Шрифт:
— Па праўдзе кажучы, гэта нічога б не змяніла, — сказаў ён.
— Дык чаму ж ты шкадуеш?
— Таму што я прыхільнік пазітыўных рашэнняў, вось і ўсё. У гульні, у якую мы гуляем, мы не можам выйграць. Ёсць толькі паражэнні, менш балючыя за іншыя паражэнні, і болей нічога.
Ён адчуў, як плячо Джуліі варухнулася на знак пярэчання. Яна заўсёды пярэчыла яму, калі ён казаў штосьці падобнае. Яна не згаджалася з тым, што існуе нейкі прыродны закон, згодна з якім паасобны чалавек заўсёды прайграе. Яна таксама неяк усведамляла, што яна асуджаная, што раней ці пазней Паліцыя Думак схопіць яе і заб'е. Але, з другога боку, яна спадзявалася, што можна пабудаваць свой патаемны сусвет, дзе можна жыць, як хочаш. На гэта былі патрэбныя толькі ўдача, хітрасць і адвага. Яна не разумела, што шчасця не існуе ўвогуле, што адзіная перамога чакае ў будучыні, ужо пасля смерці, і што з таго моманту, як ты абвясціў вайну Партыі, лепш адразу лічыць сябе мёртвым.
— Мы мёртвыя, — сказаў ён.
— Мы яшчэ не мёртвыя, — празаічна адказала Джулія.
— Не, не фізічна, вядома. Можна дапусціць, што мы пратрымаемся яшчэ шэсць месяцаў, год, пяць гадоў. Я баюся смерці. А ты маладая, ты, напэўна, баішся яшчэ болей за мяне. Вядома ж, мы будзем адсоўваць канец, колькі здолеем. Але гэта мала дапаможа. Пакуль людзі застаюцца людзьмі, паміж жыццём і смерцю розніцы няма.
— Усё гэта лухта! З кім ты хочаш спаць? Са мною ці са шкілетам? Ці ты не задаволены, што жывы? Ці табе не падабаецца адчуваць, што гэта ты, гэта твая рука, гэта твая нага, што ты сапраўдны, трывалы, жывы? А вось гэта, скажы, хіба гэта табе не падабаецца? Яна павярнулася і прытулілася. Ён адчуў праз камбінезон яе спелыя, пругкія грудзі. Здавалася, ад цела Джуліі яму перадаліся яе маладосць і сіла.
— Гэта мне падабаецца, — адказаў ён.
— Дык перастань тады гаварыць пра смерць. А цяпер слухай, каханы, нам трэба дамовіцца аб наступнай сустрэчы. Мы зноў можам прыйсці на палянку ў лесе. Ужо мінула дастаткова часу. Але гэты раз мы пойдзем туды другой дарогай. Я ўсё прадумала. Ты сядзеш на цягнік… Глядзі, я табе намалюю.
І, са сваёй заўсёднай практычнасцю, яна зграбла грудок пяску, разраўняла яго і, выцягнуўшы з галубінага гнязда галінку, пачала маляваць карту.
4
Ўінстан акінуў позіркам убогі пакойчык на другім паверсе крамы пана Чэрынгтана. Вялікі ложак каля акна быў засланы падранай коўдрай, на ім ляжала падушка без навалачкі. На каміннай палічцы цікаў старасвецкі гадзіннік з дванаццацігадзінным цыферблатам. У куце на складным століку лагодна свяцілася ў прыцемку шкляное прэс-пап'е, якое ён купіў, калі апошні раз быў тут.
На каміннай кратцы стаялі керагаз, рондаль і два кубачкі, пазычаныя ў пана Чэрынгтана. Ўінстан запаліў керагаз і пачаў гатаваць ваду. Ён прынёс з сабою пакецік кавы «Перамога» і некалькі кавалачкаў сахарыну. Стрэлкі гадзінніка паказвалі сем дваццаць. А было дзевятнаццаць дваццаць. Яна мелася прыйсці ў дзевятнаццаць трыццаць.
