавана гэтая царква. Было заўсёды вельмі цяжка вызначыць век якога-небудзь лонданскага будынка. Усё вялікае і значнае, калі хоць трохі выглядала новым, аўтаматычна залічвалася да новабудоваў Рэвалюцыі, тым часам як усё, што відавочна адносілася да ранейшых часоў, прыпісвалася цёмнай і няяснай эпосе, што звычайна вызначалася як Сярэднявечча. Усё выстаўлялася так, быццам стагоддзі капіталізму не прынеслі нічога, што б мела хоць найменшую вартасць. Архітэктура магла паведаміць пра гісторыю гэтак жа мала, як і кнігі. Статуі, надпісы, помнікі, назвы вуліц — усё, што магло праліць святло на мінуўшчыну, сістэматычна зменьвалася.
— Я і не ведаў, што гэта была царква, — сказаў Ўінстан.
— Дык жа іх яшчэ багата засталося, — сказаў стары, — праўда, яны цяпер выкарыстоўваюцца з іншымі мэтамі. Як жа ж там было далей у тым вершыку? А, вось:
Апельсіны, лімоны, бананы — б'юць званы ў Святога Клемана,
Ты тры фартынгі даць мне павінны — б'юць званы ў Святога Марціна.
Вось усё, што памятаю. Фартынг — гэта была такая маленькая медная манетка, падобная да цэнта.
— А дзе была царква Святога Марціна? — спытаўся Ўінстан.
— Святога Марціна? Яна яшчэ стаіць. На плошчы Перамогі, насупраць карціннай галерэі. Будынак з гэткім трохкутным порцікам, спераду — калоны і вялікія шырокія сходы.
Ўінстан добра ведаў гэты будынак. Гэта быў музей, дзе выстаўляліся разнастайныя прапагандысцкія матэрыялы: паменшаныя мадэлі ракетных бомбаў, Плывучых Крэпасцяў, васковых копій зверстваў ворагаў і гэтак далей.
— Яе звычайна называлі царквой Святога Марціна ў палях, — дадаў стары, — хоць я і не памятаю пра нейкія палі на тым месцы.