Вар'яцтва, вар'яцтва, гучала ў яго ў галаве. Свядомае, беспрычыннае, згубнае вар'яцтва. З усіх злачынстваў, якія мог зрабіць сябра Партыі, гэтае было найцяжэй схаваць. Па праўдзе кажучы, гэтая думка спачатку прамільгнула ў яго ў галаве, як нейкае відмо: шкляное прэс-пап'е, адлюстраванае на гладкай паверхні стала. Як ён і прадбачыў, пан Чэрынгтан без ніякіх ваганняў здаў яму пакой. Ён быў відавочна задаволены, што мог зарабіць некалькі даляраў. Пры гэтым ён не надта здзівіўся і не выказаў навязлівага разумення, калі даведаўся, што пакой быў патрэбны Ўінстану для спаткання з жанчынай. Наадварот, позірк яго зрабіўся адсутны, ён пачаў гаварыць агульнымі словамі, з такім далікатным выглядам, што, здавалася, ён зрабіўся часткова нябачны. Вельмі важна мець магчымасць адасобіцца, сказаў ён. Кожны хацеў бы мець месца, дзе можна час ад часу пабыць аднаму, пры зручнай нагодзе. І калі такое месца знойдзецца, дык найбольшай пачцівасцю з боку таго, хто пра гэта ведае, было б захоўваць маўчанне. Ён нават дадаў, ужо амаль цалкам растаўшы ў паветры і перастаўшы існаваць, што ў доме ёсць два ўваходы, другі вядзе праз задні двор у бакавы завулак.
Пад акном нехта спяваў. Ўінстан, схаваны за муслінавай фіранкай, выглянуў на вуліцу. Чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока ў небе, а ўнізе, у залітым сонечным святлом дворыку жанчына з грубымі чырвонымі рукамі, з зрэбным фартухом, падвязаным за пояс, хадзіла, кульгаючы, ад вялікай балеі да вяроўкі з бялізнай. Пачварная і магутная, як рымская калона, яна вешала на вяроўку белыя чатырохкутнікі, у якіх Ўінстан пазнаў дзіцячыя пялюшкі. Як толькі яе рот вызваляўся ад зашчапак, яна спявала магутным кантральта:
То была безнадзейная мара, Што сплыла, як вясною вада. Ды ад позіркаў тых і ад слоў дарагіх Назаўжды ў маім сэрцы нуда.Мелодыя была папулярная ў Лондане апошнімі тыднямі. Гэта была адна з шматлікіх, падобных адна да адной песенек, якія падсекцыя музычнага аддзялення выпускала для пролаў. Словы іх складалі без ніякага ўдзелу чалавека прылады, што называліся версіфікатарамі. Але жанчына спявала так мілагучна, што нават самая спрашная лухта ператваралася ў амаль што прыемную песню. Ўінстан чуў, як спявае жанчына, як стукаюць па бруку яе абцасы, як крычаць на двары дзеці і як недзе далёка, глуха гудзе транспарт. Але пакой дзякуючы адсутнасці тэлегляда здаваўся надзіва ціхім.
«Вар'яцтва! вар'яцтва! вар'яцтва!» — зноў думалася яму. Было немагчыма ўявіць сабе, што яны маглі б спакойна наведваць гэтае месца больш чым некалькі тыдняў. Але спакуса мець патаемны прытулак, які б належаў толькі ім, у памяшканні, даступны, зусім побач, была занадта вялікая для абаіх. Пасля сустрэчы на званіцы нейкі час яны не маглі сустрэцца зноў. Напярэдадні Тыдня Нянавісці працоўны дзень рэзка падоўжыўся. Тыдзень меўся пачацца болей чым праз месяц, але ён вымагаў грандыёзных і складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў, у выніку чаго ўсіх перагружалі працай. Урэшце ім абаім удалося выкраіць сабе ў адзін дзень вольны вечар. Яны дамовіліся сустрэцца зноў на лясной палянцы. За дзень перад тым яны на хвілінку спаткаліся на вуліцы. Як звычайна, Ўінстан амаль не глядзеў на Джулію, пакуль іх нёс натоўп. Але аднаго кароткага позірку хапіла, каб заўважыць, што яна была бялейшая, чым звычайна.